Кіеў: з пачатку расейскай агрэсіі ва Ўкраіну загінулі больш як дзьве тысячы цывільных
Дзяржаўная служба надзвычайных сытуацыяў Украіны паведаміла, што з 24 лютага ў выніку абстрэлаў украінскіх гарадоў расейскімі войскамі загінулі больш як дзьве тысячы мірных грамадзян.
«Цягам сямі дзён вайны Расея зьнішчыла сотні аб’ектаў транспартнай інфраструктуры, жылых дамоў, лякарняў і дзіцячых садкоў. За гэты час ужо загінулі больш як 2 тысячы ўкраінцаў, без уліку абаронцаў», — паведамілі ў службе.
У часе правядзеньня апэрацый па ліквідацыі наступстваў ад абстрэлаў загінулі 10 ратавальнікаў і 13 атрымалі траўмы.
Пра вайсковыя страты ўкраінскія ўлады не паведамляюць.
Эўразьвяз забараніў праводзіць усе апэрацыі з банкнотамі эўра з Расеяй
Эўразьвяз забараніў прадаваць, пастаўляць, перадаваць і экспартаваць у Расею банкноты эўра. Пра гэта гаворыцца ў дакумэнце, апублікаваным у Афіцыйным часопісе Эўразьвязу.
Памежны камітэт Беларусі зьняпраўдзіў інфармацыю пра забарону на выезд з краіны мужчынам ад 18 да 60 гадоў
Паводле ведамства, дадатковых абмежаваньняў пропуску асобаў і транспартных сродкаў беларускі бок ня ўводзіў.
Больш за 835 тысяч чалавек пакінулі Ўкраіну за 6 дзён з пачатку вайны
Пра гэта паведамляе прэс-сакратар Высокага камісара ААН у справах уцекачоў Шабія Манту.
У Польшчу з Украіны прыбылі больш за 500 тысяч уцекачоў
Такую інфармацыю агучыў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда падчас сваёй прамовы на адкрыцьці пасяджэньня Рады нацыянальнай бясьпекі.
Міністэрства абароны: «цяпер ва Ўзброеных сілах Беларусі мерапрыемствы мабілізацыі не праводзяцца»
«Усе зборы маюць плянавы характар», — заяўляюць у ведамстве. Паводле міністэрства, позвы, якія прыходзяць беларусам з ваенкаматаў, «ніякім чынам не зьвязаныя са спэцапэрацыяй на Данбасе».
Памежны камітэт Беларусі зьняпраўджвае інфармацыю пра забарону на выезд з краіны мужчынам ад 18 да 60 гадоў.
Паводле ведамства, дадатковых абмежаваньняў пропуску асобаў і транспартных сродкаў беларускі бок ня ўводзіў.
Галоўны рэдактар расейскага тэлеканала «Дождь» Ціхан Дзядко паведаміў аб рашэньні часова пакінуць Расею
Ён зазначыў, што аналягічнае рашэньне прыняў шэраг супрацоўнікаў тэлеканала.
«Пасьля незаконнай блякіроўкі сайта „Дождя“, акаўнтаў „Дождя“ у шэрагу сацсетак, а таксама пагроз у адрас некаторых супрацоўнікаў відавочна, што асабістая бясьпека некаторых з нас знаходзіцца пад пагрозай», — напісаў Дзядко.
Сайт тэлеканала «Дождь» заблякавалі ўчора па запатрабаваньні генэральнай пракуратуры Расеі.
Дзядко заявіў, што рэдакцыя абскарджвае гэтае рашэньне і працягне працаваць.
Перамовы: Расейская дэлегацыя выехала на месца сустрэчы з украінскай
Пра гэта паведамляе БелТА.
2 сакавіка мусіць адбыцца другі раўнд перамоваў Украіны і Расеі.
На станцыі кіеўскага мэтро выявілі дывэрсантаў, адзін з іх хаваў патроны ў дзіцячай забаўцы
У Кіеве на станцыі мэтро праваахоўнікі выявілі пяцёх дывэрсантаў.
Пра гэта паведамляе сталічная паліцыя ў Facebook.
Мужчыны нібыта прыйшлі на адну з станцыяў метро, каб пераначаваць, але паводзілі сябе падазрона.
«Падчас стараннага агляду ў аднаго з дывэрсантаў паліцыя выявіла схаваную дзіцячую цацку з патронамі. Пры сабе меў патроны і яго таварыш, грамадзянін Беларусі. Акрамя таго, на гэтай жа станцыі апэратыўнікі Нацыянальнай паліцыі выявілі варожага дывэрсанта, які перадаваў ворагу пазыцыі падразьдзяленьняў Узброеных Сілаў праз мэсэнджары», — гаворыцца ў паведамленьні.
Кіраўнік МЗС Украіны: 19 краінаў даюць зброю, з 16 — едуць добраахвотнікі
19 краінаў даюць зброю, каб падтрымаць Украіну ў адбіцьці нападу Расеі, а ва Ўкраіну прыяжджаюць добраахвотнікі з 16 краін, паведаміў міністар замежных справаў Дзьмітро Кулеба.
«Мы мабілізавалі міжнародную антываенную кааліцыю, у якой ужо як мінімум 86 дзяржаваў і 15 міжнародных арганізацый. 19 краінаў перадаюць зброю Ўкраіне, некаторыя зь іх робяць гэта ўпершыню ў сваёй гісторыі. 10 краінаў аказваюць макрафінансавую дапамогу, 22 краіны — гуманітарную дапамогу, ва Ўкраіну ўжо едуць валянтэры з 16 краінаў, гатовыя ваяваць поплеч з украінскім народам супраць агрэсара», — сказаў кіраўнік украінскага замежнапалітычнага ведамства.
Платныя карты банкаў Расеі і Беларусі не працуюць ва Ўкраіне
Платныя карты, выпушчаныя фінансавымі ўстановамі Расеі і Беларусі, зараз не працуюць ва Украіне, пра што паведамляе Нацыянальны банк Украіны.
«Фінансавая падтрымка ўзброенай агрэсіі супраць Украіны павінна быць спынена. Карты банкаў дзяржаваў-агрэсараў не будуць працаваць ва Ўкраіне», — заявіў намесьнік старшыні Нацыянальнага банку Украіны Аляксей Шабан.
Ён таксама падкрэсьліў, што забарона прыёму картаў банкаў Расеі і Беларусі ёсьць чарговым крокам у фінансавай абароне Ўкраіны.
EA Sports FIFA выдаляе зборную Расеі і ўсе расейскія футбольныя клюбы з кампутарных гульняў FIFA 22, Fifa Mobile і FIFA Online
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйнай заяве EA SPORTS FIFA.
Лаўроў агучыў сьпіс патрабаваньняў Расеі на другі раўнд перамоваў з Украінай
- Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў агучыў сьпіс патрабаваньняў, якія Расея выстаўляе Ўкраіне на перамовах у гэты момант. Паводле РБК, гэта:
«Крым — тэма, якая не абмяркоўваецца. Крым — гэта частка Расеі»;
прызнаньне «Данецкай, Луганскай народных рэспублік» у межах Данецкай і Луганскай абласьцей;
«Дэмілітарызацыя, якая павінна мець парамэтры. Іх яшчэ трэба ўзгадніць. Там не павінна быць увогуле ніякіх узбраеньняў, якія могуць пагражаць бясьпецы Расейскай Фэдэрацыі»;
«Дэнацыфікацыя. Гэтак жа, як фашысцкая Нямеччына была паддадзеная такой працэдуры».
Міністэрства абароны РФ упершыню паведаміла лічбу загінулых расейскіх вайскоўцаў
Міністэрства абароны Расейскай Фэдэрацыі ўпершыню назвала лічбу загінулых і параненых расейскіх вайскоўцаў.
Расейскае ведамства, як паведамляе РИА Новости, заявіла пра 498 загінулых расейскіх вайскоўцаў у часе «спэцыяльнай ваеннай апэрацыі» (расейскія афіцыйныя асобы, як і СМІ, не ўжываюць слова «вайна»). Колькасьць параненых вызначана ў 1597 чалавек.
Адначасова міністэрства назвала свае лічбы стратаў з украінскага боку: больш за 2870 забітых і каля 3700 параненых.
У сваю чаргу Кіеў ацэньвае страты Масквы ў больш як 5 тысяч чалавек.
Генэральная Асамблея ААН заклікала Расею вывесьці ўсе войскі з Украіны
Генэральная Асамблея ААН прыняла 2 лютага рэзалюцыю, якая асуджае ўварваньне Расеі ва Ўкраіну і заклікае Маскву неадкладна вывесьці ўсе сілы з Украіны.
Рэзалюцыя, якую падтрымалі 141 з 193 дзяржаваў — удзельніц галасаваньня, была прынятая ў канцы тэрміновай сэсіі Генэральнай Асамблеі, скліканай Радаю Бясьпекі ў часе, калі расейскія сілы абстрэльваюць гарады Ўкраіны з артылерыі і наносяць па іх авіяўдары.
Мільярдэр Абрамовіч заявіў, што ён прадае футбольны клюб «Чэлсі» і ахвяруе грошы пацярпелым ад вайны ва Ўкраіне
Расейскі бізнэсмэн Раман Абрамовіч паведаміў, што даручыў сваёй камандзе стварыць дабрачынны фонд, у які будуць перададзены ўсе чыстыя даходы ад продажу клюбу «Чэлсі». Грошы з фонду ён плянуе ахвяраваць пацярпелым ад вайны ва Ўкраіне.
«Для мяне гэта ніколі не было ні бізнэсам, ні пытаньнем грошай, а чыстай любоўю да гульні і клюбу. Больш за тое, я даручыў сваёй камандзе стварыць дабрачынны фонд, куды будуць накіраваныя ўсе даходы ад продажу. Фонд будзе працаваць на карысьць усіх пацярпелых ад вайны ва Ўкраіне. Ён будзе надаваць сродкі для задавальненьня важных і неадкладных патрэбаў, а таксама падтрымку доўгатэрміновай працы для аднаўленьня [Украіны]. Ведайце, што гэта было неймаверна цяжкае рашэньне, і мне балюча разьвітвацца з Клюбам такім чынам. Аднак я лічу, што гэта ў інтарэсах клюбу...», — заявіў Раман Абрамовіч.
Бабарыка пра вайну ва Украіне: «Гэта першапачаткова вынік дзеяньняў аднаго чалавека, выхаванага і прасякнутага духам чэкістаў»
Палітзьняволены Віктар Бабарыка, асуджаны на 14 гадоў калёніі, лічыць, што цяперашняя сытуацыя, у якой Беларусь стала краінай-агрэсарам, — заканамерны вынік дзейнасьці цяперашняй улады.«Нежаданьне чуць людзей, жаданьне чапляцца за ўладу любой цаной, калі ў сілу зламанай эканомікі і грамадзтва ты зьвяртаесься па „выратаваньне“ да ўладаў іншай краіны і робісься заангажаванай і цалкам кіраванай асобай на пэўных умовах у рэальным ваенным канфлікце. Для нас — беларусаў — і нашай краіны гэта, на жаль, не азначае нічога добрага. Калі ты дапамагаеш любым спосабам, не азіраючыся якім коштам, аднаму суседу і робісься ворагам для іншага суседа, ні пра які „нэўтралітэт“ або „астравок стабільнасьці“ ня можа ўжо ісьці гаворкі», — заявіў Бабарыка.
Украінскія праваслаўныя эпархіі Маскоўскага патрыярхату перастаюць памінаць патрыярха Кірыла
Украінскія праваслаўныя эпархіі Маскоўскага патрыярхату адна за адной перастаюць памінаць пры набажэнствах патрыярха Кірыла.
Як паведамляе «Наша Ніва», на дадзены момант вядома, што спынілі памінаць Кірыла такія эпархіі, як Сумская, Уладзіміра-Валынская, Львоўская, Уманская.