25-гадовы біятляніст Антон Смольскі заваяваў срэбны мэдаль на Алімпійскіх гульнях у Пэкіне. Ураджэнец Капыльскага раёну ідэальна прайшоў індывідуальную гонку на 20 км: на чатырох агнявых рубяжах (20 стрэлаў) Антон не дапусьціў ніводнай памылкі.
Залаты мэдаль здабыў лідэр сэзону, француз Кентэн Фіён-Мае, якому беларус саступіў 14,8 сэкунды. Французу не перашкодзілі нават два недакладныя стрэлы. Бронза дасталася Ёганэсу Бо з Нарвэгіі.
Што да іншых беларусаў: Дзьмітры Лазоўскі стаў 45-м, Максім Варабей — 62-м. Мікіта Лабастаў сышоў з дыстанцыі.
Апошні раз мэдаль у мужчынскім біятлёне на Алімпіядзе беларусы бралі ў 2010 годзе. Тады Сяргей Новікаў заваяваў срэбра, прычым таксама ў індывідуальнай гонцы.
Гэта першы Беларусі на сёлетняй зімовай Алімпіядзе, што праходзіць у кітайскім Пэкіне.
У мэдальным заліку на момант публікацыі ў лідэрах Кітай, які мае 5 узнагарод, зь іх 3 залатыя і 2 срэбраныя мэдалі. У агульнай колькасьці мэдалёў наперадзе Расейскі алімпійскі камітэт (Расеі праз допінгавыя скандалы зноў забаронена выступаць пад сваім сьцягам), у каманды 8 узнагарод.