Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайсковы аўтамабіль на ўскраіне Данецку, 23 лютага 2022 году
Вайсковы аўтамабіль на ўскраіне Данецку, 23 лютага 2022 году

Танкі ў Данецку. Эўропа адказвае Пуціну санкцыямі. Расея рыхтуе ўдар па Ўкраіне? Што адбывалася 22 лютага

Ваенная агрэсія Расеі супраць Украіны пачалася ў 2014 годзе з акупацыі Крыму і часткова Данецкай і Луганскай абласьцей. Дыпляматычныя перамовы зьнізілі градус баёў. У 2022 годзе пасьля ўказу прэзыдэнта Расеі Пуціна аб прызнаньні незалежнымі самаабвешчаных рэспублік «ДНР» і «ЛНР» агрэсія ўзмацнілася.

  • 22 лютага Ўладзімір Пуцін заявіў, што Расея прызнала «ДНР» і «ЛНР» у межах Данецкай і Луганкай абласьцей.
  • Савет Фэдэрацыі Расеі даў дазвол выкарыстоўваць армію за мяжой
  • Украінскі бок заяўляе пра рэзкі рост абстрэлаў населеных пунктаў з кантраляваных сэпаратыстамі тэрыторый.
  • Кіеў ня выключыў разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй, адклікаў амбасадара з Масквы для кансультацый.
  • Эўразьвяз і Вялікабрытанія заявілі пра новыя санкцыі супраць расейскіх уладаў. Нямеччына спыніла сэртыфікацыю расейска-нямецкага газаправоду «Паўночны паток –​ 2»
  • Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн абвясьціў пра новы пакет санкцый супраць Расеі
  • Афіцыйны Менск «з павагай і разуменьнем» адрэагаваў на прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР»
  • На паседжаньні Рады бясьпекі ААН жорстка асудзілі дзеяньні Расеі. Прадстаўніца ЗША назвала лухтой словы Пуціна пра міратворчую місію.
  • МЗС Расеі заявіла пра эвакуацыю дыпляматаў з Украіны
12:40 22.2.2022

Ва ўкраінскім штабе заяўляюць пра абстрэлы сэпаратыстамі ваколіц Марыюпаля


Штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл Украіны заяўляе, што падтрыманыя Расеяй незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛНР» і «ДНР» раніцай 22 лютага пачалі абстрэльваць зь цяжкага ўзбраеньня ваколіцы Марыюпаля.

Пад абстрэлы таксама трапілі Шчасьце, Гнутава, Шырокіна, Краснагораўка, Лабачова, Мар’інка і Вадзяное. Паводле штабу, стратаў сярод украінскіх вайскоўцаў няма.

12:44 22.2.2022

125 набояў па Ўкраіне

Дабрачынны фонд кампэтэнтнай дапамогі ўкраінскаму войску «Повернись живим» апублікаваў зьвесткі зь лініі разьмежаваньня на 7:00 раніцы 22 лютага. Кантраляваныя Расеяй баевікі выпусьцілі 125 набояў па кантраляванай Украінай тэрыторыі.

12:59 22.2.2022

Міністар абароны Ўкраіны: «Наперадзе цяжкія выпрабаваньні, будуць страты, але трымаем строй»


Міністар абароны Ўкраіны Аляксей Рэзьнікаў у сваім звароце да вайскоўцаў заявіў, што вайсковае кіраўніцтва краіны і камандаваньне Ўзброеных сіл накіроўвае свае намаганьні на ўзмацненьні сыстэмы абароны і бясьпекі ўкраінскай дзяржавы.

«Крэмль зрабіў чарговы крок да адраджэньня Савецкага Саюзу. З новым Варшаўскім пактам і новай Бэрлінскай сьцяной. Адзінае, што аддаляе ад гэтага – Украіна і ўкраінская армія», – заявіў Аляксей Рэзьнікаў.
Міністар упэўнены ў перамозе Ўкраіны:

«Наш выбар вельмі просты – абараняць сваю краіну, свой дом, сваіх родных. Наперадзе цяжкія выпрабаваньні. Будуць страты. Давядзецца прайсьці праз боль, пераадолець страх і адчай. Але нас чакае перамога, бо мы на сваёй зямлі і за намі праўда».

13:15 22.2.2022

Ці будзе ва Ўкраіне ваенны стан?

Прэзыдэнт Уладзімір Зяленскі паабяцаў увесці ваеннае становішча, калі вайсковыя дзеянні супраць Украіны і эскаляцыя канфлікту ўсё ж пачнуцца,

13:17 22.2.2022

Зяленскі не выключае разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што разгледзець пытаньне аб магчымасьці разрыву дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй у сувязі з яе рашэньнем аб прызнаньні так званых «народных рэспублік» на ўсходзе Ўкраіны.

«Мы бачым наступ на дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласнасьць нашай дзяржавы. Гэта дакладна. Цяпер я атрымаў запыт Міністэрства замежных спраў, каб я разгледзеў пытаньне аб разрыве дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй. Я буду адпрацоўваць гэтае пытаньне. І ня толькі гэта пытаньне», – заявіў Уладзімір Зяленскі на брыфінгу ў Кіеве пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Эстоніі Аларам Карысам.

13:29 22.2.2022

Дзярждума ратыфікавала пагадненьні з групоўкамі «ДНР» і «ЛНР»

Дзяржаўная дума Расеі, ніжняя палата мясцовага парлямэнту, аднагалосна ратыфікавала пагадненьні аб дружбе і супрацоўніцтве з сэпаратысцкімі «ЛНР» і «ДНР» у першым чытаньні, піша РБК.

Нагадаем, самаабвешчаныя рэспублікі ўтвораныя ў 2014 пры непасрэдным удзеле Расеі і займаюць па некалькі раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны, утрымліваючы над імі кантроль. На занятых сэпаратыстамі тэрыторыях рэгулярна цягам 8 год фіксуюцца прыезды рэгулярных злучэньняў расейскага войска, а таксама вайсковая тэхніка, што стаіць на ўзбраеньні расейцаў.

13:33 22.2.2022

Эўрапейскія санкцыі супраць Расеі

Сёньня прайшла экстраная сустрэча амбасадараў ЭЗ у расейска-ўкраінскім пытаньні, паведамляе эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк. Удзельнікі ўзгаднілі пагадненьне аб санкцыйных сьпісах (замарожваньне актываў і візавыя забароны). Санкцыі будуць тычыцца як фізычных, так і юрыдычных асобаў.

13:44 22.2.2022

Прэзыдэнт Турэччыны заклікаў да выкананьня міжнароднага права

Прэзыдэнт Турэччыны Рэджэп Таіп Эрдаган назваў непрымальным рашэньне Расеі прызнаць «ЛНР» і «ДНР». «Мы лічым гэтае рашэньне непрымальным. Мы заклікаем бакі трымацца здаровага сэнсу і міжнароднага права», – цытуе Эрдагана агенцтва Anadolu.

Прэзыдэнт Турэччыны таксама выказаў гатоўнасьць узяць удзел у саміце, прапанаваным Уладзімірам Зяленскім. У ім павінны прыняць удзел сябры Рады Бясьпекі ААН, Турэччына і Нямеччына. «Прапанова спадара Зяленскага – пазытыўны падыход», – сказаў Эрдаган.

13:45 22.2.2022

Кіеў адклікаў свайго консула з Расеі для кансультацый


Міністэрства замежных спраў Украіны адклікала з Масквы для кансультацый свайго часовага паверанага Васіля Пакацілу. Як паведамляе прэсавая служба МЗС Украіны, гэта зроблена ў сувязі «з ухваленьнем кіраўніцтвам Расеі супрацьпраўных дзеяньняў у прызнаньні «незалежнасьці» створаных ёй квазіўтварэньняў на часова акупаваных тэрыторыях Украіны – так званых «ЛНР» і «ДНР».

13:50 22.2.2022

Прызнаньня па межах абласьцей ад Крамля ня будзе

МЗС Расеі паведаміла, што Крэмль прызнае «ДНР» і «ЛНР» у межах, у якіх тыя «ажыцьцяўляюць паўнамоцтвы і юрысдыкцыю», піша РБК.

Нагадаем, што паводле міжнароднага права гэтыя землі лічацца акупаванай тэрыторыяй Украіны. За агрэсію на сувэрэнную ўкраінскую зямлю на Расею наклалі міжнародныя санкцыі.

14:00 22.2.2022

Акцыя беларусаў у Львове супраць расейскай агрэсіі

Акцыя беларусаў у Львове
Акцыя беларусаў у Львове

14:02 22.2.2022

Кіеў: За тры гадзіны сэпаратысты абстралялі 14 населеных пунктаў на ўсходзе Ўкраіны

Штаб апэрацыі Аб’яднаных сіл Украіны заявіў, што раніцай 22 лютага толькі за тры гадзіны незаконныя ўзброеныя фармаваньні так званых «ЛДНР» абстралялі 14 населеных пунктаў.

У прыватнасьці, пад абстрэлы трапілі Шчасьце, Лабачова, Трохізбенка, Паўднёвае, Зайцава, Новалуганскае, Нью-Ёрк, Краснагораўк, Вадзяное, Мар’інка, Верхнетарэцкае, Гранітнае, Старамар’інка і Новагнатаўка. У выніку пашкодзілі 12 жылых будынкаў у Шчасьце і Гранітным, а ў Новагнатаўцы цалкам зруйнавалі адзін жылы будынак.

Вайскоўцы ўдакладняюць, ці ёсьць пацярпелыя ў выніку гэтых абстрэлаў.
Паводле ўкраінскага штабу, сэпаратысты працягваюць разьмяшчаць забароненыя менскімі дамоўленасьцямі артылерыйскія сыстэмы ў населеных пунктах і абстрэльваюць найперш аб’екты інфраструктуры.

14:11 22.2.2022

МУС Украіны: у горадзе Шчасьце на Данбасе абстралялі цеплаэлектрастанцыю

У выніку абстрэлу падтрыманымі Расеяй незаконнымі ўзброенымі фармаваньнямі зноў пацярпела Луганская цеплаэлектрастанцыя ў горадзе Шчасьце, паведамляе МУС Украіны. Гараць два трансфарматары. Ратавальныя службы спрабуюць патушыць пажар.

14:14 22.2.2022

Нямеччына спыняе сэртыфікацыю газаправоду «Паўночны паток –​

На фоне эскаляцыі расейска-ўкраінскага канфлікту ўрад Нямеччыны спыняе працэс сэртыфікацыі расейска-нямецкага газаправоду «Паўночны паток – 2» да далейшага паведамленьня. Пра гэта заявіў у аўторак канцлер Оляф Шольц.

14:30 22.2.2022

Японія, якая ў 2014-м не пагаджалася з санкцыямі супраць Расеі, цяпер падтрымае іх, —​ газэта Yomiuri

Японія рыхтуе новыя санкцыі супраць Расеі з прычыны сытуацыі вакол Украіны. Абмежаваць могуць экспарт у Расею японскай высокатэхналягічнай прадукцыі, тэхналёгіяў штучнага інтэлекту, чыпаў, робататэхнікі, — піша газэта Yomiuri, адна зь пяці нацыянальных газэт Японіі.

Урад Японіі таксама разглядае магчымасьць фінансавых санкцыяў.

У 2014 годзе Японія спачатку не пагадзілася з эканамічнымі санкцыямі, уведзенымі ЗША і эўрапейскімі краінамі, і замест гэтага вырашыла прыпыніць перамовы, сярод іншага, аб зьмякчэньні патрабаваньняў да выдачы візаў.

Гэтым разам японскі ўрад займае супольную пазыцыю з чальцамі G7, каб паказаць, што ён не дазволіць зьмяніць статус-кво з дапамогай сілы.

14:46 22.2.2022

Анджэй Дуда: «Многае ўказвае на тое, што расейскае войска ня выйдзе зь Беларусі»

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выказаўся за моцныя санкцыі супраць Расеі. Ён настойвае на тым, што Эўразьвяз і NATO павінны захоўваць еднасьць і распрацаваць моцныя санкцыі супраць Расеі. Найбліжэйшымі днямі пройдуць кансультацыі ў гэтым пытаньні. Таксама Дуда сказаў і пра Беларусь.

«Многае ўказвае на тое, што расейскае войска ня выйдзе зь Беларусі. Усходні флянг NATO вымагае ўзмацненьня», — цытуе Дуду агенцтва PAP.

14:50 22.2.2022

Акцыя ў падтрымку Ўкраіны ў Тбілісі

Тбілісі, 22 лютага
Тбілісі, 22 лютага
Тбілісі, 22 лютага
Тбілісі, 22 лютага

15:20 22.2.2022

15:31 22.2.2022

У МЗС Расеі зьняпраўджваюць увод расейскіх войскаў у так званыя «ДНР» і «ЛНР»

«Расея пакуль не зьбіраецца ўводзіць войскі ў ДНР і ЛНР, рашэньне будзе прынятае зыходзячы з пагрозаў», — заявілі ў МЗС Расеі.

16:06 22.2.2022

Афіцыйны Менск «з павагай і разуменьнем» адрэагаваў на прызнаньне Расеяй «ДНР» і «ЛНР»

«Гэты крок Расеі мае ня толькі палітычнае, але і сур’ёзнае чалавечае, гуманітарнае вымярэньне, улічваючы колькасьць расейскіх грамадзян, якія жывуць на гэтых тэрыторыях і адчуваюць нястачу амаль восем гадоў. Беларусам як нікому іншаму знаёмыя жахі вайны, а імкненьне жыць у міры і згодзе паміж народамі — у нашым генэтычным кодзе», — гаворыцца ў заяве беларускага замежнапалітычнага ведамства.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG