Прысуды ў «справе ўзлому кампутарнай сыстэмы Менскага гарвыканкаму»
У судзе Заводзкага раёну Менску 28 студзеня агучылі выракі чатыром палітвязьням у «справе ўзлому кампутарнай сыстэмы Менгарвыканкаму». Палітзьняволеных братоў Кіма і Аляксея Самусенкаў асудзілі на 6,5 і 4 гады калёніі агульнага рэжыму адпаведна, Паўла Дразда і Івана Андрушойця — на 3,5 года калёніі кожнага, паведамляе «Вясна».
Суд паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу — ч. 1 арт. 350 (мадыфікацыя кампутарнай інфармацыі), арт. 352 (неправамернае завалоданьне кампутарнай інфармацыяй), ч. 1 арт. 354 (выкарыстаньне шкоднасных кампутарных праграм), ч. 1 арт. 342 (актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), арт. 341 (псаваньне маёмасьці ў грамадзкіх месцах), ч. 1 арт. 13, ч. 2 арт. 293 (падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках) — цягнуўся два месяцы ў закрытым рэжыме.
Былога вайскоўца асудзілі на 2 гады «хіміі» за камэнтар аб пракурору
Праваабаронцам «Вясны» стала вядома аб працэсе над былым вайскоўцам за абразу пракурора. Суд адбыўся ў Дзятлаве. Справу вяла судзьдзя Натальля Лобан. Бок дзяржабвінавачваньня прадстаўляла Ірына Забеліна, якая прасіла суд адправіць Максіма ў калёнію на два гады.
Вайсковец зь Ліды Максім (імя зьмененае ў мэтах бясьпекі) служыў па кантракце ў вайсковай частцы 19764. Яе падчас выбараў наведаў наваградзкі пракурор Аляксандар Шляжко, каб правесьці ідэалягічную працу сярод вайскоўцаў.
Пасьля ў тэлеграм-канале «Карнікі Беларусі» Максім напісаў: «Этот урод приходил к нам в часть в Новогрудке», — піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».
За гэты камэнтар супраць хлопца завялі крымінальную справу паводле арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады). На Максіма пачаўся ціск з боку сілавых органаў, у тым ліку дома ў яго адбыліся ператрусы. Максім быў вымушаны звольніцца з вайсковай часткі.
Максім расказаў «Вясьне», што калі судзьдзя выклікала яго прамаўляць апошняе слова, ён зьнепрытомнеў.
«Калі я страціў прытомнасьць, у іх ніякага шкадаваньня не было. Прыкрываліся тым, што гэта „наша праца“. А тое, што я думаў тады, што сэрца лопне, то гэта нікога не хвалявала. Мне потым расказалі, што гэта [прысуд] быў загад зьверху. Мала таго, што мяне давялі, дык яшчэ і маці. На судзе казалі, што гэта дзяржаўнае злачынства. Зь мяне рабілі ледзь не тэрарыста, хоць паводле абвінавачваньня я абразіў пракурора», — расказаў праваабаронцам Максім.
Судзьдзя прызначыла хлопцу два гады абмежаваньня волі ва ўстанове адкрытага тыпу. Цяпер ён адбывае тэрмін на «хіміі».
7 «сутак» за нацыянальны сьцяг на акне
Суд Партызанскага раёну Менску разгледзеў справу 25-гадовай жыхаркі Менску Вольгі Пракоп, якая вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг на акно, паведамляе «Вясна». Затрымалі яе ўвечары 7 студзеня. У Партызанскім РУУСе на дзяўчыну склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП — за «несанкцыянаванае пікетаваньне сьцягам, разьмешчаным на акне прыватнага дома».
На судзе Вольга віны не прызнала, а заявіла, што выкарыстоўвала сьцяг у якасьці фіранкі і пікет не праводзіла. Да матэрыялаў справы далучылі фатаздымкі сьцяга, якія міліцыянты зрабілі з вуліцы.
Судзьдзя Натальля Дзядкова прызнала Вольгу вінаватай і арыштавала яе на 7 сутак.
Выкладчыцу з Мастоў аштрафавалі за рэпост зь Белсату, зроблены ў 2019 годзе
У Мастах 19 студзеня адбыўся суд над выкладчыцай сальфэджыё і музычнай літаратуры мясцовай Дзіцячай школы мастацтваў Галінай Цярэнцьевай, паведамляе «Вясна». Яе затрымалі 16 сьнежня проста на працы і суткі ўтрымлівалі ў камэры мясцовага РАУСа. Дома ў Галіны правялі ператрус, падчас якога забралі ноўтбук, тэлефон і робат-пыласос.
На выкладчыцу склалі пратакол па арт. 19.11 КаАП (распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў) за рэпост зь Белсату ў 2019 годзе.
Суд Мастоўскага раёну пакараў Цярэнцьеву штрафам у памеры 640 рублёў (20 базавых велічыняў).