Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трымаемся, дапамагаюць украінцы». Як выжываюць беларусы, якія пасьля блякаваньня карт засталіся бяз грошай ва Ўкраіне


Пустыя паліцы ў краме ў Кіеве
Пустыя паліцы ў краме ў Кіеве

У першыя дні вайны ўкраінскія банкі заблякавалі рахункі расейцаў і беларусаў. Многія беларусы, якія атрымлівалі на карткі заробак, засталіся бяз грошай. Свабода пагутарыла зь беларусамі, якія цяпер у Кіеве, Адэсе і Чарнігаве.

«Заставалася адна пачка макароны. Але прыехалі ўкраінскія валянтэры і дапамаглі»

Беларуска Ірына два гады жыве ў Адэсе. Тут ужо пасьпела купіць жытло.

«Як і ва ўсіх — заблякавалі карткі, і беларускую, і ўкраінскую. Я яшчэ пасьпела хоць лекі па картцы набыць у аптэцы — і ўсё. У аддзяленьне банку ісьці няма сэнсу, яны не працуюць. Раней у банку сказалі ў прынцыпе, што можна прыйсьці пасьля таго, як скончацца ваенныя дзеяньні. У нас тут чат свой, беларусаў. І я бачу, што некаму з-за мяжы дапамаглі, нехта наяўнымі падзяліўся, некаму ўкраінцы далі прадуктаў», — кажа Ірына.

У крамах прадукты ёсьць, хоць асартымэнт і скараціўся.

«Цукру, грэчкі, солі няма. Цяжкасьці бываюць з малочнай прадукцыяй. Насамрэч на забесьпячэньне скардзіцца не выпадае. Мне было цяжка, бо заставаўся адзін пачак макароны. І я не магу ісьці, прасіць… Тым больш у каго? На нашай пляцоўцы з васьмі кватэр толькі я засталася. Дый ёсьць людзі, якія значна больш маюць патрэбу ва ўсім, чым я. Але мае сябры паклапаціліся, знайшлі валянтэраў, і яны мне прывезьлі тысячу грыўняў. Я спыталася: «Ад каго гэта?», яны кажуць: «Ня ведаем, нам сказалі — мы прывезьлі». Дапамагаюць усе як могуць. Я эканомна яшчэ працягну. Я жартавала нават: «Ну, нарэшце я пахудзею ўжо!» — дадала беларуска.

Яна бядуе, што раней у Адэсе добра ставіліся да беларусаў, цяпер стаўленьне сапсавалася. «Што далей будзе — невядома. Але я не разумею, як можна перамагчы ўкраінцаў? Яны такія матываваныя, так дапамагаюць адзін аднаму, так мужна змагаюцца і ваююць. Тут не было ніколі ніякіх нацыстаў, пра якіх кажа расейская прапаганда, тут нікога ня крыўдзілі! Адкуль што бярэцца ў прапаганды? І ва ўкраінцаў вельмі моцны дух, яны нічога не баяцца», — зьдзіўляецца Ірына.

Яна дадала, што не панікуе, трымаецца, як і іншыя жыхары Адэсы.

«Сябры з-за мяжы пералічылі, трохі за працу прыйшло грошай»

У Марыны (імя зьмененае на просьбу гераіні. — РС), якая жыве ў Чарнігаве, таксама не працуюць карткі.

«Яшчэ адна заставалася, што працавала, — на яе сябры з-за мяжы пералічылі грошы, і за працу трохі прыйшло грошай. Цяпер так, што і сьвятла ў нас няма. Расейцы бомбы кідаюць, ракеты дзень і ноч. Так ляжаш спаць і не прачнесься, калі лясьне ў дом. Сырэны працуюць штодзень. Трапіла ў рыбную краму нядаўна, адстаяла доўгую чаргу. Ужо тавары разабралі да мяне. Ну, схапіла рыбу і марскую капусту. Больш нічога. Стаіш у чарзе, трывога пачынаецца, азіраесься па баках — куды падаць, дзе сховішча. 21 стагодзьдзе на двары! Як кажа штодзень мая сястра-ўкраінка: «Трымаемся!», — расказвае Марына.

«Каб духам ня падаць, трэба ісьці ў валянтэры»

Беларуска Аляксандра жыве ў Кіеве. Кажа, што іх раён даволі ціхі. Выбухі чуваць, але «не крытычна». Картка таксама заблякаваная.

«Нам дапамог сябар, у якога была неўкраінская картка. Так што ў нас яшчэ даволі добрае становішча. Я нават ня ведаю, як цяпер дапамагчы іншым беларусам? Толькі што дамаўляцца з украінцамі, каб, напрыклад, на іх карткі пералічыць дапамогу. У нашых крамах усё добра. Ну, хіба толькі няма яек, бульбы, малочныя прадукты зь перабоямі. Мы з голаду не памром. Ёсьць крупы, кансэрвы, нават мяса — даволі няблага», — падзялілася Аляксандра.

Міхаілу (імя зьмененае на ягоную просьбу. — РС) дапамаглі сваякі, якія выяжджалі ў Львоў і пакінулі яму наяўныя грошы.

«Мы ў такім цяпер прывілеяваным стане. Але карткі патрэбныя, каб, скажам, плаціць камунальныя і за тэлефон. Мы дамовіліся з суседзямі-ўкраінцамі, што яны будуць плаціць карткамі, а мы ім аддадзім наяўнымі. У нас адпачатку — а мы тут з 2021 году, — добрыя стасункі з суседзямі. У крамах ёсьць практычна ўсё. Мы ўчора былі на іншым раёне, дык там у крамах наогул чаго толькі няма. Той раён бамбяць, людзі зьехалі, таму, мусіць, няма асабліва каму разьбіраць прадукты. У майго прыяцеля заблякавалі таксама картку, дык ён з калегай-украінкай дамовіўся — яна дала яму сваю картку.

Мы з Кіева ня зьедзем. Мы тут набылі кватэру ўжо, учапіліся каранямі. Каб ня падаць духам, трэба ісьці ў валянтэры. Жонка мая хадзіла насыпаць пясок у мяхі для абарончых збудаваньняў», — кажа Міхаіл.

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы пачалі бамбаваць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі меркаваньне, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16-18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG