Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пуцін падпісаў указ аб гандлі газам зь «недружалюбнымі» краінамі толькі за рублі


Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін падпісаў указ аб продажы газу «недружалюбным краінам» за рублі, перадае РИА Новости.

Поўны тэкст апублікаваны на сайце Крамля.

Паводле ўказу, заходнія краіны павінны будуць адкрыць рублёвыя рахункі ў Газпрамбанку, каб заплаціць за газ. Гэтыя правілы набудуць моц 1 красавіка. Указ Пуціна датычыцца толькі паставак «Газпрамам» па трубаправодах.

У той жа час у дакумэнце прадугледжана, што замежныя пакупнікі будуць рабіць пераводы па-ранейшаму ў замежнай валюце на спэцыяльныя валютныя рахункі ў «Газпрамбанку», а затым банк будзе займацца яе продажам на маскоўскай біржы. Далей пераведзеныя ў рублі сродкі будуць залічвацца на рублёвы рахунак замежных пакупнікоў у тым жа «Газпрамбанку», а пасьля гэтага пераводзіцца на рублёвы рахунак расейскага пастаўшчыка газу.

Пуцін заявіў, што дзейныя кантракты на пастаўку газу спыняць, калі пакупнікі ня выканаюць новыя ўмовы. Ён дадаў, што Расея будзе лічыць парушэньнем кантрактаў, калі пакупнікі газу зь «недружалюбных» краін адмовяцца аплачваць яго ў рублях.

Пуцін таксама сказаў, што Расея паставіла газ заходнім партнэрам: «Яны яго атрымалі, заплацілі нам у эўра, якія самі ж і замарозілі».

«Можна лічыць, што мы паставілі газ фактычна бясплатна», — сказаў Пуцін, словы якога прыводзіць «Коммерсант».

Міністар фінансаў Францыі Бруно Ле Мэр сказаў, што Парыж і Бэрлін ня прымуць патрабаваньняў Расеі плаціць за пастаўкі газу ў рублях.

«Мы не пагодзімся аплачваць газ у іншай валюце, акрамя ўказанай пры заключэньні кантрактаў. Кантракты, заключаныя ў эўра, павінны аплачвацца ў эўра», — цытуе ТАСС камэнтар міністра на прэс-канфэрэнцыі ў Бэрліне.

У сьпіс «недружалюбных» краін уваходзяць: ЗША, Канада, увесь Эўразьвяз, Вялікая Брытанія, Украіна, Чарнагорыя, Швайцарыя, Альбанія, Андора, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн, Манака, Нарвэгія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Японія, Паўднёвая Карэя, Аўстралія, Мікранэзія, Новая Зэляндыя, Сынгапур і Тайвань.

30 сакавіка афіцыйны прадстаўнік ураду ФРГ Штэфэн Хэбэштрайт заявіў, што Нямеччына працягне аплачваць пастаўкі газу з Расеі ў эўра ці далярах, як гэта прадугледжана ў кантрактах. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася падчас тэлефоннай размовы канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца і прэзыдэнта Расеі Ўладзіміра Пуціна.

Як заявіў прадстаўнік нямецкага ўраду, Пуцін паведаміў канцлеру, што з 1 красавіка пастаўкі газу павінны аплачвацца ў рублях, але пры гэтым «для эўрапейскіх партнэраў па дагаворах нічога ня зьменіцца».

Прадстаўнік канцлера апісаў схему, прапанаваную Пуціным, так: «Плацяжы па-ранейшаму будуць адпраўляцца ў эўра і, як звычайна, пераводзіцца ў Газпрамбанк, на які санкцыі не распаўсюджваюцца. Затым банк канвэртуе грошы ў рублі». Ён адзначыў, што Шольц падчас размовы з Пуціным папрасіў выказаць гэтую прапанову пісьмова. У паведамленьні Крамля аб размове гаворыцца, што абмеркаваньне тэмы будзе працягнута, падрабязнасьці не прыводзяцца.

Краіны ЭЗ раней неаднаразова заяўлялі, што ня маюць намеру плаціць у рублях, адзначаючы, што патрабаваньне аб гэтым парушае кантракты. Пуцін раней заяўляў, што пасьля замарозкі рэзэрваў Цэнтрабанку на Захадзе, у сувязі з расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, да даляра і эўра няма даверу. Прадстаўнік Крамля Дзьмітрый Пяскоў заяўляў, што ў выпадку адмовы плаціць за газ у рублях Расея ня будзе «пастаўляць газ бясплатна».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG