Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Купалаўцы» онлайн пакажуць «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі»


Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» падчас прэм’еры спэктаклю «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» ў Кракаве. 5 сьнежня 2021 году
Незалежная тэатральная група «Купалаўцы» падчас прэм’еры спэктаклю «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» ў Кракаве. 5 сьнежня 2021 году

Незалежная тэатральная група «Купалаўцы», якая праводзіць другі сэзон бяз сталай пляцоўкі, запрашае на онлайн-спэктакль «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі».

13 студзеня 2022 году а 19:00 паводле беларускага часу на youtube-канале Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» адбудзецца паказ відэавэрсіі спэктакля паводле аднайменнага рамана Сяргея Пясецкага «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі».

Офлайн-прэм’ера спэктаклю ў рэжысуры Мікалая Пінігіна, якім «Купалаўцы» распачалі свой другі тэатральны сэзон, адбылася на фэстывалі «Боская камедыя» ў сьнежні ў польскім Кракаве і выклікала цёплы прыём публікі.

У ролях — Андрэй Дробыш, Валянціна Гарцуева, Андрэй Градабоеў, Ігар Сігаў, Сяргей Чуб, Віктар Манаеў, Зоя Белахвосьцік, Мікалай Кучыц, Алеся Бельская, Аляксандар Зелянко і Аляксандар Паўлаў.

Сяргей Пясецкі — польскі пісьменьнік зь Ляхавіч. А яшчэ кантрабандыст, шпіён і нястомны авантурыст. Ягоны раман «Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» апісвае падзеі Другой сусьветнай вайны ў Вільні і Горадні. Твор лічыцца жорсткай сатырай, якая ў гратэскавай форме адлюстроўвае перш за ўсё псыхалягічны вобраз тыповага прадстаўніка савецкага мэнталітэту сталінскіх часоў, няздольнага думаць самастойна, чалавека мэханізаваных паводзінаў, заснаваных на страху, паслухмянасьці, бальшавіцкай ідэалёгіі і нянавісьці да ўяўных «буржуазных» ворагаў.

З польскай на беларускую мову кнігу пераклаў Алесь Астраўцоў. Да 1990 году кніга была забароненай у Польшчы.

Раней «Купалаўцы» паказалі онлайн-спэктакль «Radziva Prudok» паводле кнігі Андруся Горвата. Аднайменны твор выйшаў у канцы 2016 году і пабіў рэкорды па хуткасьці продажаў. У пачатку 2018-га акторы Купалаўскага тэатру Раман Падаляка і Міхаіл Зуй зьнялі паводле кнігі кароткамэтражны фільм, а неўзабаве Раман Падаляка стаў адным зь пераможцаў конкурсу рэжысэрскіх эксплікацыяў, які праводзіў Мінкульт, і атрымаў магчымасьць паставіць спэктакль на малой сцэне Купалаўскага тэатру. Прэмʼера адбылася ў тым жа годзе. Ролі ў онлайн-пастаноўцы «Radziva Prudok» выканалі тыя ж акторы, што і на менскіх паказах: Сьвятлана Анікей, Дзьмітры Есяневіч, Міхаіл Зуй.

У жніўні 2020 году купалаўцы публічна асудзілі самавольства і гвалт сілавікоў у дачыненьні да мірных дэманстрантаў, пасьля чаго быў звольнены дырэктар тэатру Павал Латушка. На знак салідарнасьці зь ім Купалаўскі тэатар пакінулі практычна ўсе акторы, рэжысэры, рэдактары, адміністратары, музыкі аркестру, кіраўнік літаратурна-драматургічнай часткі, мастацкі кіраўнік Мікалай Пінігін — звыш 60 чалавек.

Ня маючы сцэны, яны заснавалі незалежную трупу «Купалаўцы» і стварылі 6 арыгінальных спэктакляў. З таго часу купалаўцы выступалі онлайн і здымаліся ў відэапастаноўках. Іх першай прэм’ерай стаў культавы спэктакль «Тутэйшыя», спэктакль на YouTube паглядзелі больш за 300 тысяч чалавек. 29 верасьня «Купалаўцы» ўпершыню за год выступілі на сцэне перад гледачамі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG