Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як вайна мяняе стаўленьне беларусаў да Расеі? Ацэнка сацыёляга


Наступствы ракетнай атакі на цэнтральнай плошчы ў Харкаве каля гарадзкой адміністрацыі, 1 сакавіка 2022 году
Наступствы ракетнай атакі на цэнтральнай плошчы ў Харкаве каля гарадзкой адміністрацыі, 1 сакавіка 2022 году

Як да пачатку вайны мянялася стаўленьне беларусаў да Расеі? Як ставяцца беларусы да цяперашняй вайны, да нападу Расеі на Ўкраіну? Як будзе мяняцца стаўленьне беларусаў да Расеі?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае сацыёляг, прафэсар Андрэй Вардамацкі.

Вардамацкі

Андрэй Вардамацкі
Андрэй Вардамацкі
  • Пасьля 2014 году мы вывучалі стаўленьне беларусаў да далучэньня Крыму да РФ, мы задавалі пытаньне пра гэта кожныя 2 месяцы. У 2014–2015 гадах гэтае далучэньне ўхвалялі дзьве траціны апытаных, адмоўныя адказы давалі прыкладна 20%.
  • У сьнежні 2021 году далучэньне Крыму да Расеі ўхвалялі ўжо толькі 48%. Гэта назапашаныя зьмены. Можна меркаваць, што зараз зьмены грамадзкай думкі пойдуць хутчэй, могуць быць нават выбуховыя зьмены.
  • Мы задавалі пытаньне зь бінарным выбарам геапалітычнай арыентацыі — вы за саюз з Расеяй ці за далучэньне Беларусі да Эўразьвязу. Паказьнікі вельмі вагаліся. Бывалі моманты, калі на працягу месяца лічбы мяняліся на 10 адсоткавых пунктаў.
  • Такая зьменлівасьць у геапалітычных прыярытэтах — гэта чыньнік ідэнтычнасьці, якая фармуецца. У гэтым адрозьненьне Беларусі ад краінаў, дзе ідэнтычнасьць ужо ўсталяваная. Скажам, у Польшчы стаўленьне да NATO не мяняецца, на графіку гэта простая лінія.
  • У Беларусі ў 2018 годзе прарасейская частка грамадзтва складала прыкладна 60%, у 2019-м — каля 50%, у 2020-м — каля 45%.
  • У Беларусі ёсьць пласт насельніцтва, зарыентаваны на Расею, незалежна ад эканамічнага становішча і палітычнай каньюнктуры. Гэта як у палітыкаў ёсьць цьвёрды, крышталізаваны электарат. Я прыдумаў паняцьце «крышталізаваны прарасейскі арыентат».
  • Што да варыянтаў адносінаў з Расеяй, то пераважная большасьць апытаных — да трох чвэрцяў — выказвалася за варыянт дружалюбных адносінаў, бяз мытняў і межаў. Варыянт адказу — Беларусь павінна ўвайсьці ў склад РФ у якасьці суб’екта фэдэрацыі — на працягу 8 гадоў набіраў 3-5%.
  • Дынаміка зьменаў у грамадзкай сьвядомасьці — гэта не замена прарасейскай арыентацыі на праэўрапейскую, а адыход ад прарасейскай арыентацыі ў няпэўную пазыцыю, у кола тых, хто ня вызначыўся.
  • Паступовы, плаўны адыход ад прарасейскай арыентацыі адбываўся, як я казаў, і раней. Зараз, у сувязі з вайной, ён можа паскорыцца.
  • Ёсьць складнікі геапалітычнай сьвядомасьці — рацыянальны, тэарэтычны, побытавы. Зараз эмацыйны складнік будзе разбураць тэарэтычны, зьвязаны зь вялікай сумеснай гісторыяй, эканамічнымі і культурнымі сувязямі і г.д., падабенствам этнічных тыпажоў трох народаў.
  • Гэты працэс закране і беларусаў, але ва Ўкраіне гэты працэс пойдзе больш інтэнсіўна. Там адбудзецца зьмена гістарычнай памяці. Раней пры слове «вайна» ўспаміналася Другая сусьветная, а зараз эмацыйная карцінка зьменіцца, заменіцца на карціны разбомбленага ў лютым 2022 году Харкава і іншых украінскіх гарадоў.
  • У пратэстах 2020 году геапалітычнага складніку не было наагул. Арыентацыя і на Захад, і на Расею дамінавала сярод пратэстоўцаў.
  • Зараз людзі бачаць вельмі цяжкія карціны — разбурэньні, забітыя людзі. Гэты эмацыйны пласт будзе разбураць, падрываць канструкты кшталту «русского мира» і сумеснай гісторыі. І гэта можа прывесьці да зьмяншэньня нават «крышталізаванага прарасейскага арыентату».
  • Істотныя зьмены адбудуцца ў масавай сьвядомасьці ва ўсіх трох краінах. Найбольш інтэнсіўна гэта будзе адбывацца ва Ўкраіне, слабей у Расеі, працэс пойдзе і ў Беларусі — у сэнсе і геапалітычных арыентацыяў, і стаўленьня да ўдзелу ў цяперашнім канфлікце.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе па просьбе груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах абласьцей. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам.
  • Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб'екты, расейцы бамбяць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фотаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяр масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый у Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якія Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпры, Кіеве, Харкаве, Адэсе і іншых месцах дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя адна адной тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ «Раснафты» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародскай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG