Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска
Украінскія вайскоўцы ядуць на баявых пазыцыях на ваенным аэрадроме ў Васількове (Кіеўская вобласьць). 26 лютага тут спынілі наступ расейскага войска

Абстрэлы Кіева, Харкава і іншых гарадоў. Звыш 150 тысяч уцекачоў. Хроніка расейскай агрэсіі супраць Украіны 26 лютага

абноўлена

З раніцы 24 лютага Расея вядзе атаку на Ўкраіну. 25 лютага пачаліся абстрэлы Кіева з ракет і авіянапад, баі за Мелітопаль і Харкаў. Свабода сочыць за падзеямі ў жывым рэжыме.

  • У Кіеве і шэрагу буйных гарадоў адбыліся вулічныя баі
  • Расея працягвае абстрэльваць цывільныя будынкі. У Кіеве ракета пацэліла ў шматпавярховы дом
  • Пасьля расейскага абстрэлу пад Кіевам гарыць нафтабаза
  • Кіеў: 198 цывільных сталі ахвярамі першых двух дзён расейскай вайны супраць Украіны
  • Паводле ААН, ужо больш за 150 тысяч чалавек выехалі з Украіны ў суседнія краіны. На мяжы вялікія чэргі.
  • Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай плацежнай сыстэмы SWIFT маюць прыняць цягам некалькіх дзён. Эўразьвяз таксама абмяркоўвае магчымасьць адключыць ад SWIFT Беларусь
  • Прэзыдэнт ЗША Байдэн заявіў, што альтэрнатывай санкцыям супраць Расеі была б «трэцяя сусьветная вайна»
  • Памежная служба Ўкраіны абвінаваціла Беларусь у вядзеньні вайны разам з Расеяй
  • Лукашэнка пасьля некалькі дзён маўчаньня загаварыў пра мірныя перамовы
  • Адбылася тэлефонная размова паміж Лукашэнкам і прэзыдэнтам Францыі Макронам. Макрона заявіў, што Беларусь павінна адмовіцца быць васалам Расеі і саўдзельніцай вайны супраць Украіны
  • Францыя затрымала ў праліве Ля-Манш расейскі карабель
  • Латвія, Літва, Эстонія, Чэхія, Польшча, Румынія і Баўгарыя закрываюць паветраную прастору для расейскіх самалётаў
17:03 26.2.2022

Рашэньне аб адключэньні Расеі ад сусьветнай платнай сыстэмы SWIFT прымуць цягам некалькіх дзён

Пра гэта Reuters паведаміў кіраўнік цэнтральнага банку адной з краін эўразоны, які папрасіў не называць яго імя. «SWIFT — гэта толькі пытаньне часу, вельмі кароткі час, дні», — сказаў ён.

17:07 26.2.2022

Вялікая Брытанія анулявала візы баскетбольнай зборнай Беларусі

Таксама паведамляецца, што ня змогуць трапіць у краіну і іншыя беларускія спартоўцы. Пра гэта напісала міністарка ўнутраных справаў краіны Прыці Патэль.

17:13 26.2.2022

«Укравтодор» заклікаў дэмантаваць дарожныя знакі

Расейскія захопнікі, якія прыбываюць у краіну, не арыентуюцца ў прасторы, што істотна іх дэзарыентуе. Таму дарожныя службы заклікалі паспрыяць таму, каб расейцы заблукалі і ня трапілі на патрэбныя ім адрасы.

17:18 26.2.2022

ЗША паставяць Украіне дадатковую абаронную дапамогу на суму ў $350 млн

«Гэты пакет будзе ўключаць далейшую летальную абарончую дапамогу, каб дапамагчы Ўкраіне даць рады бранятанкавым, паветраным і іншым пагрозам, зь якімі яна цяпер сутыкаецца. Гэта яшчэ адзін выразны сыгнал аб тым, што Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Украіны, які абараняе сваю сувэрэнную, мужную і гордую краіну», — гаворыцца ў заяве дзяржаўнага сакратара ЗША Энтані Блінкена.

Паводле Блінкена, агульны памер дапамогі ЗША Ўкраіне ў галіне бясьпекі за апошні год перавысіў 1 млрд даляраў.

17:21 26.2.2022

Кіеў: зь Беларусі наступае тэхніка пад чырвона-зялёнымі сьцягамі

Аляксей Арастовіч, дарадца офісу прэзыдэнта Ўкраіны, у этэры тэлеканалу «Настоящее время» сказаў, што ўкраінскія вайскоўцы бачылі на вайсковай тэхніцы, што наступае з боку Беларусі, яе дзяржаўныя чырвона-зялёныя сьцягі.

Арастовіч выказаў думку, што гэта не беларусы, а расейскія вайскоўцы, якія такім чынам падстаўляюць беларусаў.

17:31 26.2.2022

Колькасьць уцекачоў з Украіны на гэты момант

Радыё Свабода атрымала ад Упраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у справах уцекачоў інфармацыю аб колькасьці людзей, вымушаных уцякаць з Украіны праз распачатую Расеяй вайну. Рэгістрацыяй, прыёмам і разьмяшчэньнем прыбылых кіруюць дзяржаўныя ўлады.

  • Беларусь, 44
  • Латвія, 75
  • Малдова, 21 228
  • Польшча, каля 100 000
  • Румынія, 7000
  • Славаччына, 7122
  • Вугоршчына, 26 000

...........................
Агулам 115 869

17:34 26.2.2022

Польшча выступіла за паскораны шлях уступленьня Ўкраіны ў Эўразьвяз

Пра гэта заявіў прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда.

«Статус кандыдата павінен быць дадзены [Украіне] неадкладна, і адразу пасьля гэтага павінны пачацца перамовы аб сяброўстве. Украіна таксама павінна атрымаць доступ да фондаў ЭЗ для рэканструкцыі. Гэтага Ўкраіна заслугоўвае», — зазначыў Дуда.

17:37 26.2.2022

На пашкоджаным мосьце загінула дзіця

Міністэрства ўнутраных справаў Украіны паведаміла, што 26 лютага ў Кіеўскай вобласьці з разбуранага мосту на аўтадарозе Кіеў – Ковель – Ягадзін на мяжы Кіеўскай і Жытомірскай абласьцей упалі пяць аўтамабіляў. У ведамстве дадалі, што адно дзіця загінула і чатыры чалавекі атрымалі раненьні.

17:52 26.2.2022

У Кіеве аб’явілі камэнданцкую гадзіну

Яна будзе дзейнічаць з 17:00 суботы да 8:00 панядзелка.

У гэты час рух уласнага транспарту, з выняткам тых, хто мае спэцыяльныя пропускі, забаронены. Усе цывільныя, якія будуць на вуліцы падчас камэнданцкае гадзіны, будуць лічыцца ўдзельнікамі дывэрсійна-выведных групаў праціўніка.

18:03 26.2.2022

Памежная служба Ўкраіны паведаміла аб абстрэлах з боку Беларусі: «Ляціць і малое, і вялікае»

Дзяржаўная памежная служба Украіны паведаміла актуальную інфармацыю наконт расейскага ўварваньня ва Украіну. Ведамства паведамляе аб абстрэлах з боку Беларусі.

«Ляціць і малое, і вялікае. Сёньня на мяжу Ўкраіны ў раёне непадалёк ад вёскі Познань, што на Ровеншчыне, зь Беларусі прыляцеў, хутчэй за ўсё, мінамётны снарад. Боепрыпас узарваўся на маршруце руху нараду Дзяржаўнай памежнай службы. Менавіта на гэтым участку мяжы памежнікі ўжо некалькі разоў заўважалі сьляды запуску ракет з тэрыторыі краіны, якая афіцыйна адмаўляецца ад саўдзелу ў расейскай агрэсіі супраць Украіны», сьцьвярджае ведамства.

18:09 26.2.2022

«Забяру грошы, калі пераможам». Што беларусы думаюць пра блякаваньне іх рахункаў украінскімі банкамі

На працягу дня 25 лютага большасьць буйных украінскіх банкаў заблякавала рахункі, адкрытыя на беларускія і расейскія пашпарты. Як стала вядома Свабодзе, у асобных выпадках рахункі беларусаў ва ўкраінскіх банках не толькі блякавалі, але і абнулялі — зь іх зьнікала інфармацыя аб наяўных сродках.

Што вядома на гэты момант.

18:21 26.2.2022

Дарадца кіраўніка офісу Зяленскага: Беларусь зьяўляецца бокам канфлікту

Дарадца кіраўніка офісу Зяленскага Міхаіл Падаляк пацьвердзіў, што Менск не задавальняе Ўкраіну як месца перамоваў з расейскім бокам.

«Для нас Менск першапачаткова быў дастаткова дзіўным месцам, бо Беларусь зьяўляецца бокам канфлікту. Але калі б былі нармальныя перамоўныя пазыцыі, мы маглі б часова прыняць прапанову месца, бо галоўнае — парадак дня», — цытуе Падаляка РБК.

Падаляк падкрэсьліў, што пакуль ідзецца толькі пра «перамовы аб перамовах» — узгадненьне даты і месца іх правядзеньня.

18:25 26.2.2022

У расейскім Белгарадзе затрымалі журналістаў Свабоды і «Новой газеты»

У расейскім Белгарадзе затрымалі журналіста расейскай службы Радыё Свабода Сяргея Хазава-Касія. Разам зь ім затрыманы апэратар Андрэй Кісялёў і журналісты «Новой газеты» Ільля Азар і Іван Жылін. Як паведамляе тэлеканал «Настоящее время», іх завезьлі ў паліцыю. Паводле Хазава, затрыманне адбылося, калі журналісты бралі інтэрвію ў мясцовага жыхара, які выйшаў на вуліцу ў камізэльцы з надпісам «Не вайне».

18:31 26.2.2022

Кадыраў: чачэнскія сілавікі накіраваныя ва Ўкраіну

Кіраўнік Чачні Рамзан Кадыраў заявіў 26 лютага, што чачэнскія сілавікі накіраваныя на тэрыторыю Ўкраіны, паведаміла агенцтва Reuters. Кадыраў заклікаў украінцаў зрынуць свой урад. Раней з такім зваротам да ўкраінскіх вайскоўцаў зьвяртаўся прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

19:04 26.2.2022

«Ужо няма права лічыць сябе закладнікамі абставін». Ціханоўская заклікала пратэставаць супраць вайны каля выбарчых участкаў

Сьвятлана Ціханоўская ў відэазвароце заклікала 27 лютага а 14-й гадзіне прыходзіць да выбарчых участкаў у Беларусі і актыўна выказваць пратэст супраць нападу Расеі на Ўкраіну.

19:25 26.2.2022

На сайце ТАСС зьявілася інфармацыя пра 3500 забітых, параненых і палонных расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне

На сайце расейскага дзяржаўнага агенцтва навінаў ТАСС у навіне пра заяву прэс-сакратара Пуціна зьявілася інфармацыя пра страты расейскага войска ва Ўкраіне са спасылкай на крыніцу ў Міністэрстве абароны Расеі.​

У прыватнасьці, там гаварылася пра больш чым 3500 забітых, параненых і палонных вайскоўцаў.

Неўзабаве гэтыя лічбы зьнікла, аднак Радыё Свабода пасьпела зрабіць скрыншот. Цяпер жа шэраг расейскіх урадавых сайтаў недаступны, у тым ліку сайты Крамля і Дзяржаўнай думы.

Расейскія ўлады не паведамляюць аб стратах свайго войска ў вайне супраць Украіны, рапартуючы толькі пра колькасьць захопленых і зьнішчаных украінскіх вайсковых аб’ектаў і адзінак тэхнікі.

19:29 26.2.2022

Расейскія вайскоўцы зьнішчылі дамбу на Паўночна-Крымскім канале

Расейскія вайскоўцы зьнішчылі пабудаваную Ўкраінай на Паўночна-Крымскім канале дамбу, якая перакрывала доступ вады ў Крым, — паведаміла РБК са спасылкай на кіраўніка акупаванага Расеяй Крыму Сяргея Аксёнава.

19:40 26.2.2022

Латвія адпраўляе 30 грузавікоў дапамогі ўкраінскім вайскоўцам

Латвія адправіць ва Ўкраіну каля 30 грузавых машын з дапамогай для вайскоўцаў: індывідуальны рыштунак, каскі, сухія пайкі, мэдычныя прылады і лекі. Пра гэта паведамляе выданьне Delfi з спасылкай на Міністэрства абароны Латвіі.

19:57 26.2.2022

Больш за 150 тысяч украінцаў уцяклі ад вайны ў суседнія краіны, — ААН

150 тысяч уцекачоў выехалі з Украіны ў суседнія дзяржавы, большасьць зь іх у Польшчу, паведаміў Высокі камісар ААН у справах уцекачоў Філіпа Грандзі.

«Больш за 150 тысяч украінскіх уцекачоў пераехалі ў суседнія краіны, палова з іх — у Польшчу, а многія — у Вугоршчыну, Малдову, Румынію і іншыя краіны», — напісаў ён у Твітэры 26 лютага.

20:16 26.2.2022

BILD: Канцлер Нямеччыны дазволіў саюзьнікам пастаўляць нямецкую зброю Ўкраіне

Канцлер Нямеччыны Оляф Шольц дазволіў партнэрам у NATO і краінам Эўразьвязу пастаўляць Украіне зброю нямецкай вытворчасьці, паведамляе нямецкае выданьне BILD. У прыватнасьці, урад Нямеччыны дазволіў Нідэрляндам адправіць 400 рэактыўных гранатамётаў украінскім вайскоўцам.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG