Вярхоўны суд задаволіў пазоў аб ліквідацыі Беларускай фэдэрацыі кёрлінгу, які ініцыявала Міністэрства юстыцыі. Цяпер алімпійскі від спорту ў Беларусі жыве толькі на аматарскім узроўні, паведамляе tribuna.com.
Нагодай для ліквідацыі фэдэрацыі стала тое, што некалькі чалавек з нацыянальнай зборнай падпісалі ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары, а таксама жорсткія падзеі, якія здарыліся раней з капітанам мікст-зборнай Дзьмітрыем Барканам. У ноч з 9-га на 10-га жніўня 2020 года амапаўцы груба затрымалі Зьміцера ў Менску. Яго выцягнулі з уласнай машыны разам з жонкай і двума сябрамі. З РУУС яго адправілі ў турму Жодзіна і пасьля дзьвюх сутак у перапоўненай камэры яго выпусьцілі на тле масавых на той момант вызваленьняў. Пазьней Баркан, як і сем іншых беларускіх гульцоў і трэнэраў узроўню зборных, падпісалі ліст спартоўцаў за сумленныя выбары.
У пачатку кастрычніка 2020-га мужчынская каманда па выніках перамогі ў чэмпіянаце Беларусі сфатаграфавалася ў майках у падтрымку баскетбалісткі Алены Леўчанкі, якая адбывала на той момант адміністрацыйнае пакараньне на Акрэсьціна. Таксама на адной са шчотак былі бачныя невялікія бел-чырвона-белыя палосы.