На закрытым памежным пераходзе ў Кузьніцы сабраліся 3,5 тысячы мігрантаў
Пра гэта паведаміў прэс-сакратар міністра-каардынатара спэцслужбаў Польшчы Станіслаў Жарын.
Мігранты на пераходзе Брузгі-Кузьніца. ФОТА
Мінабароны Польшчы апублікавала фота БТР зь беларускага боку мяжы
Польскае абаронае ведамства мяркуе, што з бронемашыны каардынуюць дзеяньні мігрантаў.
Дымавая заслона на мяжы. ВІДЭА
Польская памежная служба апублікавала відэа з дымам ад вогнішчаў, якія мігранты распалілі ля самай мяжы. Паводле польскіх памежнікаў, на беларускім баку мяжы каля пераходу ў Брузгах мігранты з самай раніцы распальваюць вогнішчы і ставяць намёты. Месца, дзе яны былі раней, цяпер пустуе, беларускія службы прыносяць туды ваду і дровы.
Што адбывалася на мяжы. Відэатрансьляцыя
Кіраўнік МЗС Латвіі: сёньня ў Брусэлі абмяркоўвалі ня толькі пяты, але і шосты пакет санкцый
Як паведаміў кіраўнік МЗС Латвіі Эдгарс Рынкевічс, санкцыі зь пятага пакету закрануць беларускіх чыноўнікаў і кампаніі, якія, паводле зьвестак ЭЗ, удзельнічаюць у арганізацыі перавозкі мігрантаў у Беларусь.
Кіраўнік МЗС Латвіі паведаміў, што таксама абмяркоўваўся шосты пакет санкцый у выпадку працягу міграцыйнага ціску з боку Беларусі. Рынкевічс падкрэсьліў, што былі дыскусіі як аб авіяцыйнай інфраструктуры Беларусі, так і аб авіякампаніях трэціх краін, якія і надалей будуць удзельнічаць у арганізацыі міграцыйнага патоку.
Што адбывалася на мяжы. Відэа
Лукашэнка і Мэркель абмеркавалі міграцыйны крызіс у тэлефоннай размове
Дзяржаўнае агенцтва БелТА паведаміла са спасылкай на прэс-службу Аляксандра Лукашэнкі, што 15 лістапада адбылася ягоная тэлефонная размова з Ангелай Мэркель, якая выконвае абавязкі канцлера Нямеччыны.
Паведамляецца, што ў размове абмяркоўвалі мігрантаў на мяжы Беларусі з краінамі ЭЗ, і, у прыватнасьці, аказаньне мігрантам гуманітарнай дапамогі.
Макрон і Пуцін пагадзіліся наконт дээскаляцыі «міграцыйнай напружанасьці»
Прэзыдэнты Францыі і Расеі Эманюэль Макрон і Ўладзімір Пуцін пагадзіліся ў тэлефоннай размове 15 лістапада, што патрэбная дээскаляцыя «міграцыйнай напружанасьці» на мяжы Беларусі з Эўразьвязам.
Пра гэта паведамляе Reuters, спасылаючыся на крыніцу ў адміністрацыі прэзыдэнта Францыі. Паводле крыніцы, Пуцін і Макрон не прыйшлі да адной думкі наконт прычынаў міграцыйнага крызісу.
Пуцін, адзначае Reuters, таксама пагадзіўся з думкай Макрона, што пагрозы Лукашэнкі спыніць пастаўкі расейскага газу ў Эўропу празь Беларусь зьяўляюцца дрэннай навіной для «Газпрому».
Некалькі сотняў мігрантаў спрабавалі прарвацца празь беларуска-польскую мяжу
Паліцыя Падляскага ваяводзтва паведаміла, што 15 лістапада каля 16-й гадзіны некалькі сотняў чалавек спрабавалі нелегальна перайсьці мяжу каля вёскі Старына.
Мігранты кідалі камяні ў паліцыянтаў, памежнікаў і вайскоўцаў, якія адбілі атаку.