Што адбылося ў Мазыры, расказаў Свабодзе сябар затрыманых.
«У нас была свая кампанія. Мы гуртаваліся на тэме музыкі, зьбіраліся ў своеасаблівым бары, які зладзілі ў гаражы, сьпявалі, гутарылі. А сёмай раніцы 23 сакавіка да дзесяці чалавек з нашай кампаніі ўварваліся супрацоўнікі ГУБАЗіК і АМАП. Затрыманьні былі жорсткімі. АМАП выбіваў дзьверы, „круціў“ і біў людзей, у тым ліку і жанчын», — апавёў жыхар Мазыра.
Усяго ў ізалятары затрыманыя налічылі 33 жыхароў Мазыра, цягам тыдня схопленых «за палітыку».
23 сакавіка былі затрыманыя:
- Фёдар і Крысьціна Чаранковы
- Аляксандар Дзеравенька
- Альберт Зубараў
- Ганна Пышнік
- Арцём Шкірман
- Эльдар Сабіраў
- Павел Назаранка
- Андрэй Отчык
- Антон Бяляк
Супраць Крысьціны Чаранковай распачатая крымінальная справа за «распальваньне варожасьці» (артыкул 130 Крымінальнага кодэксу) ў допісах у instagram. Допісы з 2020 году, з ацэнкай дзеяньняў міліцыі.
Крымінальную справу атрымала і Ганна Пышняк. Яе абвінавацілі ў «спрыяньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (артыкул 361-4 КК). Ганну абвінавацілі ў тым, што яна здымала ў Мазыры перамяшчэньне расейскай тэхнікі і нібыта дасылала гэтыя зьвесткі ў «экстрэмісцкія тэлеграм-каналы».
На іншых затрыманых складзеныя пратаколы паводле артыкула 19.11 КаАП — за «распаўсюджваньне экстрэмісцкіх матэрыялаў». Ідзецца пра падпіскі на розныя тэлеграм-каналы. Яны атрымалі 5-15 дзён арышту. Некаторых выпусьцілі да суду пасьля трох дзён у ізалятары.
«У праўладных тэлеграм-каналах запусьцілі інфармацыю, што ў Мазыры „накрылі“ „банду анархістаў“. З гэтай кампаніі толькі адзін чалавек неяк цікавіўся анархізмам. Некаторыя затрыманыя палітыкай увогуле не цікавіліся. Ганну Пышняк таксама паказалі на праўладных тэлеграм-каналах анархісткай, бо ў яе было тату з „кактэйлямі Молатава“. Але гэта тычыцца музыкі, а не анархізму, там быў радок зь песьні.
Жорстка затрымлівалі Фёдара і Крысьціну Чаранковых. Фёдар — вакаліст гурту „Ня Варта“. Ім пэрфаратарам, кувалдай і ломам вынесьлі дзьверы, потым Фёдара білі. Крысьціну выхапілі з пасьцелі. Выламалі дзьверы ў іхны падвал. Разграмілі гараж, прыстасаваны як бар. Проста ўсё там зламалі. Дзе былі налепкі ці надпісы на сьценах — высякалі мачэтэ. Прычым мачэтэ было наша, яго забралі. Байкі пра анархістаў яны выдумалі, каб ці выслужыцца перад начальствам, ці зьняць чарговы эфэктны ролік для сваіх каналаў», — лічыць жыхар Мазыра.
Частка затрыманых працуе на Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе.
«Іх затрымалі, бо хадзілі чуткі пра магчымую дывэрсію на заводзе. Гэта не актывісты, хоць і не „ябацькі“. Проста нармальныя людзі. У каго знайшлі якія падпіскі на тэлеграм-каналы — далі „суткі“. У пратаколах за падпіскі на каналы напісалі так: „У свабодным доступе для іншых грамадзян трымаў у сябе ў тэлеграме падпіску на экстрэмісцкія каналы“. Але іншыя грамадзяне ня маюць „свабоднага доступу“ да нашых тэлеграмаў», — кажа жыхар Мазыра.
Ён дадаў, што ў міліцыі выклікае шаленства, калі жыхары Мазыра здымаюць і выкладаюць у інтэрнэт фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі, якія цяпер «проста акупавалі» райцэнтар. За гэта міліцыя перасьледуе таксама.