На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста на канале Свабода Premium адказвае беларуская юрыстка, спэцыялістка ў міжнародным праве, якая жыве ў Кіеве, Кацярына Дзяйкала.
Дзяйкала
- Я цяпер у Кіеве з дачкой. Дачка прыйшла ў 7 раніцы 24 лютага, кажа — настаўніца напісала ў чаце, што былі выбухі, таму ў нас праца на адлегласьці. Першыя гадзіны ў мяне былі шок і паніка, але потым я супакоілася. У нашым раёне бамбаваньняў і абстрэлаў не было.
- Сёньня ў дом на праспэкце Лабаноўскага трапіла ракета, ён недалёка ад месца, дзе я жыву. Ня ведаю, ці буду я выяжджаць. Зараз гэта немагчыма, сёньня ў Кіеве абвешчаная камэнданцкая гадзіна з 17.00 да 8-й раніцы панядзелка. Цяпер такая сытуацыя з дарогамі і мяжой, што невядома, ці больш бясьпечна заставацца, ці ехаць.
- Сырэны папярэджваюць, калі трэба спускацца ў бамбасховішча, пра гэта гавораць у тэлевізіі — на супольным канале ўкраінскіх тэлеканалаў. У ТГ-каналах афіцыйных ведамстваў пішуць, калі абвяшчаецца паветраная трывога. Учора гэта было 4 разы на дзень.
- Ніякай дыскрымінацыі, няпрыязі да сябе за тое, што я беларуска, я не адчула. Мая дачка ходзіць у расейскамоўную школу, дзеці ведаюць, што мая дачка — беларуска. І яе там за гэта ніхто не цкуе. Яны вырашылі ў сваім чаце размаўляць па-ўкраінску, ёй дазволілі пісаць па-расейску.
- Што да расейскай мовы, то ў бамбасховішчы, куды я спускаюся, 80% гавораць па-расейску. У крамах прадавачкі гавораць па-ўкраінску, але ніякага раздражненьня мая расейская не выклікала.
- Усё працуе — водазабесьпячэньне, цяпло, інтэрнэт. Закрыліся кавярні, маленькія крамкі. У нашым раёне працуе супэрмаркет. 24-га былі вялікія чэргі ў крамах і аптэках, калі ўсе напалохаліся. Але ўжо ўвечары ўчора чэргаў не было. Харч у крамах ёсьць.
- Нават у гэтых умовах Украіна — гэта дзяржава, а Беларусь — не. Нават у гэтых экстрэмальных умовах я адчула, што такое, калі дзяржава клапоціцца пра цябе. Украіна — гэта дзяржава, паводле функцыяў яна збудаваная не на асобах, а на інстытутах.
- І яны тут працуюць, яны робяць тое, што павінны. І гэта не «хацелкі» адной асобы, якая можа паклікаць у сваю краіну чужых вайскоўцаў і дазволіць ім рабіць усё, што яны хочуць.
- Тут шмат праблемаў, Але вайна і пры гэтым вельмі скаардынаваная дзейнасьць дзяржавы, празрыстае інфармаваньне. Я праз кожныя 3 гадзіны бачу мэра Кіева і прэзыдэнта, яны даюць інструкцыі, што трэба рабіць. Два важныя наратывы — не панікаваць і ня верыць фэйкам.
- І параўноўваю з сытуацыяй каранавірусу, калі беларуская дзяржава ўвесь час хлусіла і замоўчвала інфармацыю. Я ўявіла сабе, калі б нехта зараз напаў на Беларусь, дык улада таксама ўвесь час бы хлусіла, даверу ёй ніякага няма.
- Юрыдычна Беларусь свой сувэрэнітэт яшчэ ня страціла, але фактычна — так. Гэта ўжо можна назваць failed state, недзеяздольная дзяржава. Яна ня спраўдзілася як набор неабавязковых функцыяў.
- Ня можа кіраўнік выканаўчай улады даведвацца са СМІ, што нейкія замежныя войскі пайшлі ў наступ празь межы яго краіны. Пра тое, што Беларусь — failed state, можна казаць са жніўня 2020 году, а нават і з пандэміі каранавірусу.
- Мяркую, што тут ён проста схлусіў, ён усё выдатна ведаў наконт руху войскаў, але проста ня можа гэтаму супрацьстаяць. Аднак гэта таксама прыкмета failed state.
- Калі ён сьвядома ўдзельнічае ў такім цяжкім злачынстве, як ваенная агрэсія, значыць, ён саўдзельнік. Запрашэньне на вучэньні, нават працяг вучэньняў — гэта яшчэ не парушэньне міжнароднага права.
- Цікава, што ён адназначна ня кажа, што аддаў загад ці ўхваліў загад на ўварваньне расейскіх войскаў ва Ўкраіну зь Беларусі. Але юрыдычна ў кантэксьце агрэсіі вынік не мяняецца. Прадастаўленьне сваёй тэрыторыі для агрэсіі супраць трэцяй краіны — гэта агрэсія. І няважна, ці даваў ён на гэта згоду. Ён не перашкаджаў.
- Я ня згодная зь цяперашняй кваліфікацыяй Беларусі як акупаванай краіны. Акупацыя не адбываецца са згоды ўладаў, акупацыя прадугледжвае стварэньне акупацыйнай адміністрацыі.
- Беларусь ужо ўдзельнічае ў агрэсіі, пытаньне ў ступені ўдзелу. Калі пасьля рэфэрэндуму Беларусь прызнае «ЛДНР», калі Лукашэнка пашле беларускіх салдатаў на вайну, то Беларусь будзе як агрэсар трапляць не пад адзін, а пад некалькі пунктаў вызначэньня агрэсіі у ААН.
- Але тады зь юрыдычнага пункту гледжаньня становішча Беларусі пагоршыцца.
Напад Расеі на Ўкраіну
- А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
- Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
- 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
- З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
- Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
- 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
- У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
- 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
- З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
- 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
- З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
- Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.
Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.