У Парыжы адбудзецца вялікая сустрэча з удзелам кіраўнікоў камісій абароне і замежнай палітыкі парлямэнтаў краін – сяброў ЭЗ, на якую запрасілі і Ціханоўскую. У парадку дня саміту будзе і беларускае пытаньне.
Летась у кастрычніку дыплямат, які запомніўся сваімі сымпатыямі да беларускай культуры і мовы, пакінуў Менск, так і не ўручыўшы даверныя граматы Лукашэнку. Пасьля гэтага ў МЗС Францыі паведамілі, што былога амбасадара прызначылі спэцпасланьнікам па Беларусі.
Нікаля дэ Лякост у эфіры АГП-ТБ ацаніў сёньняшнія адносіны Беларусі і Францыі «на тройку зь мінусам». Пры гэтым ён адзначыў, што беларуская тэма будзе прысутнічаць штодня на працягу старшынства Францыі ў Эўразьвязе. Да таго ж падчас гэтага старшынства ў лютым плянуюць абмеркаваць, ці працягваць далей санкцыі супраць беларускага рэжыму.
Дыплямат перакананы, што «гандлю палітвязьнямі», як было раней, цяпер ня будзе.
«Такі гандаль ужо быў 6, 10, 15 гадоў таму; мы памятаем, чым ён скончыўся, і ніхто ня хоча зноў увайсьці ў тую ж раку. Цяпер пазыцыя амэрыканцаў і эўрапейцаў да таго, што адбываецца ў Беларусі, вельмі блізкая і дастаткова жорсткая», — адзначыў дэ Лякост.
Ён пажадаў беларусам ня траціць надзеі:
«Не страчвайце надзеі на лепшыя часы, а яны прыйдуць, я ўпэўнены. У вас шмат сяброў у Францыі і ў сьвеце».