Лукашэнка неяк падазрона доўга маўчыць. Не камэнтуе хаду «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі». Ня робіць больш прагнозаў — ні наконт тэрмінаў падзеньня Кіева, ні наконт «непазьбежнай капітуляцыі Ўкраіны» на ўзор японскай. Нібыта гэта не ягоная краіна — адзіны ваенны саюзьнік агрэсара, і нібыта не празь беларускую тэрыторыю пралягалі асноўныя кірункі танкавых атак на Кіеў і Чарнігаў, авіяналётаў і ракетных удараў па Луцку, Роўне і Львове.
Расейская армія, якую ўжо мала хто лічыць «непераможнай», паволі адпаўзае ад Кіева і Чарнігава, пакідаючы за сабой руіны зьнішчаных гарадоў, рэшткі спаленых бронекалёнаў і іншыя сьляды няўдалага бліцкрыгу. Ацалелыя БМП з узьнятымі расейскімі трыкалёрамі праносяцца на ўсход праз Хойнікі і Гомель. І ніхто не праводзіць іх кветкамі і песьнямі (а ўспомніце, як віталі ў студзені і лютым, калі яны ўваходзілі ў Беларусь нібыта на манэўры «Саюзная рашучасьць»).
Вядома, усё яшчэ можа зьмяніцца, і гэтае адступленьне ў сапраўднасьці можа аказацца хітрым тактычным манэўрам. І ўсё ж чым меней расейскіх войскаў у Кіеўскай і Чарнігаўскай абласьцях — тым меншая імавернасьць таго, што беларускія вайсковыя падразьдзяленьні пераступяць украінскую мяжу.
Апошнія два тыдні, калі меркаваць па дзяржаўных СМІ, у дачыненьнях паміж Менскам і Масквой увогуле панавала нейкае дзіўнае зацішша.
Згадайма: у студзені-лютым ледзь не штодня — бясконцыя візыты генэралаў, сумесныя манэўры, тэлефонныя перамовы на самым восокім узроўні, выклік Лукашэнкі ў Крэмль. А тут — нібы адрэзала.
Ясна, гэта зусім ня значыць, што такіх кантактаў няма. Але публіцы пра іх нічога не вядома. Лукашэнка гуляе ў хакей, сустракаецца зь віетнамскім амбасадарам, праводзіць нараду з прапагандыстамі. Зусім магчыма, што калі-небудзь мы даведаемся, як менавіта ў гэтыя дні Масква на яго найбольш ціснула, прымушала, шантажавала — а ён як мог упіраўся рукамі і нагамі...
Прынамсі, украінская выведка ў сярэдзіне сакавіка ледзь не празь дзень паведамляла: вось-вось Лукашэнку даціснуць... Рашэньне ўжо прынятае. І называла канкрэтныя даты беларускага ўварваньня ва Украіну. Чаму яго не змаглі даціснуць і не наважыліся на радыкальныя крокі ўзьдзеяньня? З часам, відавочна, гэта ўсплыве на паверхню.
«Думаеце, я зноў буду з аўтаматам наперадзе бегаць?»
Пра тое, якія размовы і сваркі ішлі ў атачэньні Лукашэнкі ў гэтыя тыдні — да нас даляталі толькі адгалоскі.
Адметныя, напрыклад, папрокі Лукашэнкі на адрас сваіх чыноўнікаў і генэралаў (24 сакавіка):
«Нас проста ботам растопчуць з вашым такім характарам, мы нават не пасьпеем піскнуць! Ці вы думаеце, я зноў буду з аўтаматам наперадзе бегаць? Не, хлопцы. Хочаце мець краіну — за яе трэба чапляцца зубамі і трымацца».
А пакуль што ён робіць выгляд, што ў Беларусі нічога істотна не зьмянілася. Прынамсі, ніякіх істотных прыкметаў таго, што Лукашэнка гатовы да нейкіх хоць бы сымбалічных пераменаў у краіне альбо да перагляду дачыненьняў з Захадам, няма.
Колькасьць палітвязьняў у Беларусі ўжо ў сакавіку пераваліла за 1100 і працягвае расьці. Новыя выракі асуджаным паводле палітычных абвінавачаньняў застаюцца такімі ж жорсткімі. Мастака Алеся Пушкіна ні за што кінулі за краты на пяць гадоў.
Адзінкавыя вызваленьні з турмы некаторых фігурантаў «справы ТУТ-бай» альбо справы «Саюзу палякаў» — выключэньне, а ня правіла.
Цяжка ўявіць Лукашэнку ў нейкай іншай ролі, апроч дыктатарскай, і ў іншым мундзіры, апроч маршальскага. Нават калі здарыцца неверагоднае і ў Маскве адбудуцца кардынальныя зьмены, мала сумневаў, што ён паспрабуе захаваць сваю маленькую дыктатуру ў недатыкальнасьці. Незалежна ад таго, што б ні рабілася за ўсходняй ці за паўднёвай межамі.
Гэтак жа, як ён ухіліўся ад выкананьня свайго саюзьніцкага абавязку — ён сьцішыцца і паспрабуе задушыць у зародку любое памкненьне беларускага грамадзтва да свабоды. Гэтаксама, як ня раз рабіў на працягу амаль трох дзясяткаў гадоў свайго панаваньня.
Падчас такіх тэктанічных геапалітычных зрухаў, якія адбываюцца на нашых вачах ва Ўсходняй Эўропе, маленькія краіны рэдка вырашаюць самі, як ім далей жыць. Вось і беларусам застаецца хіба што з заміраньнем сэрца сачыць за паядынкам двух сваіх суседзяў і чакаць, што ж будзе далей. Чым скончыцца пуцінская авантура для Расеі? Ці ўтрымаецца ў Крамлі ў агляднай пэрспэктыве сам Пуцін? Ці застанецца Расея таталітарнай, адгароджанай ад сьвету новаю «жалезнаю заслонаю», апушчанай у змрок эканамічнага заняпаду і палітычных рэпрэсіяў?
Жалезныя абдымкі імпэрыі
Беларусь цягам двух апошніх стагоддзяў у сутнасьці ніколі не вырашала сама, якім будзе яе далейшы лёс. Не было на гэта рэальных сілаў. І нават калі адчынялася «акно магчымасьцяў» — як гэта здаралася пасьля Першай сусьветнай вайны і бальшавіцкай рэвалюцыі альбо пасьля распаду СССР у 1991-м — беларусам не хапала моцы, каб вырвацца са значна аслабелых абцугоў Масквы.
Агульная плынь гісторыі вызваляла з жалезных абдымкаў імпэрыяў нашых больш удачлівых блізкіх і далёкіх суседзяў — краіны Балтыі, Польшчу, Чэхію, Славаччыну, Баўгарыю, — а мы чамусьці заставаліся на ланцугу. Часам на гэта не хапала зусім невялікага намаганьня. І вось цяпер зь вялікай крывёй і пакутамі імпэрыю канчаткова пакідае спрадвечная сястра Беларусі па няшчасьці — Украіна. Беларусы, прыціснутыя ўласнай бядой, хто са спачуваньнем, хто з зайздрасьцю моўчкі назіраюць за гэтым.
У гэтай сувязі згадваецца прыклад пасьляваеннай Альбаніі. Здавалася б, які мог быць выбар у адсталай балканскай краіны, якая трывала была прывязана Масквой да сацыялістычнага лягеру. Але вось знайшоўся славалюбівы і ўпарты правадыр Энвэр Ходжа — і даказаў, што можна дзесяцігодзьдзямі трымацца за сталінізм нават у адной узятай за горла маленькай краіне.
Пасьля 1956 году рэжым Ходжы ўзяў курс на палітычную ізаляцыю. Краіна жыла ў рэжыме пастаяннай гатовасьці да вайны: кожнай сям’і загадана было мець на гэты выпадак уласнае бамбасховішча. Дыктатура падтрымлівада адносіны толькі з Кітаем і Румыніяй. Народ жыў у галечы і страху. Лютавала таемная паліцыя — Сігурымі. І так — на працягу 40 гадоў, ажно да сьмерці дыктатара ў 1985 годзе....Не паўтарыць бы лёс Альбаніі.
...Забаўна будзе, калі на магчымым будучым судовым працэсе над ваеннымі злачынцамі, калі зойдзе размова пра ролю Беларусі ў гэтай вайне, адзін усім вядомы пэрсанаж будзе даказваць, што гэта менавіта ён убярог Кіеў ад захопу, не дазволіўшы Маскве выкарыстоўваць у агрэсіі супраць Украіны беларускую армію. А здарыцца можа менавіта так.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.