Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ў Брытаніі вырашылі, каб на COVID-19 перахварэлі ўсе, хто яшчэ не перахварэў, і ў чым розьніца зь Беларусьсю. Тлумачыць мікрабіёляг


Лёндан. Ілюстрацыйнае фота.
Лёндан. Ілюстрацыйнае фота.

Кандыдат біялягічных навук, мікрабіёляг, супрацоўніца Манчэстэрскага гарадзкога ўнівэрсытэту, ураджэнка Беларусі Вікторыя Дароніна ў эфіры Свабоды Premium разважае, ці набліжае канец пандэміі штам «Омікрон», тлумачыць, чаму Вялікая Брытанія здымае практычна ўсе каранавірусныя абмежаваньні.

Глядзіце размову на відэа цалкам

Асноўныя тэзісы мікрабіёляга Вікторыі Даронінай


Чаму для прышчэпленых «Омікрон» — як цяжкі грып, а для непрышчэпленых — як «Дэльта»

Вікторыя Дароніна
Вікторыя Дароніна

— «Омікрон» распаўсюджваецца нашмат хутчэй, чым зыходны штам і штам «Дэльта». Калі вы не хварэлі на каранавірус, то вялікая верагоднасьць, што вы на яго перахварэеце, бо адзін чалавек заражае шмат людзей. У гэтага штаму крыху іншыя сымптомы, найхутчэй як у грыпу. Але ёсьць дзьве групы сымптомаў у залежнасьці ад таго, хто заразіўся. Калі вы на працягу апошніх 6 месяцаў перахварэлі на любы варыянт каранавірусу, або калі вы прышчэпленыя супраць каранавірусу, то калі вы ўсё ж захварэлі, гэта праходзіць як дрэнны грып (тэмпэратура, галаўны боль, закладзены нос). А калі вы не хварэлі і не прышчэпленыя і ў вас няма ніякай імуннай абароны супраць карананавірусу, то тады «Омікрон» праходзіць з усімі сымптомамі зыходных штамаў (частая страта паху, смаку, верагоднасьць трапіць на «вэнтылятар»).

Якая верагоднасьць заразіцца «Омікронам» у прышчэпленых

— У людзей, якія зрабілі дзьве прышчэпкі і бустэр, у 8 разоў меншая верагоднасьць заразіцца гэтым штамам, чым у непрышчэпленых. Паўторныя заражэньні, так званыя прарыўныя інфэкцыі былі дагэтуль вельмі рэдкія ў прышчэпленых людзей. Цяпер, паколькі «Омікрон» істотна адрозьніваецца ад зыходнага штаму, супраць якога была зробленая прышчэпка, паўторныя заражэньні магчымыя і больш верагодныя. Але верагоднасьць захварэць значна меншая ў прышчэпленых людзей, у параўнаньні зь непрышчэпленымі. Калі чалавек зрабіў трэцюю прышчэпку, аднавіў сваю імунную абарону, меншая верагоднасьць заразіцца, трапіць у шпіталь, і меншая верагоднасьць памерці. Але гэта ня мяккі вірус. Ён мяккі, толькі калі вы прышчэпленыя. Сярод тых, хто памірае ад яго, 90% непрышчэпленых.

Чаму Брытанія здымае каранавірусныя абмежаваньні

— У Брытаніі некалькі месяцаў таму прынялі рашэньне прышчапіць трэцяй дозай як мага большую колькасьць людзей. Гэта было выканана, рабілі больш за мільён прышчэпак штодня, і таму наступствы «Омікрону» ў Брытаніі ня вельмі дрэнныя. Брытанцы скасоўваюць усе захады, каб тыя, хто яшчэ не перахварэў, перахварэлі. Гэтага імунітэту павінна хапіць да вясны. А ў наступным годзе будзе бачна, які будзе штам — слабейшы ці мацнейшы, і ў залежнасьці ад гэтага можна будзе вакцынаваць людзей з аслабленай імуннай сыстэмай.

Каму будзе патрэбная чацьвёртая прышчэпка

— У розных краінах гэта будзе па-рознаму, Брытанская дзяржава цяпер вырашыла, што дадатковымі прышчэпкамі будуць вакцынаваць толькі людзей з аслабленай імуннай сыстэмай, пасьля 60–70 гадоў. Так у Ізраілі зрабілі, дзе чацьвёртай прышчэпкай вакцынавалі старэйшых жыхароў краіны. У Брытаніі вырашылі, што ўжо дастаткова расходавана рэсурсаў на гэты вірус, эканоміка ня вытрымае, людзі ўжо не вытрымліваюць, таму мы будзем мірыцца з тым, што вірус выклікае.

Пра калектыўны імунітэт і розьніцу зь Беларусьсю

— Што такое калектыўны імунітэт? Перахварэлыя плюс прышчэпленыя людзі. У Брытаніі аказалася, што калектыўны імунітэт створаны. Пераважная большасьць людзей, якія цяпер хварэлі на «Омікрон», мелі імунітэт. Такім чынам, каля 10% перахварэлых, у якіх захаваўся імунітэт, і 80% прышчэпленых, у тым ліку бустэрам. Гэта стварае 90% імунітэту. Няма абсалютнай абароны ад вірусу, як пры восьпе, але большая частка людзей пераносіць вірус лёгка. У Беларусі, умоўна, 20% перахварэлі плюс 30% прышчапіліся. Гэта азначае, што 50% людзей працягнуць хварэць. У гэтым розьніца. Брытанія і іншыя эўрапейскія краіны вырашылі, што зроблена дастаткова, каб пазьбегнуць вялізарнай падвышанай сьмяротнасьці. У Беларусі праблема ў тым, што ніхто ня ведае, колькі людзей памерла, і ніхто ня ведае, колькі яшчэ памрэ.

Ці канец гэта пандэміі

— Мы набліжаемся да канца пандэміі. Пандэмія заканчваецца, калі інфэкцыя пераходзіць у так званы эндэмічны статус, калі нейкі хваробатворны арганізм, вірус прысутнічае ў папуляцыі ўвесь час. Гэта не як у выпадку з эпідэміяй чумы, у выніку якой людзі або памерлі, або ў іх утварыўся імунітэт, і бактэрыі ў папуляцыі больш няма. У Эўропе кажуць, што пандэмія заканчваецца і вірус пераходзіць у цыркуляцыю ў папуляцыі. Было чатыры слабыя каранавірусы, якія давалі нейкі працэнт сэзонных рэсьпіраторных захворваньняў, цяпер да іх дадаецца яшчэ і COVID-19.

Чакаць новай вакцыны супраць «Омікрону» ці прышчапляцца наяўнымі вакцынамі?

— «Файзэр» і іншыя вытворцы абяцалі на працягу 100 дзён распрацаваць вакцыну супраць «Омікрону». У Брытаніі ў сьнежні, студзені прайшла хваля «Омікрону», большасьць людзей перахварэлі, і няма сэнсу ў вялікай колькасьць набываць новую вакцыну, калі яна будзе распрацаваная. Усё залежыць ад таго, які штам будзе хадзіць вясной — падобны да «Омікрону» ці да зыходнага штаму. Калі да «Омікрону», новая прышчэпка будзе задзейнічаная. Мне падаецца, што чакаць новай прышчэпкі ня мае ніякага сэнсу. Штам ідзе цяпер, хварэць вы будзеце цяпер. Калі двойчы прышчапіліся, будзеце хварэць лягчэй, калі тройчы, яшчэ большая верагоднасьць перанесьці гэта як звычайны грып.

Пра статыстыку

— Раней былі трохзначныя лічбы станоўчых тэстаў, з прыходам «Омікрону» — чатырохзначныя. Гэта паказвае, што захворвальнасьць расьце. У Беларусі гэта не адлюстроўваецца ў статыстыцы, але людзі разумеюць, што статыстыка захворвальнасьці і сьмяротнасьці не адпавядае рэальнай сытуацыі. На статыстыку трэба глядзець, калі яна адлюстроўвае рэальнасьць. Калі сьмяротнасьць не павялічваецца, то ясна, што такую статыстыку падрабляюць.

Пра палітычны складнік адмены каранавірусных абмежаваньняў

— Брытанія абвясьціла пра скасаваньне ўсіх проціэпідэмічных захадаў. На мінулым тыдні скасавалі маскі ў школах для старэйшых клясаў, на гэтым тыдні зь чацьвярга ў транспарце маскі скасуюць. І хоць цяпер маскі абавязковыя, я бачу, што многія людзі іх зьнялі, бо за два гады ўсім настолькі надакучыла, што людзі гатовыя рызыкнуць. Тут урад ідзе насустрач насельніцтву. У Брытаніі яшчэ і палітычны скандал з удзелам прэм’ера, і ён, відавочна, хоча адцягнуць ад гэтага ўвагу, зрабіць людзям добрае, як яму падаецца, і скасаваць супрацьэпідэмічныя захады. Магчыма, гэта адчуваньне таго, што народ ня вытрымае і ня будзе гэтыя захады выконваць. Дык вырашылі дазволіць, каб не давялося караць. Гэта брытанскае стаўленьне — пойдзем насустрач народу.

Ці прыйдуць новыя штамы з Афрыкі

— «Омікрон» прыйшоў з Афрыкі, дзе нізкі працэнт вакцынаваных. Калі няма магчымасьці тэставаць, няма магчымасьці бачыць, ад чаго людзі паміраюць. У Афрыцы нізкі працэнт вакцынацыі не таму, што людзі ня хочуць прышчапляцца, як у Расеі і Беларусі, — там проста вакцын няма. У Брытаніі ідзе вялікая кампанія, каб купіць і падарыць вакцыны. Пакуль такога ня зробяць глябальна, «Омікрон» ці іншыя штамы будуць прыходзіць у Эўропу і ўрэшце даходзіць і да Беларусі. Так адбываецца зь любымі іншымі вірусамі, як зь вірусам грыпу, які недзе зараджаецца, трапляе ў эўрапейскую папуляцыю, у якой няма імунітэту. Адбываюцца дзьве хвалі — восеньска-зімовая і веснавая. Гэтак жа будзе і з новымі штамамі каранавірусу.

Які вынік пандэміі

— Некаторы працэнт насельніцтва памёр, разьвітыя краіны змаглі хутка зрабіць вакцыну. Цяпер вырашана, што зроблена дастаткова дзеля таго, каб з гэтым вірусам жыць. І паступова ўсё пераходзіць у нармальнае рэчышча. Як навуковец я лічу, што навука зрабіла што змагла. Вакцыны зробленыя, прамысловасьць іх выпусьціла. Засталося зрабіць так, каб палітыкі і насельніцтва рабілі тое, што ад іх залежыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG