Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У 63 гады ў такіх умовах. За што?». Пачалі судзіць журналіста Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча


Алег Грузьдзіловіч падчас працы, 2018 год
Алег Грузьдзіловіч падчас працы, 2018 год

Больш за 2 месяцы журналіст Алег Грузьдзіловіч ўвязьнены ў менскім СІЗА на вуліцы Валадарскага. Справу на Алега завялі за асьвятленьне ім аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як пазаштатны карэспандэнт «Народнай Волі».

Судовы працэс пачаўся ў 10 гадзін у судзе Савецкага раёну Менску.

Напярэдадні суду над Алегам Грузьдзіловічам ягоная жонка Мар’яна пераказала апошнія навіны ад мужа.

«Пачаў кашляць ад няспыннага курэньня сукамэрнікаў»

«У апошніх лістах у асноўным пісаў пра штодзённае жыцьцё, штосьці асабістае. Нядаўна сказаў, што пачаў кашляць. І не ад прастуды, а ад таго, што ў камэры шмат хто курыць, – апавядае Мар’яна Грузьдзіловіч. – Раней адзін яго сукамэрнік сышоў зь першага ярусу, таму Алег з другога перайшоў на яго месца. Спачатку радаваўся. Пісаў што, маўляў, першая ноч прайшла вельмі добра. Што палепшыў „жыцьцёвыя ўмовы“, бо ня трэба лазіць наверх. Аднак праз пэўны час выявілася, што ўсё ня так ужо і цудоўна, бо яго ложак зараз каля прыбіральні. Акрамя таго што там кураць, дык яшчэ і бясконцы паток людзей побач праходзіць. 8 чалавек у камэры – усе п'юць, ядуць…»

Пісаць лісты ў новых умовах Алегу стала яшчэ больш складана, кажа Мар’яна.

«Раней, калі быў на другім ярусе, пісаў лежачы, скруціўшыся. А зараз увесь час хтосьці сядзіць на ягоным ложку. Таму цяпер піша яшчэ і на каленцы», – апавядае жанчына.

Няпроста складаюцца адносіны і паміж сукамэрнікамі.

«Крыніцы мне паведамілі, што 2 сукамэрнікі Алега пачалі да яго чапляцца. Яны па «наркатычным» артыкуле – 328 КК. Аднаму каля 27 гадоў, другі гадоў на 10 старэйшы. Алег ім у бацькі ці нават у дзядулі гадзіцца. А гэтыя хлопцы такія нахабныя. Даводзяць яго. Аднак мне сказалі, што Алег трывае-трывае, але потым як дасьць ім адпор. Гэтае наша беларуская цярпеньне мае ж таксама нейкія межы. Алежка і сам у лісьце напісаў, што ў нейкі момант яно скончваецца».

Мар’яна кажа, што стараецца ўсімі сіламі падтрымліваць і падбадзёрваць мужа.

«Учора мне напісаў: «Ты не хвалюйся. Усё добра». Сказаў, што атмасфэра ўжо зьмянілася, тым больш двое новенькіх паступілі. Проста я лічу, што нават крымінальнік нейкі, забойца, павінен з павагай да Алежкі ставіцца. Гэта проста аксіёма. Ён не заслугоўвае іншых адносінаў, – кажа Марʼяна.– Мне яго так шкада, што ён у 63 гады мусіць жыць у такіх умовах. За што? І фортка заўсёды адчыненая ў іх ноччу, бо кураць. Усе прастуджаныя...».

«Як я магу быць вясёлай у судзе над табой?»

Суд над Алегам Грузьдзіловічам пачнецца 2 сакавіка а 10-й раніцы ў судзе Савецкага раёну Менску. Мар’яна прызнаецца, што напярэдадні пачатку разгляду яна ў стрэсавым стане.

«У адным зь лістоў Алег напісаў: «Чакаю не дачакаюся, каб цябе ўбачыць здаровай і вясёлай і прыгожай». На гэта я яму адказала, што я вельмі стомленая. Добра, каб я на момант суду была ня хворая. Але наконт іншага... Як я магу быць вясёлай у судзе над табой? Паведаміла, што буду хвалявацца: “У мяне сэрца будзе выскокваць”. Гэта я яшчэ пісала, калі не было вайны ва Украіне. Я зараз і за гэта сьлёзы лью», – кажа жанчына.

Перасьлед Алега Грузьдзіловіча

• 16 ліпеня 2021 году сілавікі прыйшлі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку. Таксама зь ператрусам прыйшлі да Алега Грузьдзіловіча, які пазалетась быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі. Яго затрымалі і пакаралі арыштам на 10 дзён. Ніякіх абвінавачаньняў тады ня выставілі.

• Алега Грузьдзіловіча затрымалі паўторна 23 сьнежня і замянілі яму меру стрыманьня з абавязаньня яўкі на ўтрыманьне пад вартай, перавялі ў СІЗА № 1 Менску на вуліцы Валадарскага. 28 сьнежня прайшоў першы допыт Грузьдзіловіча. Сьледчыя выставілі яму абвінавачаньне паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу – арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

• Справу завялі за асьвятленьне Алегам Грузьдзіловічам аднаго з маршаў пратэсту ў 2020 годзе, калі ён быў пазбаўлены акрэдытацыі МЗС Беларусі і працаваў як няштатны карэспандэнт «Народнай Волі», меў рэдакцыйнае заданьне. У 2020-м Алег Грузьдзіловіч адбыў 15 дзён адміністрацыйнага арышту нібыта за ўдзел у адным з маршаў, на якім працаваў як журналіст.

• За кратамі цяпер таксама кансультант Радыё Свабода Ігар Лосік, асуджаны на 15 гадоў, і журналіст Свабоды Андрэй Кузьнечык, на якога заведзена крымінальная справа.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG