Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выдавецтва «Галіяфы» абвясьціла распродаж пасьля рашэньня ўладаў прыпыніць яго дзейнасьць


Памяшканьне кнігарні «Галіяфы». Ілюстрацыйнае фота.
Памяшканьне кнігарні «Галіяфы». Ілюстрацыйнае фота.

У выдавецтве «Галіяфы» паведамілі: на ўсе кнігі — 20% зьніжкі.

15 красавіка стала вядома, што Міністэрства інфармацыі Беларусі на тры месяцы прыпыніла дзейнасьць выдавецтва «Галіяфы», якое выдае кнігі на беларускай мове.

Паводле ведамства, выдавецтва «Галіяфы» парушыла тэрміны звароту ў Міністэрства інфармацыі з апавяшчэньнем аб зьмяненьні зьвестак, якія падлягаюць уключэньню ў Дзяржаўны рэестар выдаўцоў, вытворцаў і распаўсюджвальнікаў друкаваных выданьняў, паведаміла БелТА са спасылкай на Мінінфарм.

На падставе загаду міністра інфармацыі № 196 ад 13 красавіка дзейнасьць выдавецтва прыпыненая з 18 красавіка тэрмінам на 3 месяцы.

«Галіяфы» — незалежнае беларускае выдавецтва, заснаванае ў 2007 годзе. Мае сваю аднайменную кнігарню ў Менску, а таксама інтэрнэт-краму www.halijafy.by. Рухавік і дырэктар «Галіяфаў» — паэт і мастак Зьміцер Вішнёў.

Зьміцер Вішнёў
Зьміцер Вішнёў

Выдавецтва спэцыялізуецца на выданьні мастацкай літаратуры сучасных беларускіх аўтараў, дзіцячых кніг на беларускай мове, а таксама займаецца кнігамі па мастацтве і «выданьнямі, якія дасьледуюць з розных бакоў сучасную Беларусь». Кнігі «Галіяфаў» неаднаразова адзначаліся літаратурнымі прэміямі, у тым ліку двойчы прэміяй «Кніга году».

Набыць кнігі з 20% зьніжкай можна ў Менску на вуліцы Няміга, 3 (цокальны паверх, бокс 37).

«У нас застаюцца 3 дні, калі нам дазволена гандляваць», — паведамілі ў выдавецтве.

Супрацоўнікі выдавецтва «Галіяфы» адзначылі, што спадзяюцца на аднаўленьне сваёй дзейнасьці ў будучыні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG