Леанід Краўчук быў першым прэзыдэнтам незалежнай Украіны. Разам з Барысам Ельцыным, прэзыдэнтам Расеі, і Станіславам Шушкевічам, першым лідэрам незалежнай Беларусі, які памёр на мінулым тыдні, Краўчук браў удзел у падпісаньні Белавескіх пагадненьняў, якія паклалі канец існаваньню СССР.
У студзені Краўчуку споўнілася 88 год.
У ліпені 2020 года Леанід Краўчук узначаліў украінскую дэлегацыю ў Трохбаковай кантактнай групе па Данбасе. Ён зьмяніў на гэтай пасадзе другога прэзыдэнта Ўкраіны Леаніда Кучму.
29 чэрвеня 2021 году першы прэзыдэнт Украіны прапусьціў урачыстае паседжаньне Вярхоўнай Рады з нагоды Дня Канстытуцыі з прычыны апэрацыі на сэрцы. Пасьля яго зьмясьцілі ў рэанімацыю і падключылі да апарата штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
У ліпені ў СМІ зьявілася інфармацыя, што Леанід Краўчук ужо месяц як у рэанімацыі.
На ўрачыстым паседжаньні Вярхоўнай Рады з нагоды Дня незалежнасьці ў 2021 годзе прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі пажадаў Леаніду Краўчуку акрыяньня і моцнага здароўя.
У адным з апошніх інтэрвію Радыё Свабода Краўчук сказаў лічыць бессэнсоўным заклікаць Лукашэнку спыніць гвалт у Беларусі і што міжнародная супольнасьць павінна дапамагчы ў вырашэньні палітычнага і гуманітарнага крызісу ў Беларусі.