Новую назву раней прапанавала адміністрацыя Прагі-6 — раёна, дзе разьмяшчаецца расейская дыпмісія. Рашэньне зацьвердзіла праская мэрыя. Перайменаваньне ня выкліча цяжкасьцей у рэзыдэнтаў гораду, бо на ўчастку вуліцы з новай назвай няма жылых дамоў.
Вуліца Ўкраінскіх герояў прымыкае да плошчы Барыса Нямцова, названай у гонар расейскага апазыцыянэра.
Акрамя таго, аднаму з мастоў Прагі-6 прысвояць імя Віталя Скакуна — украінскага салдата, які загінуў, падарваўшы мост перад расейскім войскам, якое наступала на Хэрсон.
Нядаўна гарадзкія ўлады нарвэскай сталіцы Осла таксама прынялі рашэньне назваць Плошчай Украіны частку вуліцы побач з пасольствам Расеі. Рашэньне не прывядзе да зьмены адрасу для мясцовых жыхароў. Але, хутчэй за ўсё, зьявіцца інфармацыйная таблічка аб перайменаваньні.
Аб зьмене назваў вуліц паблізу ад расейскіх дыпмісій прынятыя рашэньні ў краінах Балтыі, Славаччыне і Польшчы.