Тэкст дакумэнту апублікаваны на расейскім партале праўнай інфармацыі.
Згодна з указам, экспартэры павінны прадаваць 80 працэнтаў замежнай валюты, залічанай з 1 студзеня 2022 году з кантрактаў зь нерэзыдэнтамі. Гэта неабходна зрабіць не пазьней за тры дні пасьля ўступленьня ўказу ў сілу.
З 1 сакавіка 2022 году рэзыдэнтам Расеі забараняецца:
- пералічваць замежную валюту нерэзыдэнтам паводле дамоваў пазыкі;
- залічваць замежную валюту на рахункі ў банках за межамі Расеі;
- пераводзіць грошы без адкрыцьця банкаўскага рахунку замежным пастаўнікам платных паслуг з выкарыстаньнем электронных платных сродкаў, якія належаць замежным пастаўнікам.
Санкцыі за ўварваньне Расеі ва Ўкраіну раней увялі краіны Эўразьвязу, ЗША, Вялікая Брытанія, Канада, Японія і іншыя. Сярод іншага санкцыі закранулі некалькі расейскіх банкаў.
28 лютага ЗША ўвялі санкцыі супраць Цэнтральнага банку Расеі, Фонду нацыянальнага дабрабыту Расеі і міністэрства фінансаў Расеі — грамадзянам ЗША забараняецца ўдзельнічаць у апэрацыях зь імі. Таксама пад санкцыі падпаў Расейскі фонд прамых інвэстыцыяў.