Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ствараючы Беларусь». Адкрылася онлайн-выстава фатаграфій пра станаўленьне незалежнай Беларусі


Сёньня, 25 сакавіка, пачала працаваць віртуальная выстава фатаграфій з апошніх 30 гадоў гісторыі Беларусі. Фотапраект пад назвай «Ствараючы Беларусь» прапануе пазнаёміцца са «знакавымі кадрамі беларускай журналістыкі, якія зрабіліся візуальным архівам эпохі».

«Праз фатаздымкі вы ўбачыце розныя аспэкты жыцьця беларусаў з 1991 году: пошук нацыянальнай ідэнтычнасьці і гістарычнай памяці, пратэсты супраць аўтарытарызму, рост і эфэктыўнасьць грамадзянскай супольнасьці, эканамічныя пераўтварэньні, прадпрымальніцтва», — гаворыцца ў прэс-рэлізе з нагоды адкрыцьця онлайн-выставы «Ствараючы Беларусь».

«Стваральнікі праекту — журналісты, фатографы, публіцысты і экспэрты — вырашылі не называць сябе публічна зь меркаваньняў бясьпекі, — адзначаецца ў прэс-рэлізе. — Яны разам выступаюць з такой заявай: „Праект „Ствараючы Беларусь“ — гэта наша гісторыя, гісторыя нашага народу. Мы грамадзтва, якое нарадзілася за 30 гадоў: і грамадзянскія ініцыятывы, і прафэсійныя суполкі, і тыя, хто асабіста спрабаваў і спрабуе ўплываць на тое, што адбываецца. Мы зрабілі Беларусь. Мы — Беларусь“».

Фотавыстава ў трох моўных вэрсіях — беларускай, ангельскай і расейскай — была створаная пры дапамозе гранту амбасады ЗША ў Менску.

Свабода пагутарыла з Марыяй Бостан з амбасады ЗША ў Менску, якая апекавалася праектам падчас яго падрыхтоўкі, і з адной са стваральніц фотавыставы, Марынай (імя зьмененае).

Марына:

«Мне цяжка сказаць, хто першы выступіў з ідэяй зрабіць такую выставу. Я б сказала, што гэтая ідэя лунала ў паветры і яе падхапілі адразу некалькі чалавек. Мы падумалі, што трэба нешта зрабіць, каб аддаць належнае ўсяму таму, што здарылася ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году. Вырашылі, што варта прысьвяціць гэты праект 30 гадам незалежнасьці Беларусі. І мы вельмі задаволеныя, што амбасада ЗША ў Беларусі выступіла з прапановай падтрымаць наш супольны праект. Праект рабіла ня нейкая адна недзяржаўная арганізацыя, а група людзей — інтэлектуалаў, фатографаў — якая сабралася адмыслова для гэтай працы».

Марыя Бостан:

«Праца над праектам працягвалася прыблізна год. На жаль, мы ня можам назваць імёнаў тых, хто працаваў пры ім. Было шмат дыскусій, як і што рабіць, праведзена было шмат дасьледаваньняў і сабрана шмат цікавых фатаздымкаў для выкарыстаньня. Як і Марына, я не магу ўспомніць, хто ўпершыню выступіў з ідэяй фотавыставы».

Здымкі на выставе цяпер разьмеркаваныя ў пяці тэматычных сэкцыях:

  • Улада, аўтарытарызм, пратэст
  • Нараджэньне грамадзянскай супольнасьці
  • Сацыяльныя зьмены
  • Гістарычная памяць і ідэнтычнасьць
  • Бізнэс, эканоміка, сацыяльнае вымярэньне

Марына:

«У будучыні мяркуем дадаваць новыя сэкцыі. Гісторыя працягвае стварацца на нашых вачах, так што мы будзем дадаваць новае па меры разьвіцьця падзей. Нашай галоўнай мэтай было паказаць Беларусь і яе незалежнасьць з гледзішча грамадзтва, з гледзішча людзей, якія сапраўды ствараюць Беларусь. Бо гэта ня ўлада, не дзяржава, не чыноўнікі ствараюць Беларусь. Выстава датычыць звычайных людзей, працаўнікоў культуры і эканомікі, малога бізнэсу, прадстаўнікоў розных палітычных партый. Якраз на гэтым мы хацелі засяродзіцца, мы хацелі паказаць, што Беларусь — гэта ня толькі Лукашэнка, зь якім на Захадзе найчасьцей асацыюецца наша краіна. Мы стараліся, як маглі, пазьбягаць згадак пра Лукашэнку ў нашым праекце».

Марыя Бостан:

«Выстава спрабуе паказаць, якія зьмены наступілі ў Беларусі на працягу 30 апошніх гадоў і як людзі перажывалі зьмены, якія ў выніку схілілі іх выйсьці на вуліцы ў 2020 годзе. Таму выстава мае некалькі сэкцый — яна паказвае ня толькі грамадзянскую супольнасьць ці, прыкладам, уціск з боку ўладаў, але і ўсё іншае, што складаецца на жыцьцё грамадзтва ў Беларусі».

У праект, акрамя Марыі і Марыны, быў ангажаваны дзясятак іншых асобаў, калі не лічыць фатографаў, чые здымкі знайшліся на гэтай віртуальнай фотавыставе.

Марына:

«З кожным фатографам, чые здымкі мы паказваем, у нас заключаная дамова, так што аўтарскіх правоў мы не парушаем. Некаторыя з гэтых фатографаў жывуць у Беларусі, і зь вядомых прычынаў мы не адкрываем іхных прозьвішчаў. Але ўсё яны пагадзіліся на публікацыю іхных здымкаў на нашай выставе».

Марына таксама кажа, што падчас працы над праектам некаторыя з партнэраў зь Беларусі, зь якімі супрацоўнічала яе група, былі арыштаваныя ці нават атрымалі турэмныя прысуды (у справах, не зьвязаных з гэтым канкрэтным праектам), таму арганізатарам выставы «Ствараючы Беларусь» нярэдка даводзілася шукаць іншых партнэраў. У некаторых фатографаў беларускія ўлады канфіскавалі фатаграфічныя архівы, так што былі немалыя праблемы і са зборам матэрыялаў для выставы. Людзі, якія былі ангажаваныя ў гэты праект, на сёньняшні дзень жывуць у пяці розных краінах. Цяпер на сайце выставы «Ствараючы Беларусь» зьмешчана прыблізна сотня фатаздымкаў.

Выстава «Ствараючы Беларусь» будзе пастаянна абнаўляцца і пашырацца; сачыць за навінамі можна ў профілі @making.belarus у Інстаграме.

Матэрыял ілюструюць здымкі з онлайн-выставы «Ствараючы Беларусь».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG