Віцэ-прэмʼер ураду Ўкраіны Ірына Верашчук падсумавала першыя вынікі працы гуманітарных калідораў.
Паводле яе зьвестак, за два дні ўдалося вывезьці 60 тысяч чалавек з Сумаў, Трасьцянца і Краснапольля ў напрамку Палтавы. Горад Ізюм у Харкаўскай вобласьці пакінулі тры тысячы жыхароў. З гарадоў Кіеўскай вобласьці 9 сакавіка былі эвакуаваныя каля 20 тыс. чалавек.
Акрамя таго, у Энэргадар і Ізюм было дастаўлена 200 тон гуманітарнай дапамогі.
У Марыюпалі тым часам, па словах Верашчук, насьпявае гуманітарная катастрофа. Даставіць прадукты і лекі сюды не ўдалося, пакінуць горад у жыхароў таксама не атрымоўваецца. Праблемы з арганізацыяй гуманітарнага калідору таксама ўзьніклі ў пасёлку гарадзкога тыпу Ворзель Кіеўскай вобласьці.