Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Заплянаванае ўступленьне Фінляндыі ў NATO ў Крамлі назвалі пагрозай Расеі


Сьпікер Крамля Дзьмітрый Пяскоў падчас прэс-канферэнцыі Ўладзіміра Пуціна. Масква, 17 сьнежня 2020
Сьпікер Крамля Дзьмітрый Пяскоў падчас прэс-канферэнцыі Ўладзіміра Пуціна. Масква, 17 сьнежня 2020

Як заявіў 12 траўня прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў,  «чарговае пашырэньне NATO ня робіць наш кантынэнт больш стабільным і бясьпечным».

Прадстаўнік Крамля Дзьмітры Пяскоў лічыць, што калі Фінляндыя ўступіць у NATO, гэта стане пагрозай для Расеі.

Паводле яго, практычныя дзеяньні РФ у адказ на ўступленьне Фінляндыі ў Паўночнаатлянтычны альянс будуць залежаць ад ступені прасоўваньня вайсковай інфраструктуры блёка да межаў краіны.

Раней прэзыдэнт Фінляндыі Саўлі Нійністэ і прэм’ер-міністар краіны Санна Марын падтрымалі ўступленьне краіны ў NATO, адмаўляючыся ад дзесяцігодзьдзяў нэўтралітэту. Сумесная заява была апублікавана 12 траўня.

У тэксьце пазначана, што Паўночнаатлантычны зьвяз дапаможа ўмацаваць бясьпеку краіны. У выпадку ўхваленьня ініцыятывы парлямэнтам расейская мяжа з краінамі NATO павялічыцца на 1 325 кілямэтраў.

«Сяброўства ў NATO ўмацуе бясьпеку Фінляндыі. Як сябра NATO, Фінляндыя ўмацуе ўвесь абаронны альянс. Фінляндыя павінна неадкладна падаць заяўку на сяброўства ў NATO. Мы спадзяёмся, што крокі, яшчэ неабходныя для прыняцьця гэтага рашэньня, будуць хутка зроблены на працягу наступных некалькіх дзён», — гаворыцца ў сумеснай заяве двух лідэраў.

Прэзыдэнт Фінляндыі напярэдадні на прэс-канфэрэнцыі заявіў, што заявы Масквы аб тым, што Фінляндыя ня можа ўступіць у NATO, заахвоцілі ўлады краіны задумацца. Ён дадаў, што падзеі ва Ўкраіне далі зразумець, што Расея здольная напасьці на свайго суседа.

Размовы аб магчымым далучэньні Фінляндыі да NATO актывізаваліся пасьля росту асьцярог бясьпекі з прычыны поўнамаштабнага несправакаванага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў лютым сёлета.

Чакаецца, што Швэцыя таксама ў найбліжэйшыя дні абʼявіць аб сваім намеры далучыцца да NATO. Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг пазытыўна успрыняў заяву лідэраў Фінляндыі і сказаў, што ў выпадку падачы заявак Швэцыя і Фінляндыя будуць хутка і без праблем прынятыя ў Альянс.

Адным з абгрунтаваньняў для маштабнага ўварваньня ва Ўкраіну ў лютым гэтага года расейскія ўлады называлі імкненьне Кіева ўступіць у NATO. У Крамлі заяўлялі, што падобныя імкненьні нібыта пагражаюць бясьпецы Расеі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG