Маёнтак Зэелах у XIX стагодзьдзі, паводле зьвестак Deutsche Welle, быў летняй рэзыдэнцыяй вядомага расейскага дыплямата, тайнага саветніка Міхаіла Храптовіча. Новыя гаспадары з Казахстану ўладкоўвалі яго амаль дзесяцігодзьдзе і завяршылі будоўлю толькі два гады таму. Тут ёсьць ляндшафтны парк з фантанамі, а пад ім — спа плошчай каля тысячы квадратных мэтраў. Шкляны купал над 25-мэтровым басэйнам бачны нават на здымках з космасу.
Кошт гэтага абʼекта нерухомасьці дасягнуў 60 млн эўра — менавіта на такую суму за гады рэканструкцыі быў паэтапна павялічаны статутны капітал кампаніі Schloss Seelach Invest, якой належыць Зэелах, паказваюць журналісты са спасылкай на нямецкі рэестар кампаній.
Па словах аднаго з датычных да рэканструкцыі дома, «грошай яны не шкадавалі», будаўнікі давалі справаздачу пра кожны крок, пасылаючы ў Казахстан фатаграфіі.
«Аднойчы заказчыкам не спадабаліся фрэскі, і яны распарадзіліся зрабіць нанава працу, за якую мастаку ўжо былі выплачаныя каля 150 тысяч эўра», — расказаў ён.
Акрамя маёнтку, ім належаць яшчэ тры абʼекты нерухомасьці (віла і два гатэлі), у тым ліку два гістарычныя помнікі — пабудаваная на пачатку ХХ стагодзьдзя віла вядомага архітэктара Густава Штро ў Бадэн-Бадэне і замак-гатэль Бюлерхеі. Агулам у вілы і гатэль, як сьцьвярджае Deutsche Welle, былі ўкладзеныя больш за 100 млн эўра.
Заснавальнік Schloss Seelach Invest GmbH — уласьніцы маёнтка Зэелах — казахстанская кампанія Verus Praedium International, якая, у сваю чаргу, належыць кампаніі «Кипрос» з Алматы. Згодна з выпіскай з Рэестру празрыстасьці, якая ёсьць у распараджэньні DW, бэнэфіцыяр Schloss Seelach Invest GmbH — Цімур Кулібаеў.
Цімур і Дынара Кулібаевы, паводле гэтага рэестру, зьяўляюцца ў Нямеччыне канчатковымі бэнэфіцыярамі яшчэ адной кампаніі — Bühlerhöhe Castle Invest GmbH, якой яны валодаюць праз казахстанскую Mercury Properties. Гэтай кампаніі належаць два гатэлі ў Бюле, непадалёк ад Бадэн-Бадэна. Адзін зь іх — замак-гатэль Бюлерхеі.
Mercury Properties не адказалі на запыт выданьня наконт мэтаў набыцьця актываў у Нямеччыне і далейшых плянаў выкарыстаньня нерухомасьці.
«Усё гэта яны, падобна, скупілі проста як заначку на чорны дзень», — лічыць мэр Бюля Губэрт Шнур. Паводле яго, у адрозьненьне ад віл, у гатэлі яны нічога ня ўклалі, і тыя прастойваюць. Адзінымі гасьцямі за апошнія гады былі каля сотні літоўскіх будаўнікоў, якія працавалі на вілах казахстанцаў. «Мне рэгулярна паступаюць прапановы ад нямецкіх інвэстараў аб куплі гатэляў, але казахі не адказваюць на мае лісты», — кажа ён.
Казаскі палітоляг Дасым Сатпаеў лічыць, што шыкоўныя маёнткі для сямʼі былога прэзыдэнта — такі ж «запасны аэрадром» на выпадак зьмены ўлады, як і залатыя зьліткі, акцыі і грошы на рахунках у заходніх банках.