Праваабаронцы паведамілі, што вядома пра затрыманых на 21 красавіка.
Так, у СІЗА КДБ зараз знаходзяцца пяцёра актывістаў незалежных прафсаюзаў. Гэта:
Генадзь Фядыніч — ранейшы кіраўнік незалежнага прафсаюзу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці — РЭП. У 2018 годзе за актыўную прафсаюзную дзейнасьць яго асудзілі да 4 гадоў абмежаваньня волі — «хіміі».
11 красавіка КДБ прызнаў Незалежны прафсаюз РЭП «экстрэмісцкім фармаваньнем». Вядома, што Фядыніч затрыманы на 72 гадзіны і знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Аляксей Еўдакімчык — намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Еўдакімчыка затрымлівалі ў лютым 2022 году і асудзілі на 17 дзён арышту. У канцы сакавіка Аляксандра зноў затрымалі. Па абвінавачваньні ў непадпарадкаваньні міліцыі паводле арт. 24.3 КаАП ён атрымаў 15 дзён арышту. Дома адбыўся ператрус.
Сяргей Антусевіч — намесьнік старшыні Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Доўгі час — амаль 10 гадоў — кіраваў незалежным прафсаюзам «Гродна Азот». Затрыманы 19 красавіка і зьмешчаны ў СІЗА КДБ. У той жа дзень у офісе БКДП і ў кватэры Сяргея Антусевіча адбыліся ператрусы. Яго затрымалі, уначы яму дазволілі патэлефанаваць жонцы.
Мікалай Шарах — ранейшы старшыня Свабоднага прафсаюзу Беларускага, зараз — кіраўнік ячэйкі Свабоднага прафсаюзу ў Полацку. 9 красавіка ў яго дома прайшоў ператрус. 19 красавіка затрыманы на 72 гадзіны, знаходзіцца ў СІЗА КДБ.
Вацлаў Арэшка — рэдактар бюлетэню прафсаюзу РЭП.
Таксама вядома пра затрыманьне прафсаюзных актывістаў, сярод якіх:
Аляксандар Ярашук — старшыня Беларускага Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.
БКДП аб’ядноўвае некалькі незалежных прафэсійных саюзаў. У яго ўваходзяць Свабодны прафсаюз беларускі (СПБ), Свабодны прафсаюз мэталістаў (СПМ), Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП) і Беларускі незалежны прафсаюз (БНП).
Аляксандар Бухвостаў — старшыня Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.
На пачатку сакавіка 2022 году ў офісе прафсаюзу мэталістаў адбыўся ператрус. 19 красавіка сілавікі прыйшлі ў офіс зноў і затрымалі прафсаюзных актывістаў.
Віталь Чычмароў — былы інжынэр завода імя Казлова. Віталя звольнілі ў 2020 годзе з прычыны прафсаюзнай дзейнасьці. Ён кіраваў на прадпрыемстве першаснай арганізацыяй Свабоднага прафсаюзу мэталістаў.
Ірына Бут-Гусаім — супрацоўніца офісу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў. Затрыманая на 3 дні.
Васіль Берасьнеў — лідар аршанскага прафсаюзу РЭП. 71-гадовы мужчына пад вартай. Справу вядуць сьледчыя цэнтральнага апарату Камітэту дзяржаўнай бясьпекі.
Ігар Леднік — прафсаюзны і партыйны актывіст. Яго затрымалі 18 красавіка пасьля ператрусу.
Не выходзяць з учорашняга дня на сувязь прафсаюзныя актывісты: Яна Малаш, Зьміцер Бародка, Міхаіл Громаў, Вадзім Пайвін, Юры Белякоў.
На волю пасьля допыту выйшаў Ігар Комлік — намесьнік старшыні Свабоднага прафсаюзу мэталістаў. Яго адпусьцілі з СК ноччу 20 красавіка пасьля допыту.
Таксама 21 красавіка стала вядома, што ў Горадні затрымалі міжнароднага сакратара Беларускага незалежнага прафсаюза Лізавету Мярляк, паведамляе тэлеграм-канал БСДП.