Лінкі ўнівэрсальнага доступу

2022 год у кнігах. Літаратурны каляндар: студзень


Лёнік Тарасэвіч, Карціна бяз назвы
Лёнік Тарасэвіч, Карціна бяз назвы

Зацяжныя падвойныя зімовыя сьвяты запавольваюць кнігавыдавецкі працэс пачатку году, як, зрэшты, і шмат што іншае. Але галоўная праблема, якая перашкаджае беларускай кнізе сустракацца з беларускім чытачом — негалосная вайна ўладаў з усякімі праявамі беларускага слова.

Ствараць па-беларуску ў Беларусі становіцца цяжка і рызыкоўна. Але — не безнадзейна.

У нашым традыцыйным выпуску — штомесячны агляд літаратурных навінак.

Паэзія

Кшыштаф Каміль Бачыньскі. «Выбраныя вершы». Пераклад з польскай Кацярыны Маціеўскай, Андрэя Хадановіча, Ганны Янкуты. Менск, «Колас».

Кшыштаф Каміль Бачыньскі (1921–1944) — самы значны польскі паэт з «пакаленьня калюмбаў», што сталеў у часы Другой сусьветнай вайны і загінуў на чацьвёрты дзень Варшаўскага паўстаньня. Шукаў новыя паэтычныя формы для апісаньня досьведу жыцьця пад акупацыяй, і яго апакаліптычныя вершы адлюстроўваюць лёс асобы, якой давялося сутыкнуцца зь вялікай гісторыяй.

Падае сьнег, як голуб
цішы, на выспу-горад.
Белы шум навакольля
вочы лашчыць і коле.
Занядбаны ўжо, занядбаны
кожны з тых, каго так кахалі:
здані паннаў, ветру фантаны,
сон аленя ў азёрнай хвалі.
Зацугляны агнём і крыжам
сьпеў абшараў, готыка шыбаў —
занядбаных позіркам хіжым
кветак, цмокаў, зіхоткіх рыбаў.
Занядбаная кроў сьляпая,
што кіпела сьцюжай любоўнай…
Чарналесьсе хмар наступае
сьнегавою жалобнай воўнай.
Занядбаны і ўжо забыты
(сьнег на вочы — позьняй пяшчотай),
чуеш сьпінай крокі нябыту,
што за намі — белаю ротай.

Адам Глобус. «Анёл». Менск, «Колас».

Адам Глобус — літаратар і мастак. У ягонай новай кнізе паэзіі — 43 вершы пра анёла, спалучаныя з экспрэсіўнай графікай аўтара.

Спадчына

Белае пяро ў зялёнай траве
нібыта чакала мяне.
Ціхі голас параіў:
«Вазьмі сьветлае пяро і напішы запавет,
толькі такім цнатліва-белым пяром
можна напісаць разумны запавет,
які дазволіць тваім нашчадкам
без сварбы і лаянкі падзяліць спадчыну…»
Я ўжо нахіліўся над травою,
каб узяць чыстае пяро,
калі пабачыў анёла.
Ён сказаў, каб я не браў падманна-белае пяро,
бо яно належыць д’яблу.
Пакуль я глядзеў на празрыстага анёла
і згадваў словы маці,
якая забараняла зьбіраць і прыносіць дамоў
пёры, як яна казала, хворых птушак,
белае пяро зьменшылася да чорнай кропкі
і зьнікла ў шчыльна-зялёных пёрах вясновай травы.

Проза

Сяргей Ваганаў. «Празь межы Часу». Менск, «Кнігазбор».

«Празь межы Часу» — гэта жыцьцяпіс Сяргея Ваганава, які ахоплівае падзеі, сэнсы, грамадзкія настроі, што віравалі і віруюць у краіне ад 40-х гадоў мінулага стагодзьдзя і да нашых дзён. Кніга ў нейкім сэнсе падагульняючая і паказвае творчыя набыткі аўтара ў журналістыцы, публіцыстыцы, паэзіі. Квінтэсэнцыю выданьня перадае чатырохрадкоўе:

Бязьмежны напачатку Час жыцьця,
Каб Творца меў яго дзеля даробку.
А на мяжы жыцьця і небыцьця
Бязьмежны Час сьціскаецца ў Кропку.

Нон-фікш

Рыгор Барадулін. «Дзёньнікі і запісы». Том 9. Менск, «Кнігазбор».

Дзявяты том працягвае публікацыю дзёньнікаў народнага паэта Беларусі. У яго ўвайшлі запісы 1998–2002 гадоў. Гэта час насычанай працы паэта, у які ім напісаныя глыбока духоўныя цыклі вершаў, успаміны пра літаратараў, нізкі вясёлага гумару, сцэнары дакумэнтальных фільмаў, перакладзеныя п’есы для тэатраў, паэмы, шматлікія вершы і апавяданьні
самых розных аўтараў. Пра ўсё гэта з цікавасьцю чытаецца ў кароткіх і зьмястоўных запісах паэта. Вось, да прыкладу, запіс ад 8 студзеня 1998 году.

«У ПЭН. Сустрэча з паслом Латвіі. Сымпатычная латышка бурштыннага колеру. Дамовіліся папярэдне, што 24 лютага будуць уручаць ордэн Трох зорак у Музэі Янкі Купалы. Гэта самая цёплая хата ў Беларусі па традыцыі вялікага Янкі. А наогул справы швах. Нэа пасьлядоўна тужаць пятлю на горле Беларушчыны. Са школьных падручнікаў і праграмаў выключана Ларыса Геніюш і нашая эміграцыя. Карлас параіў мне асьцярожна складаць зборнік „дурнотаў“, якія меўся выдаць Генадзь Быкаў. Давядзецца зусім не рабіць гэтага. Бо разгонісься ў сёньняшняй Беларусі
як сабака ў торбе».

Каляндар «Алесь Разанаў». Менск, «Тэхналёгія».

Гэты адмысловы каляндар прысьвечаны 75-годзьдзю выбітнага беларускага паэта, які летась пайшоў у іншы сьвет. На кожнай старонцы — некалькі яго фотаздымкаў, паэтычнае выслоўе, у каляндарнай сетцы даты з беларускай гісторыі. Адметнасьць гэтых датаў у тым, што адзначаныя народзіны і іншых нашых сучасьнікаў, рупліўцаў беларускай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG