Парлямэнт Украіны заклікаў не прызнаваць незалежнасьць «ЛНР» і «ДНР»
Вярхоўная Рада Ўкраіны патрабуе ад Расеі скасаваць рашэньні, накіраваныя на падрыў дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласьці Ўкраіны, і заклікае іншыя краіны не прызнаваць «незалежнасьць» акупаваных Расеяй асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей.
«Гэтым рашэньнем Расея ўчыніла акт чарговай агрэсіі ды чарговы раз парушыла дзяржаўны сувэрэнітэт і тэрытарыяльную цэласьць Украіны ў межах міжнародна прызнаных межаў, а таксама шэраг міжнародна-праўных актаў двухбаковага і шматбаковага характару», — адзначаецца ў заяве.
Вялікая Брытанія ўводзіць санкцыі супраць бліжэйшага атачэньня Пуціна і 5 расейскіх банкаў
Ідзецца пра бізнэсоўцаў Цімчанку і братоў Ротэнбэргаў, а таксама 5 расейскіх банкаў: Чарнаморскі банк разьвіцьця і рэканструкцыі, банкі «Россия», «Промсвязьбанк», Генбанк і Індустрыяльны ашчадны банк.
«Уладзімір Пуцін парушыў сувэрэнітэт Украіны і міжнароднае права. Мы неадкладна ўвядзем пакет санкцыящ супраць расейскіх эканамічных інтарэсаў», — заявіў прэм’ер-міністар Брытаніі Барыс Джонсан.
Каго закрануць эўрапейскія санкцыі за агрэсію супраць Украіны
Афіцыйны прадстаўнік Эўрапейскай службы вонкавых сувязяў Пэтэр Стана анансаваў сёньняшнюю нефармальную сустрэчу міністраў замежных справаў ЭЗ, якія маюць узгадніць першы пакет санкцыяў супраць Расеі. Санкцыі нацэленыя на:
- тых, хто меў дачыненьне да незаконнага рашэньня,
- банкі, якія фінансуюць расейскія ваенныя ды іншыя апэрацыі на гэтых тэрыторыях,
- магчымасьці расейскага ўраду атрымаць доступ да эўрапейскіх фінансавых рынкаў і паслуг — каб абмежаваць фінансаваньне агрэсіўнай палітыкі,
- магчымасьці гандлю двух сэпаратысцкіх рэгіёнаў у межах ЭЗ.
У Кіеве і Варшаве ля амбасадаў Расеі праходзяць акцыі асуджэньня расейскай агрэсіі супраць Украіны і Беларусі
У Маскве затрымалі мясцовага дэпутата і музыку, якія пратэставалі супраць вайны з Украінай
У Маскве каля будынку адміністрацыі прэзыдэнта Расеі ў аўторак затрымалі муніцыпальнага дэпутата Сяргея Цукасава і музыку Кірыла Мядзьведзева. Яны ладзілі адзіночныя пікеты супраць вайны з Украінай. Пра гэта паведамляе выданьне DOXA.
Мядзьведзеў стаяў з аркушам, на якім было напісана «Не — вайне Крамля супраць украінцаў і расейцаў», а Цукасаў з плякатам «Не — уварваньню!»
Латвійская авіякампанія airBaltic часова спыняе начныя палёты ва Ўкраіну і з Украіны
Прычына зьменаў — сытуацыя ва Ўкраіне. «Бясьпека нашых пасажыраў і супрацоўнікаў ёсьць галоўным прыярытэтам», — заявілі ў кампаніі. Тэрмін прыпыненьня палётаў на гэты момант — да канца лютага. Скасавалі 5 начных рэйсаў паміж Рыгай і Кіевам і 2 — паміж Рыгай і Адэсай.
У Вярхоўную Раду Ўкраіны ўнесьлі праект пастановы аб прыпыненьні дыпляматычных дачыненьняў з Расеяй
Дэпутат фракцыі «Эўрапейская салідарнасьць» Аляксей Ганчарэнка ўнёс на разгляд Вярхоўнай Рады Ўкраіны праект пастановы аб прыпыненьні дыпляматычных стасункаў з Расеяй.
Украіна разглядае магчымасьць закрыць мяжу зь Беларусьсю
Праект пастановы, які ўнесла дэпутатка ад партыі «Свабода» Аксана Саўчук, зьявіўся на сайце Вярхоўнай Рады. Там прапануецца «спыніць транспартныя зносіны з Расейскай Фэдэрацыяй і разгледзець магчымасьць закрыцьця мяжы з Рэспублікай Беларусьсю і Расейскай Фэдэрацыяй».
Пуцін зьвярнуўся ў Савет Фэдэрацыі па дазвол выкарыстоўваць армію за мяжой
Як паведамляе РБК, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін зьвярнуўся ў Савет Фэдэрацыі РФ па дазвол выкарыстоўваць армію за мяжой.
Савет Фэдэрацыі Расеі даў дазвол выкарыстоўваць армію за мяжой
Савет Фэдэрацыі Расеі аднагалосна ўхваліў зварот прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна аб выкарыстаньні расейскага войска за мяжой.
Гэта фармальна неабходна для адпраўкі вайскоўцаў у Данбас. Колькасьць войскаў, а таксама раёны іх выкарыстаньня вызначыць прэзыдэнт РФ.
Пуцін: Расея прызнала «ДНР» і «ЛНР» у межах, вызначаных іх канстытуцыямі
Расея прызнала «ДНР» і «ЛНР» у тых межах, якія вызначаны ў іх канстытуцыях, паведаміла агенцтва ТАСС са спасылкай на расейскага прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна.
Ваеўнікі «ДНР» і «ЛНР» прэтэндуюць на тэрыторыі Данецкай і Луганскай абласьцей Украіны цалкам, хоць кантралююць менш за палову гэтай тэрыторыі.
МЗС Расеі заявіла пра эвакуацыю дыпляматаў з Украіны
Міністэрства замежных справаў Расеі выступіла з заявай пра рашэньне эвакуаваць пэрсанал расейскіх замежных установаў ва Ўкраіне, «якое будзе рэалізавана ў найбліжэйшы час».
Тлумачацца, што рашэньне прынялі для абароны «жыцьця і бясьпекі» дыпляматаў, бо з 2014 году расейскія ўстановы ва Ўкраіне зазнавалі «неаднаразовыя напады» і «насуперак сваім абавязаньням паводле Венскіх канвэнцыяў аб дыпляматычных і консульскіх зносінах кіеўскія ўлады не рэагавалі на тое, што адбываецца».
Эўразьвяз дамовіўся ўвесьці санкцыі супраць расейскіх дэпутатаў і бізнэсу
Эўразьвяз уключыў у санкцыйны сьпіс 351 дэпутата Дзяржаўнай думы Расеі, які прагаласаваў за незалежнасьць «ДНР» і «ЛНР». Таксама прадстаўнікі ўсіх краін Эўразьвязу дамовіліся, што ў чорны сьпіс ЭЗ будуць уключаны 27 фізычных і юрыдычных асобаў, у тым ліку банкі і арганізацыі, якія фінансуюць апэрацыі Расеі на Данбасе. ЭЗ дадаткова прыняў рашэньне абмежаваць доступ Расеі да фінансавага рынку і рынку капіталу ЭЗ.
Ва Ўкраіне плянуюць увесьці надзвычайнае становішча ў «памежных абласьцях»
Гэтую тэму абмеркавалі сёньня на нарадзе ў прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага з кіраўнікамі сілавых міністэрстваў і ведамстваў, а таксама зь кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый.
«Уводзіць ваеннае становішча пакуль ня будуць да таго часу, пакуль не распачнецца агрэсія. Больш дэталёва абмеркавалі пытаньне надзвычайнага становішча ў памежных абласьцях, і магчыма, на такое рашэньне пойдуць, калі так будзе разгортвацца сытуацыя», – паведаміў журналістам кіраўнік урадавай фракцыі «Слуга народу» Давід Арахамія.
Ён удакладніў, што найперш такое рашэньне можа быць ухваленае ў дачыненьні да Луганскай і Данецкай абласьцей. Паводле Давіда Арахаміі, парлямэнт цягам аднаго дня ўхваліць адпаведны законапраект у выпадку неабходнасьці.
Байдэн абвясьціў пра санкцыі супраць Расеі
Прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн заявіў 22 лютага ў сувязі з крызісам вакол Украіны і прызнаньнем Масквой незалежнасьці «ДНР» і «ЛНР», што ЗША ўводзяць першы пакет новых санкцый супраць Расеі.
«Сёньня, у адказ на расейскае прызнаньне, што Расея ня выведзе свае войскі зь Беларусі, я распарадзіўся правесьці дадатковае перакідваньне амэрыканскіх вайскоцаў і абсталяваньня, якія ўжо разьмешчаныя ў Эўропе, каб узмацніць нашых балтыёскіх саюзьнікаў — Эстонію, Латвію і Літву», — заявіў прэзыдэнт ЗША.
Ад абстрэлаў на ўсходзе Ўкраіны цягам дня загінуў адзін украінскі вайсковец
Штаб апэрацыі Аб’яданых сіл Украіны паведаміў, што цягам дня ў выніку абстрэлаў па ўсёй лініі фронту адзін украінскі вайсковец загінуў, адзін атрымаў раненьні і яшчэ пяцёра атрымалі «баявыя траўмы». Інфармацыя пра новыя ахвяры сярод цывільнага насельніцтва ўдакладняецца.
Паведамляецца, што за апошнія шэсьць дзён адбылося 206 абстрэлаў па цывільных аб’ектах, пашкоджана 62 і цалкам зруйнавана 2 жылыя будынкі, пашкоджана 4 школы і 13 аб’ектаў важнай інфраструктуры. За гэты час загінула адна цывільная асоба, параненыя дзьве і тры атрымалі кантузію.