Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пачалі «народны маніторынг» мясьцінаў, заражаных радыяцыяй


Экалягічная арганізацыя «Экадом» пачала грамадзкі маніторынг тэрыторыі Беларусі на наяўнасьць радыяактыўнага заражэньня.

У выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС у 1986 годзе 23% тэрыторыі Беларусі (46,6 тысячы квадратных кілямэтраў) былі забруджаныя, аднак сёньня даступная толькі мапа 1998 году, дзе адзначаны такія тэрыторыі. Там, дзе раней стаялі знакі, што папярэджвалі аб забароне на збор ягад і грыбоў, якія могуць акумуляваць радыянукліды і, трапіўшы ўнутр цела, паддаць людзей апраменьваньню, пазнакі зьніклі. Што зь імі стала — проста згнілі і паваліліся? Ці, магчыма, узровень радыяцыі ўжо не высокі?

Каманда «Экадому» запусьціла народны маніторынг месцаў, дзе выпадалі радыяактыўныя ападкі, каб праверыць, якая сытуацыя з узроўнем радыяцыйнага забруджваньня на тэрыторыі Беларусі сёньня. Цягам некалькіх месяцаў у канцы 2021 году валянтэры праводзілі маніторынг дзевяці ўчасткаў Магілёўскай, Берасьцейскай, Менскай і Гарадзенскай абласьцей для ацэнкі стану рэчаў з радыяактыўнасьцю.

«Мы ўпэўненыя, што грамадзяне Беларусі павінны быць ня толькі інфармаваныя, але і адукаваныя, — тлумачыць экспэрт ініцыятывы Арцемій Малацьветаў. — Менавіта таму „Перадоз“ — гэта яшчэ і адукацыйны праект. Мы самі вучымся выкарыстоўваць дазымэтры і іншую прафэсійную тэхніку, якая даступная беларусам».

Пляма каля вёскі Гаўрыльчыцы, на паўднёвы захад ад Салігорску
Пляма каля вёскі Гаўрыльчыцы, на паўднёвы захад ад Салігорску

Пры выбары ўчасткаў для народнага маніторынгу ініцыятыва выкарыстала мапу «Забруджваньні пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС». На сайце праекту таксама сабраныя дакумэнты, якія рэгулююць санітарныя нормы радыяцыйнай бясьпекі, разабраныя плюсы і мінусы некалькіх тыпаў дазымэтраў.

Па выніках пілётнага маніторынгу экспэрты прыйшлі да высновы, што вывучаныя ўчасткі адносна бясьпечныя. Але, нягледзячы на нізкі ўзровень радыяцыйнага фону, трэба быць вельмі асьцярожнымі пры, напрыклад, зборы грыбоў і ягад, а таксама пры нарыхтоўцы драўніны і вытворчасьці сельгаспрадуктаў. Людзям, якія жывуць у гэтай мясцовасьці, таксама рэкамэндавана мець дазымэтар, пажадана з функцыяй спэктрамэтрыі.

Пляма на поўнач ад пасёлку Першаі на мяжы з Налібоцкай пушчай
Пляма на поўнач ад пасёлку Першаі на мяжы з Налібоцкай пушчай
  • «Экадом» — гэта адна з найстарэйшых некамэрцыйных экалягічных арганізацый у Беларусі. Асноўныя напрамкі працы — абарона экалягічных правоў і інтарэсаў грамадзян, маніторынг перасьледу экаактывістаў; антыядзерная кампанія і аднаўляльная энэргетыка, маніторынг якасьці паветра ў гарадах, інфалінія «Зялёны тэлефон», сучаснае мастацтва і экаактывізм, пэрмакультура і арганічная сельская гаспадарка. Улады скасавалі рэгістрацыю «Экадому», як і мноства іншых недзяржаўных арганізацый.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG