Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Першы блёк зноў рамантуюць, а другі запускаюць. Што адбываецца на Астравецкай АЭС


Астравецкая АЭС, архіўнае фота
Астравецкая АЭС, архіўнае фота

Афіцыйна першы энэргаблёк Астравецкай АЭС быў запушчаны 7 лістапада 2020 году. Другі энэргаблёк плянавалася ўвесьці ў эксплюатацыю сёлета.

26 красавіка адбыўся фізычны пуск энэргаблёку № 2 на Беларускай АЭС, паведаміў кіраўнік агенцтва «Росатом», якога цытуе «РИА Новости».

Мінэнэрга Беларусі пакуль не паведамляе пра пуск другога энэргаблёку. Напярэдадні на 80 дзён закрыўся першы блёк станцыі, паведамілі ў Мінэнэрга Беларусі.

26 красавіка спаўняюцца чарговыя ўгодкі чарнобыльскай катастрофы. Праз 36 гадоў пасьля яе ў Беларусі не засталося ніводнай афіцыйна зарэгістраванай недзяржаўнай экалягічнай арганізацыі, якая б магла адсочваць сытуацыю на ўведзенай у эксплюатацыю восеньню 2020 году Астравецкай АЭС. Ірына Сухій, сябра рады экалягічнай арганізацыі «Экадом», расказала Свабодзе, што цяпер вядома эколягам пра БелАЭС.

Ірына Сухій на абмеркаваньні дакладу пра адпрацаванае ядзернае паліва зь Беларускай АЭС, 14 студзеня 2019
Ірына Сухій на абмеркаваньні дакладу пра адпрацаванае ядзернае паліва зь Беларускай АЭС, 14 студзеня 2019

«Ніякага кантакту з уладамі больш няма»

«Агулам усё складана, — расказвае Ірына Сухій. — І раней асаблівага доступу да інфармацыі пра тое, што адбываецца на АЭС, не было. Але мы пэрыядычна сустракаліся зь Дзяржатамнаглядам. Мы давалі камэнтары ў межах эўрапейскіх стрэс-тэстаў. Быў распрацаваны плян дзеяньняў, і мы камэнтавалі яго, давалі свае прапановы. Частку зь якіх прымалі, як гэта ні дзіўна. Але зараз мы [арганізацыя „Экадом“. — РС] ліквідаваныя, і зразумела, што ніякага кантакту з уладамі ў нас больш няма».

«Экадом» быў адной з найстарэйшых экалягічных арганізацый у Беларусі. Яна афіцыйна працавала з 1996 году і была зьліквідаваная Міністэрствам юстыцыі ў канцы жніўня 2021-га. Сама Ірына Сухій цяпер жыве за мяжой. Кажа, што і яна, і іншыя актывісты спрабуюць працягваць працу. У тым ліку сачыць за тым, што адбываецца вакол Астравецкай АЭС, наколькі гэта цяпер магчыма.

Эколягам вядома, напрыклад, што ўлады Беларусі па-ранейшаму не адмаўляюцца ад ідэі запусьціць другі энэргаблёк. У Астраўцы нават заплянаваныя грамадзкія слуханьні з гэтай нагоды. Летась «Экадому» ўдалося паўдзельнічаць у падобным мерапрыемстве. На слуханьні нават змог трапіць расейскі фізык-ядзершчык Андрэй Ажароўскі, якому нечакана скарацілі забарону на ўезд у Беларусь, вызначаную ў 2012 годзе тэрмінам на 10 гадоў.

«Цяпер усё складаней, — кажа Сухій. — У нас ёсьць інфармацыя, што ў канцы красавіка першы рэактар зноў будзе спынены для нейкага папераджальнага рамонту. Гаворыцца, што гэта нармальная практыка і што рэактар спыняць на 80 дзён. Наколькі гэта нармальна? Мы ведаем, што ў Беларусі няма праблемаў з электраэнэргіяй. Але ў цэлым, калі два рэактары будуць працаваць, а гэта каля паловы ўсёй электраэнэргіі, якая патрэбная Беларусі, то наколькі нармальна спыняць працу аднаго зь іх на такі тэрмін? Складана сказаць ва ўмовах, калі дакладнай інфармацыі няма».

«Увага ад БелАЭС цяпер адцягнутая»

Ад моманту свайго афіцыйнага запуску ў кастрычніку 2020 году першы энэргаблёк Астравецкай АЭС спынялі ўжо каля дзесяці разоў. У некаторых выпадках ён прастойваў больш за месяц. Частка адключэньняў была плянавая, іншыя сталі вынікам аварыйнага спрацоўваньня аўтаматыкі. Падрабязных справаздач аб прычынах спыненьняў і іншых інцыдэнтах на БелАЭС улады Беларусі не публікуюць.

Па словах Ірыны Сухій, ужо хутка на БелАЭС можа ўзьнікнуць праблема замены ядзернага паліва. Ці ёсьць куды складаць і захоўваць адпрацаванае, таксама дакладна не вядома. Паводле апублікаванай беларускімі ўладамі інфармацыі, усё адпрацаванае паліва расейскага паходжаньня плянавалася вывозіць на захоўваньне назад у Расею. Аднак невядома, дзе і як яно будзе захоўвацца да моманту адпраўкі.

«У нас няма нават месца, дзе будзе захоўвацца адпрацаванае паліва, у праекце не было месца для такога сховішча, — кажа прадстаўніца „Экадому“. — Мінэнэрга толькі паведамляе, што павінна быць створаная асобная арганізацыя, якая будзе займацца ўтылізацыяй адпрацаванага паліва. І яны будуць распрацоўваць праект і вызначаць месца для сховішча. Але калі гэта будзе і дзе? Мы не да канца разумеем увесь ланцужок. Працэс там ідзе, але як ён арганізаваны? Да таго ж увага ад БелАЭС зараз адцягнутая, але гэтыя праблемы ж нікуды не падзеліся».

Ірына Сухій спадзяецца паўдзельнічаць у новых слуханьнях онлайн як грамадзянка краіны. Актывістка кажа, што ў любым выпадку неабходна старацца зьвяртаць увагу на неадпаведнасьць некаторых рэчаў правільным дзеяньням.

«Вядома, гэта ня мае сур’ёзнага выніку, але трэба старацца працягваць гэта рабіць, — кажа Сухій. — Безумоўна, Дзяржатамнагляд не зьяўляецца незалежнай структурай, якой ён павінен быць. Але, тым ня менш, яны адчуваюць сваю адказнасьць і да нейкіх рэчаў прыслухоўваюцца. Тое, што яны хоць неяк могуць рабіць, яны робяць. Магчыма, тады нейкія зусім ужо жахлівыя рэчы ня будуць адбывацца».

«Чым менш яна працуе, тым менш адкідаў ад яе дзейнасьці будзе»

Па словах Ірыны, праблем у справе асьвятленьня дзейнасьці і стану Астравецкай АЭС дадалі падзеі ва Ўкраіне і пагаршэньне адносінаў афіцыйнага Менску зь літоўскімі ўладамі. Калі раней у Беларусі яшчэ спадзяваліся неяк наладзіць экспарт электраэнэргіі зь БелАЭС у Літву і часткова ва Ўкраіну, то зараз гэта зрабіць малаверагодна. Адпаведна, нават рабіць выгляд празрыстасьці ў працы Астравецкай АЭС больш няма патрэбы.

«Я ня ведаю, што яны ўвогуле зараз плянуюць рабіць з гэтай электраэнэргіяй, — кажа Ірына Сухій. — Магчыма, яны таму і спыняюць цяпер гэты рэактар, бо гэтая электраэнэргія не патрэбна і Расея яе не набывае? А Беларусі столькі яе і ня трэба. Добра, каб яны ўвогуле яе спынілі. Але інэрцыя, разумееце? Заводы працуюць, але ўжо ўсё менш і менш. МТЗ — па тры дні на тыдзень. Яны таксама менш спажываюць гэтай энэргіі. Можа, АЭС і не 80 дзён прастаіць, а ўсе 120. Але гэта добра. Чым менш яна працуе, тым менш адкідаў ад яе дзейнасьці будзе, тым менш потым давядзецца траціць грошай на іх утылізацыю».

Праз год пасьля афіцыйнага запуску, у кастрычніку 2021 году, Астравецкая АЭС выдавала каля 25% ад усёй электраэнэргіі, якую спажывала Беларусь. 25 красавіка 2021 году на афіцыйным сайце БелАЭС зьявілася паведамленьне з крытыкай яе працы. «Да гэтага часу сыстэмы не наладжаныя да канца, гэта выклікае пастаянныя непаладкі абсталяваньня, — гаварылася ў апублікаваным паведамленьні, зробленым нібыта ад імя супрацоўнікаў станцыі. — Рамонтныя работы адбываюцца ў небясьпечных умовах. Праз гэта рабочыя пастаянна траўмуюцца, маюць месца сьмяротныя выпадкі».

Пасьля пачатку вайны Расеі супраць Украіны афіцыйны Кіеў цалкам адключыў сваю энэргасыстэму ад беларускіх сетак і перастаў купляць электраэнэргію ў Беларусі, у тым ліку вырабленую на Астравецкай АЭС. Ці адновяцца пастаўкі ў будучыні, невядома.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG