Пра гэта паведаміў Горадзенскі эканамічны суд.
Жанчыну абвінавацілі ў тым, што яна прадала сама меней трох сабак парод чыхуахуа, ёрка і біра ёрка, ня маючы дазволу на прадпрымальніцкую дзейнасьць. На яе склалі адміністрацыйны пратакол паводле часткі 2 артыкулу 13.3 КаАП.
Паводле матэрыялаў справы, жанчына прадавала пародзістых сабак па заніжанай цане, тлумачачы гэта іхнімі дэфэктамі. Сама прадстаўлялася ня ўласьніцай жывёлаў, а валянтэркай. Аднак, паводле абвінавачаньня, менавіта яна прадавала гадаванцаў і атрымлівала грошы.
Таксама суд вырашыў канфіскаваць у яе палову атрыманага ад продажу сабак даходу — 185 рублёў.
Гэты вырак — адзін з вынікаў гучнай гісторыі з пасёлка Барацін Карэліцкага раёну, пра якую стала вядома сёлета ў лютым.
Заводчыца выкупіла ўчастак і трымала ў закінутым доме больш за 200 сабак у жахлівых умовах. Пародзістыя жывёлы жылі ў холадзе і брудзе, бязь ежы і вады. Валянтэрам далося ўратаваць частку гадаванцаў. Сабакі былі зьнясіленыя і хворыя.
Праверка па факце жорсткага стаўленьня ўласьніцы да жывёлаў яшчэ працягваецца.