Руслан Хілімончык прэзэнтаваў каляндар на сваёй старонцы ў Facebook.
«Гэта быў мой апошні праект у тэатры. Я яго пачынаў і ўжо ведаў, што працаваць з 1 студзеня ня буду. Але хацелася пачатую традыцыю працягнуць. Дый пакінуць добрую справу для тэатру — гэта правільна», — напісаў ён.
Сваё звальненьне Хілімончык патлумачыў тым, што пасаду фатографа скасавалі ва ўсіх тэатрах, а сам ён «выпрацаваўся там энэргетычна».
«Можна сказаць, зоркі сышліся», — падсумаваў Руслан.
Фатограф зазначыў, што хацеў рэалізаваць праект яшчэ год таму, але тады «давялося прыняць абставіны — актораў у трупе неяк раптам стала прыкметна менш».
Як падлічыў Hrodna.life, сёлетні тэатральны каляндар ужо сёмы па ліку. З тых 12 актораў, што здымаліся ў тэатральным календары-2016, у трупе засталося толькі чацьвёра.
Драмтэатар Горадні стаў адным з цэнтраў пратэсту пасьля апошніх прэзыдэнцкіх выбараў. Над ім у першыя дні пратэстаў залунаў бел-чырвона-белы сьцяг.
У верасьні 2020 году на пратэставым маршы ў Горадні затрымалі заслужанага артыста Беларусі Сяргея Курыленку і ягоную жонку акторку Валянціну Харытонаву. Калі калегі даведаліся пра іх затрыманьне, то ня здолелі дайграць спэктакль. Пасьля гэтага з тэатру сышла амаль уся трупа, большасьць артыстаў зьехалі працаваць за мяжу.