Мінабароны Польшчы: Беларускія службы ўначы ламалі агароджу на мяжы
Міністэрства абароны Польшчы заявіла, што беларускія службы пад покрывам ночы зьнішчаюць агароджу, каб мігранты маглі нелегальна перайсьці мяжу.
Відэа з чалавекам у камуфляжы, які вырывае слуп агароджы, міністэрства апублікавала ў твітэры.
Пасьля размовы з Мэркель Лукашэнка сабраў нараду аб міграцыйным крызісе
Аляксандар Лукашэнка 16 лістапада сабраў нараду наконт мігранцкага крызісу на мяжы: «Нам зараз галоўнае — абараніць сваю краіну і свой народ, не дапусьціць сутыкненьняў. Я ведаю, што спробы дастаўкі зброі ў стыхійны мігранцкі лягер ужо былі. Як і правакацыі, якія могуць прывесьці да сілавога канфлікту. Гэтага дапусьціць ні ў якім разе нельга. Нельга, каб гэтая так званая праблема стала разьвязваньнем гарачага супрацьстаяньня», — заявіў Лукашэнка, якога цытуе БелТА.
Напярэдадні адбылася ягоная тэлефонная размова з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.
Падляскія татары пахавалі цела сырыйца, які патануў у Бугу
Пахаваньне 24-гадовага сырыйца па імені Ахмэд арганізавалі мусульмане рэлігійнай суполкі з Багонікаў. Цягам апошніх месяцаў у Польшчы некалькі разоў знаходзілі трупы людзей, якім удалося прабрацца праз калючы дрот зь Беларусі.
Супрацьстаяньне мігрантаў і польскіх сілавікоў на мяжы. УЖЫВУЮ
Дзеці мігрантаў на памежным пераходзе ў Брузгах падыйшлі да агароджы і крычалі ў адрас польскіх памежнікаў: «Please, help!» (Калі ласка, дапамажыце). Сярод мігрантаў заўважылі плякаты з заклікамі да выкананьня правоў чалавека. Затым пачаўся штурм мяжы, польскіх паліцыянтаў і памежнікаў сталі закідваць камянямі і шумавымі гранатамі, спрабавалі вырваць слупы з агароджы, намагаліся зьбіць калючы дрот бервяном. Польскія паліцыянты адказалі вадамётамі і адбілі атакі. Па стане на 14.30 атакі прыпыніліся, мігранты пачалі вяртацца ў лес.
224 спробы пераходу мяжы за ноч
15 лістапада польскія памежнікі зафіксавалі 224 спробы пераходу мяжы па-за пунктамі пропуску. Яны таксама паведамілі, што 100 чалавек спрабавалі прарвацца з Камянецкага раёну празь мяжу адной групай, але няўдала.
Група мігрантаў пачала спробу прарыву зь левага боку ад пункту пропуску
Прасекшы дзірку ў беларускай загародзе, група мужчын кінулася з палкамі і крыкамі на агароджу з польскага боку мяжы, спрабуюць яе ламаць. Мігранты кідаюць камні і бутэлькі ў польскіх сілавікоў.
У адказ да агароджы выйшлі польскія сілавікі са шчытамі, выкарысталі газ. Польскія сілавікі падагналі вадамёт, гучаць выбухі пэтардаў, бачны дым.
Першая атака мігрантаў адбітая
Польскія памежнікі справіліся зь першай атакай мігрантаў на памежныя рэдуты. Ад сьлезацечнага газу агрэсіўна настроеныя маладзёны вымушана адышлі ад калючага дроту, аднак працягваюць закідваць паліцыю камянямі, гальлём і ўсім, што маюць пад рукой.
Атака мігрантаў на польскую мяжу. ФОТА
Польская паліцыя ўжывае вадамёты
У адказ на агрэсію мігрантаў, якія працягваюць намаганьні прарвацца праз калючы дрот на польскі бок, а таксама закідваюць ахоўнікаў мяжы каменьнем і правакуюць іх абразьлівымі жэстамі, польская паліцыя прымяняе вадамёт, які езьдзіць уздоўж мяжы. Людзі, якія яе атакуюць, практычна цалкам схавалі свае твары шалікамі, балаклавамі і капюшонамі.
Мяжу патрулюе верталёт
Як і ўчора, на памежжы лётае польскі верталёт для патруляваньня сытуацыі. Польская паліцыя паведамляе, што беларускія сілавікі ніякім чынам не рэагуюць на агрэсію мігрантаў, а польскія стаяць на варце межаў сваёй дзяржавы.
На дарозе перад КПП нікога няма
Усе мігранты, якія суткі канцэнтраваліся на праезнай частцы каля памежнага пункту пропуску, разам з намётамі і рэчамі зноў пайшлі ў поле і знаходзяцца непадалёк ад сваіх землякоў, якія штурмуюць мяжу. Беларускія памежнікі, якія свае паводзіны раней тлумачылі «мірнымі памкненьнямі мігрантаў», ніякім чынам не рэагуюць на тое, што адбываецца ў памежнай зоне зь беларускага боку. Мігранты працягваюць закідваць палякаў камянямі.
Штурм працягваецца, працуюць вадамёты
Міністэрства абароны Польшчы паказала відэа, на якім атака мігрантаў на памежныя рэдуты. У польскіх паліцыянтаў, якія бароняць мяжу ў гэты момант, няспынна ляцяць камяні.
Спроба зь бервяном
Мігранты спрабавалі падыйсьці да загароды на польскай мяжы зь вялікім бервяном-таранам. Яны працягваюць спробы ламаць агароджу.
Вяртаньне да пункту пропуску
Мігранты зноў масава вярнуліся на праезную частку, дзе знаходзіцца пункт пропуску. Але асобныя іх суайчыньнікі спрабуюць рукамі зьнішчаць калючы дрот на мяжы.
Мінабароны Польшы: у мігрантаў сьвятлашумавыя гранаты
Беларускія сілавікі забясьпечылі мігрантаў сьвятлашумавымі гранатамі, якімі тыя пачалі закідваць польскіх абаронцаў мяжы, сьцьвярджае польскае Міністэрства абароны.
Мігранты разьбіраюць плітку
Такія кадры паказаў дзяржаўны тэлеканал. Мігранты разьбіраюць плітку і бардзюры на беларускай памежнай паласе, прычым беларускія сілавікі ніяк на гэта не рэагуюць.
Як выглядае пераход пасьля атак. ФОТА
Так выглядае памежны пераход у Брузгах пасьля таго, як мігранты пайшлі на штурм польскай мяжы і сышлі з дарогі на траву. На дарозе засталося шмат сьмецьця. Беларускія сілавікі, як і напярэдадні, не перашкаджаюць мігрантам ісьці на штурм, больш за тое, паводле зьвестак Міністэрства абароны Польшчы, нават узбройваюць мігрантаў сьвятлашумавымі гранатамі, падвозяць пад мяжу дровы, раздаюць інструкцыі аб далейшых дзеяньнях, а асобныя сілавікі нават бяруць удзел у зьнішчэньні агароджы.
Інтэнсіўнасьць атак упала
Польскія паліцыянты паліваюць з вадамётаў тых мігрантаў, якія набліжаюцца да агароджы, у адказ лятуць камяні, гальлё і нават намёты. Аднак інтэнсіўнасьць атак ужо ня тая, штурм адбіты. Пад самую агароджу падыходзяць і супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ, ім таксама дастаецца з вадамётаў. Мігрантаў пры гэтым на некалькіх мовах папярэджваюць з польскага боку пра незаконнасьць іх дзеяньняў.
У жывым этэры
Дзяржаўная тэлевізія пачала жывы этэр з Брузгоў. На ім відаць, якую агрэсію праяўляюць мігранты, а таксама дзеяньні польскай паліцыі для адбіваньня атак.
Беларускі сілавік бязьдзейнічае
На кадры ў жывым этэры трапіў і беларускі сілавік, які са зброяй стаіць пасярод мігрантаў, якія бясконца перамяшчаюцца вакол яго. Ніякіх дзеяньняў узброены чалавек ня робіць.