Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кажуць, што вось цяпер у нас высадзіўся дэсант», — беларускі пісьменьнік, які жыве пад Кіевам

Жылы будынак у Кіеве, пашкоджаны расейскім абстрэлам. 26 лютага 2022
Жылы будынак у Кіеве, пашкоджаны расейскім абстрэлам. 26 лютага 2022

Размова зь беларускім пісьменьнікам Сяргеем Прылуцкім, які жыве ў кіеўскім прадмесьці Буча, непадалёк ад аэрапорта Гастомель, за які 25 лютага ішоў зацяты бой.

— Сяргей, скажыце спачатку, дзе вы знаходзіцеся. Як далёка вы ад Кіева?

— Буча, дзе я жыву, гэта, па сутнасьці, прадмесьце Кіева. Да цэнтру Кіева ад нас — кілямэтраў 25–30. А да гарадзкой мяжы Кіева — недзе кілямэтраў 10. Наш будынак на самым ускрайку Бучы, недалёка ад аэрапорта Гастомель, які атакавалі і, магчыма, будуць атакаваць яшчэ.

Учора раніцай наш будынак трошкі зачапіла снарадам. Мы ў гэты час начавалі ў іншым месцы, вярнуліся з рэчамі і ўбачылі, што будынак зачапіла…

— Той будынак, дзе ваша кватэра?

— Так, шматпавярховы…

Сяргей Прылуцкі
Сяргей Прылуцкі

— А ці ёсьць там у вас нейкае бамбасховішча, дзе людзі могуць пераначаваць, калі ня хочуць заставацца ў сваёй кватэры?

— Калі не ва ўсіх, то ў многіх будынках ёсьць падвалы. Як усё пачалося, то мы сядзелі ў падвале побач са сваім домам, а потым ужо перабраліся да знаёмых.

— Гэтую апошнюю ноч вы правялі ў знаёмых, як разумею?

— Так, калі ў наш будынак пацэлілі, мы пераехалі ў іншы раён гораду.

— А як выглядае справа з жыльлёвай інфраструктурай у вас — ці ёсьць электрычнасьць, вада?

— Калі гаварыць пра гэты наш будынак, які побач з аэрапортам, то там адразу адключылі газ. Вада ёсьць, электрычнасьць ёсьць — прынамсі, да апошняга часу былі, цяпер ня ведаю…

— А што вы чуеце за вакном цяпер — нейкае водгульле бою ці, можа, спакойна?

— Хвілін 10–15 таму моцна біла артылерыя. Ня ведаю па чым, але знаёмыя сказалі па тэлефоне, што нібыта зноў высадзіўся дэсант у Бучы і атакуе з боку Беларусі. Я падазраю, што гэта фігачаць калёну, якая ідзе ў наш бок…

— Каб нашы чытачы больш-менш арыентаваліся геаграфічна, скажыце нам: ваша Буча зь якога боку Кіева?

— Гэта паўночны захад. А Гастомель крыху на поўнач ад Бучы. Учора і пазаўчора яны ішлі з боку Беларусі і намагаліся адтуль атакаваць. Таму што там на ўскраіне Бучы стаіць разьбітая расейская тэхніка: БТРы, грузавікі. Іх, відаць, разбамбіла артылерыя, і з паветра накрылі.

— А што людзі ў вас цяпер гавораць?

— Гавораць, што ўчора схапілі дывэрсанта ў цэнтры гораду. Сёньня ў суседнім пасёлку схапілі марадэраў. Кажуць, што вось цяпер у нас высадзіўся дэсант, але гэта не пацьверджаная інфармацыя. Ніякіх фота і відэа няма.

— Вы ня думаеце зьяжджаць адтуль? Застаняцеся там, пад Кіевам?

— Мы пакуль што застаемся, бо мы ў параўнальна аддаленым раёне. Гэта па-першае. Па-другое, зараз кудысьці перасоўвацца няма на чым, а знайсьці машыну нерэальна, бо ўсе, хто мог, ужо зьехалі. У Кіеў ехаць я таксама ня бачу сэнсу. Таму мы пакуль што тут, а далей будзем глядзець.

— Як я разумею, калі пачалася вайна, то і школы закрылі?

— Так, усё закрыта: садкі, школы… Супэрмаркет у нас у цэнтры зачынены…

— А іншыя прадуктовыя крамы адчыненыя? Ці ёсьць дзе купіць ежу?

— На нашым раёне — гэта такі кампактны жылы комплекс, дзе ўсе ўсіх ведаюць, — крама працуе. Як разумею, краму трымае мясцовая жыхарка і адчыняе яе, як для сваіх, так сказаць. Там можна купіць усё што трэба.

Напад Расеі на Ўкраіну

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, некаторыя яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага 2022 году Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 17 лістапада 2024 году тагачасны прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША прэзыдэнта Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Улетку 2025 году Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Аднак дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі пра асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася. Агулам мірныя перамовы дагэтуль не далі істотных вынікаў.
  • 1 чэрвеня 2025 году на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • З пачатку 2024 году па цяперашні час украінскія дроны пашкодзілі мноства расейскіх нафаперапрацоўчых заводаў, што прывяло да істотнага скарачэньня вытворчасьці нафтапрадуктаў у Расеі.
  • Лінія фронту ва Украіне на працягу 2025 і на пачатку 2026 году заставалася адносна стабільнай. Пры гэтым расейскія войскі павольна прасоўваліся на асобных участках. З кастрычніка 2025 па сакавік 2026 году Расея захапіла каля 1833 км². На пачатку 2026 году ўкраінскія сілы правялі шэраг удалых контратак. У канцы красавіка 2026 году ўпершыню за доўгі час Ўкраіна адваявала больш тэрыторыі, чым страціла.

Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG