Кацярыну Дулаву прызначылі на пасаду генэральнага дырэктара Вялікага тэатру Беларусі. Раней яна была рэктаркай Акадэміі музыкі, піша Беларуская Рада культуры. Новую кіраўніцу ўжо прадставіў калектыву міністар культуры Анатоль Маркевіч.
Інфармацыя пра падрыхтоўку прызначэньня Дулавай зьявілася яшчэ ў сярэдзіне сьнежня, цяпер усё адбылося афіцыйна.
Маргарыта Ляўчук, якая была студэнткай Акадэміі музыкі і салісткай Опэрнага тэатру, кажа, што атмасфэра ў Акадэміі музыкі пры Дулавай была «канцлягерная». Ляўчук перакананая, што ў Опэрным працягнуцца звальненьні на глебе палітыкі.
«Чысткі тых, хто не даспадобы, працягнуцца, будзе шмат ахвяр, каб дагадзіць ідэалёгіі, яна жорсткі кіраўнік. Тыповы пэрсанаж з „1984“», — дадала Маргарыта Ляўчук.
Кацярына Дулава ўваходзіла ў Савет Рэспублікі, удзельнічала ва Ўсебеларускім народным сходзе ў 2016 годзе.
Папярэднім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету быў ідэоляг Віталь Гарбузаў, які працаваў у БРСМ і Берасьцейскім аблвыканкаме, а ў сфэру культуры трапіў у 2017 годзе, калі яго паставілі дырэктарам Берасьцейскага тэатру драмы. Пры гэтым адпаведнай адукацыі Гарбузаў ня меў. У Вялікі тэатар яго паставілі на кіраваньне ў сярэдзіне траўня 2021 году, але на гэтай пасадзе ён пратрымаўся толькі паўгода. За гэты кароткі час тэатар зазнаў самую магутную ў сваёй гісторыі хвалю «палітычных» звальненьняў.
«Палітычныя» звальненьні з Опэрнага
За два сэзоны з Нацыянальнага акадэмічнага тэатру опэры і балету за палітычныя погляды, але зь іншымі афіцыйнымі фармулёўкамі звольнілі дырыгентаў Вячаслава Чарнуху-Воліча і Андрэя Галанава, сьпевака Ільлю Сільчукова, канцэртмайстра Рэгіну Саркісаву, скрыпачку Алу Джыган, альтыстку Аляксандру Пацёміну, хормайстра Івана Цітова. Тэатар не працягнуў кантракты народнаму артысту Ўладзімеру Пятрову, сьпявачкам Натальлі Акінінай і Кацярыне Галаўлёвай, музыкантцы Дар’і Шлык.
Некалькі чалавек сышлі па ўласным жаданьні — у тым ліку адзін з найлепшых маладых дырыгентаў сьвету Дзьмітры Мацьвіенка, рэжысэры Дар’я Пататурка і Алена Медзякова, саліст Павал Пятроў. Многія са звольненых былі ляўрэатамі міжнародных конкурсаў мастацтва.