Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На выбарах у Баўгарыі посьпеху дамаглася новая антыкарупцыйная кааліцыя


Кірыл Пэткаў — адзін зь лідэраў блёку «Мы працягваем перамены»
Кірыл Пэткаў — адзін зь лідэраў блёку «Мы працягваем перамены»

У Баўгарыі ў нядзелю прайшлі прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары

На выбарах кіраўніка дзяржавы, паводле зьвестак экзітполаў, дзейны прэзыдэнт Румэн Радэў набірае каля 50% галасоў, больш чым у 2 разы апярэджваючы найбліжэйшага суперніка, кандыдата ад кансэрватараў Анастаса Герджыкава. 21 лістапада мае адбыцца другі тур выбараў, у якім Радэў лічыцца відавочным фаварытам. Гэтага палітыка, падтрыманага левымі сіламі, лічаць адным з блізкіх да Крамля эўрапейскіх лідэраў.

Парлямэнцкія выбары ў Баўгарыі праходзяць сёлета трэці раз — па выніках двух папярэдніх галасаваньняў так і не ўдалося сфармаваць стабільны ўрад. Згодна з экзітполам Gallup International, на выбарах з 25% галасоў лідзіруе створаная незадоўга да галасаваньня кааліцыя «Мы працягваем перамены».

Яе галоўны лёзунг — барацьба з карупцыяй. Кааліцыю, у якую ўвайшлі лібэральныя лева- і правацэнтрысцкія сілы, узначалілі пасьпяховыя бізнэсоўцы Кірыл Пэткаў і Асэн Васілеў. На перамогу прэтэндуе таксама ў мінулым кіруючая правакансэрватыўная партыя «Грамадзяне за эўрапейскае разьвіцьцё Баўгарыі» на чале з былым прэм’ерам Бойкам Барысавым. Некаторыя экзітполы аддаюць першае месца менавіта гэтай партыі. У парлямэнт праходзяць таксама сацыялісты і яшчэ 3 або 4 партыі.

На думку аналітыкаў, якія прыводзіць агенцтва Reuters, лепшыя шанцы сфарміраваць урад мае блёк «Мы працягваем перамены». Ёсьць, аднак, і імавернасьць таго, што скласьці ўрадавую кааліцыю ізноў ня ўдасца.

Баўгарыя апошнім часам сутыкаецца як з сурʼёзнымі эканамічнымі праблемамі, гэтак і з рэзкім ростам колькасьці новых выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі. Адсотак вакцынаваных у краіне — адзін з самых нізкіх у ЭЗ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG