Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мадонна, Måneskin, Bon Jovi, сын Джона Ленана, U2, Білі Айліш і іншыя: сусьветныя зоркі публікуюць песьні ў падтрымку Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

9 красавіка ў Варшаве пройдзе мерапрыемства па зборы сродкаў у падтрымку ўцекачоў з Украіны, якое стане кульмінацыяй кампаніі «Stand Up For Ukraine» («Падтрымай Украіну»).

У ім возьмуць удзел старшыня Эўрапейскай камісіі Ўрсуля фон дэр Ляен, якая напярэдадні наведала Ўкраіну, прэм’ер-міністар Канады Джастын Трудо і прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда. Напярэдадні многія вядомыя сусьветныя выканаўцы, прадстаўнікі шоу-бізнэсу, спартоўцы і праваабаронцы запісалі відэаролікі ў падтрымку кампаніі. Іх можна знайсьці на плятформе Youtube па хэштэгу #StandUpForUkraine.

Напрыклад, пераможцы «Эўравізіі-2021», італьянскі гурт Måneskin запісалі ў рамках кампаніі кліп «We're gonna dance on gasoline». У песьні гучаць радкі: «Як ты сьпіш па начах, як ты заплюшчваеш вочы, жывеш з усімі гэтымі жыцьцямі на сваіх руках?»

«Мастакі тут, каб парушыць спакой!! — сёньня мы выступаем за людзей, якім вельмі патрэбна наша падтрымка. Мы выступаем за Ўкраіну, і нам патрэбныя сусьветныя лідэры, каб зрабіць тое ж самае!» — напісала сьпявачка Мадонна, прэзэнтуючы песьню ў рамках акцыі.

Група U2 запісала ў яе рамках песьню Walk On Ukraine. «Адважны народ Украіны змагаецца за сваю свабоду — і за нашу таксама — перад тварам невыказнага гвалту і несправядлівага ўварваньня. Больш за 4 мільёны чалавек, у асноўным жанчыны і дзеці, былі вымушаныя ратавацца ўцёкамі, а гэта амаль што насельніцтва Ірляндыі. Сусьветныя лідэры павінны ўстаць і падтрымаць украінцаў зараз — тых, хто ваюе, і тых, хто былі вымушаныя пакінуць свае дамы і свае землі», — гаворыцца ў заяве групы.

Сьпявак Bon Jovi ў рамках акцыі запісаў песьню “We Don’t Run”:

Сын Джона Ленана Джуліян Ленан запісаў для акцыі Stand Up For Ukraine песьню свайго бацькі Imagine. «Вайна ва Ўкраіне — гэта няўяўная трагедыя... Як чалавек і як мастак я адчуваў сябе абавязаным адрэагаваць самым значным чынам. Такім чынам, сёньня я ўпершыню публічна выканаў песьню майго таты IMAGINE» — сказаў ён.

Песьню ў падтрымку Ўкраіны запісала і адна з самых вядомых маладых зорак поп-музыкі Білі Айліш.

Прыняць удзел у акцыі далі згоду Аланіс Морысэт, Мадонна, Озі Осбарн, Сэлін Дыён, Элтан Джон, Radiohead, Red Hot Chili Peppers і іншыя артысты.

Кампанія «Stand Up For Ukraine» («Падтрымай Украіну») пачалася 25 сакавіка на ініцыятыву Эўракамісіі і ўраду Канады сумесна зь міжнароднай праваабарончай арганізацыяй Global Citizen. У ёй прынялі ўдзел шматлікія заходнія палітыкі, грамадзкія, культурныя дзеячы і звычайныя грамадзяне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG