Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ва Ўкраіне Лукашэнка цяпер — «Саша 3%». Вынікі апытаньня


Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін
Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Пуцін

Украінскае сацыялягічнае агенцтва «Рэйтынг» абнародавала вынікі тэлефоннага апытаньня, праведзенага 26 красавіка.

Апроч іншых пытаньняў, у рэспандэнтаў цікавіліся іхнымі ацэнкамі сусьветных лідэраў.

Самымі папулярнымі ва Ўкраіне замежнымі палітыкамі аказаліся прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда (92% станоўчых ацэнак) і прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан (86% станоўчых ацэнак). А антыгероямі для ўкраінцаў аказаліся Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка. Пуціна адмоўна ацанілі 98% рэспандэнтаў, Лукашэнку — 96%.

Адзін працэнт апытаных сказалі, што ня ведаюць, хто такі Лукашэнка, і 3% ацанілі яго станоўча.

Папулярны ў Беларусі часоў выбараў 2020 году мем «Саша 3%» не зусім дакладна апісваў тагачасную беларускую электаральную сытуацыю. Але цяперашнюю ўкраінскую сытуацыю ён апісвае абсалютна дакладна.

Дагэтуль некаторыя прапагандысты і нават экспэрты гавораць пра тое, што Лукашэнка — самы папулярны замежны палітык ва Ўкраіне. Такой сытуацыя сапраўды была на працягу некалькі гадоў, пачынаючы з 2014-га.

Варта сказаць, што гэтыя сьцьвярджэньні грунтаваліся на выніках апытаньняў якраз сацыялягічнай групы «Рэйтынг», ніводзін іншы сацыялягічны цэнтар Украіны так рэгулярна не вымяраў папулярнасьць замежных палітыкаў.

Паводле гэтых апытаньняў Лукашэнка і сапраўды быў самым папулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне ў 2014–2019 гадах. Але са жніўня 2020 году стаўленьне да Лукашэнкі ва Ўкраіне пачало імкліва пагаршацца. З таго часу ён ужо ня быў самым папулярным замежным палітыкам.

Але пасьля пачатку вайны адбыўся абвал яго папулярнасьці. Колькасьць станоўчых ацэнак Лукашэнкі ў параўнаньні з пачаткам гэтага году зьменшылася ў 10 разоў, а ў параўнаньні зь пікам яго папулярнасьці ва Ўкраіне ў канцы 2019 году — больш чым у 20(!) разоў.

Тое, што папулярнасьць Лукашэнкі ва Ўкраіне ў выніку вайны істотна ўпадзе, можна было прадбачыць. Апытаньні той жа сацыялягічнай групы «Рэйтынг» паказваюць, што пераважная большасьць украінцаў лічаць цяпер Беларусь варожай краінай.

Але можна было думаць, што гэта не прывядзе да такога катастрафічнага абвалу папулярнасьці Лукашэнкі, да таго, што ён будзе практычна настолькі ж нелюбімым замежным палітыкам ва Ўкраіне, як Пуцін. Усё ж беларускае войска не ўдзельнічала ў баявых дзеяньнях. Да таго ж Пуцін з 2014 году ўвесь час быў самым непапулярным замежным палітыкам ва Ўкраіне. А Лукашэнка ў 2014–2019 гадах быў самым папулярным.

У пэўнай ступені тлумачэньнем зьяўляюцца адказы ўкраінцаў на ранейшае апытаньне «Рэйтынгу», якое было праведзенае праз тыдзень пасьля пачатку вайны. Тады на пытаньне, хто ў Расеі вінаваты ў вайне супраць Украіны, 55% рэспандэнтаў усклалі адказнасьць толькі на ўлады Расеі, 38% — і на ўлады, і на народ Расеі.

Было аналягічнае пытаньне і пра Беларусь. Віну за ўварваньне толькі на ўлады дзяржавы ўсклалі 70% апытаных і 24% — і на ўлады, і на беларускі народ.

Іншымі словамі, для ўкраінскай грамадзкай думкі пэрсанальная адказнасьць, не падзеленая са сваім народам, у Лукашэнкі нават вышэйшая, чым у Пуціна.

Пуцін зрабіў украінцам больш зла, чым Лукашэнка. Але пэрсанальная адказнасьць за ўчыненае зло ў вачах украінцаў у Лукашэнкі аказалася вышэйшым. Гэты балянс і прывёў да таго, што ў нянавісьці з боку ўкраінцаў яны апынуліся на адным узроўні.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG