Лінкі ўнівэрсальнага доступу

​​​​​​​Паляваньне на «Кнігаўку». Прапагандысты вучаць журналістаў называць рэчы сваімі імёнамі


Менская крама «Кнігаўка», 17 траўня 2022 году
Менская крама «Кнігаўка», 17 траўня 2022 году

Пасьля візыту прапагандыстаў з ГУБАЗіКам на адкрыцьцё новай кнігарні «Кнігаўка» мне толькі і думалася пра беларускую журналістыку, цяпер ужо адно недзяржаўную.

А што, возьмуць і зноў напішуць пра «беларускіх прапагандыстаў» ці «Беларусь зрабіла налёт на беларускую кнігарню». Зноў пра тыя самыя граблі, пра «беларускія ўлады» ці «Беларусь бамбіць Украіну». Пра неназываньне рэчаў сваімі імёнамі.

Я зноў пра сваё. Немагчыма правільна апісаць падзеі, калі называць іх не сваімі імёнамі. Дайшло да таго, што карэляцыю поглядаў нашым журналістам праводзяць рэжымныя прапагандысты. Пятлю яны ўжо павесілі — не дапамагло. Ну што цяпер, бегаць за вамі па горадзе з акрываўленай сякерай? На плошчы вас вешаць у жывым эфіры?

Эй, журналістыка, прачніся! Рэсурс ГУБАЗіКа ўжо «за пределом», а ты ўсё пра белага бычка. Дакладней, пра чорна-белага, крывава-мірнага, аксюмароннага. Яны ўжо адкрыта выхваляюцца, што ніякія яны не беларускія, што ненавідзяць і нішчаць яны ўсё беларускае, што Расея яны, расеюшка, гэтыя «беларускія прапагандысты» і «беларускія ўлады». Ім бы Суворава сюды і язык. «Дзе ў вас наш язык? У нас два языкі! А нашага няма».

Яны ўжо і кіпяць ад гэтай самай несправядлівасьці, а ты ўсё называеш іх, як сваіх, як родных, прыродных у тваёй любімай краіне і для твайго ўлюбёнага народу.

Кіпеньне іхнае даводзіць да максымальных аналёгіяў. Пасьля забойства гаўляйтэра Кубэ ў Менску дзеля помсты расстралялі 300 грамадзян. Жыва ўяўляю сабе загалоўкі ў партызанскіх газэтах: «Беларусь расстраляла 300 грамадзян» ці «Беларускія ўлады (а яны ж тады і былі тут уладай) правялі акцыю адплаты».

Пасьля «зачысткі» ўсіх рэальна беларускіх выдавецтваў і кнігарняў заўважаю, што сытуацыя набывае асаблівыя адценьні, ужо не падобныя нават на НКВД і 1937 год, хоць расстрэлы беларускіх паэтаў яшчэ наперадзе. Стылістыка прапагандыстаў пайшла далей. Вядома, што сталіністы заўсёды зайздросьцілі гітлераўцам. І цяпер палонныя расказвалі, што ГУБАЗіК адкрыта называе сваю кантору «гестапа». З гонарам і ўзьнёсласьцю.

І тут ужо ня толькі пра «расстраляных паэтаў», якія так халерычна вяселяць рэжымнага прапагандыста, варта думаць, але і пра свайго калегу журналіста Юліюса Фучыка трэба ўспомніць, пра ягоныя словы «Людзі, будзьце пільнымі». На жаль, наша Беларусь ужо ўвайшла ў гэтую стылістычную плынь, калі, каб праўдзіва назваць тое, што адбываецца, ні агаворак, ні ўдакладненьняў, ні збліжэньняў быць ня можа.

Ёсьць толькі збліжэньне эпох і фактаў, калі кніжнік Янушкевіч пасьля налёту прапагандыстаў праводзіць ноч у турме і ніхто ня ведае, калі ён адтуль выйдзе.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG