Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бурэль заявіў, што ЭЗ заўтра пашырыць санкцыі да Беларусі, і паразмаўляў з Макеем


Жузэп Бурэль
Жузэп Бурэль

Міністры замежных справаў краінаў Эўразьвязу ў панядзелак, 15 лістапада, пашыраць санкцыі адносна Беларусі. Штрафныя меры распаўсюдзяць на авіякампаніі і турагенцтвы, якія, як мяркуецца, удзельнічаюць у перапраўленьні мігрантаў да мяжы Беларусі з ЭЗ, паведаміў высокі прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жузэп Бурэль.

Пра гэтую яго сёньняшнюю заяву паведамляе DW.

«Мы дамо „зялёнае сьвятло“ пашырэньню праўнай базы для нашых санкцыяў да Беларусі, з тым каб карныя меры маглі быць ужытыя да любога, хто ўдзельнічае ў перавязеньні мігрантаў у гэтую краіну», — сказаў Бурэль у інтэрвію францускаму тыднёвіку Le Journal du dimanche.

Санкцыі ЭЗ для беларускіх авіялініяў і турагенцтваў

Паводле кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі, пад санкцыі — візавыя забароны і замарожваньне маёмасьці — могуць трапіць кіраўнікі авіякампаніяў і турыстычных агенцтваў. Пад санкцыямі могуць апынуцца і каля 30 беларускіх чыноўнікаў, якія, як мяркуецца, маюць дачыненьне да крытычнай сытуацыі зь мігрантамі на мяжы, дадаў Бурэль.

Напярэдадні два дыпляматы паведамілі агенцтву Reuters, што ЭЗ разглядае магчымасьць увесьці санкцыі супраць Менскага міжнароднага аэрапорту, каб ускладніць авіякампаніям перапраўленьне мігрантаў у Беларусь. Брусэль абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў наўмысным правакаваньні міграцыйнага крызісу ў адплату за ўведзеныя стасоўна яго рэжыму санкцыі.

Лукашэнка, які і сам знаходзіцца пад міжнароднымі санкцыямі за жорсткае здушэньне пратэстаў у Беларусі, паабяцаў адказаць на любыя новыя штрафныя меры, прыгразіўшы, сярод іншага, перакрыць транзыт газу ў Эўропу.

Учора DW паведаміла са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка ЭЗ, што Рада Эўразьвязу 15 лістапада разгледзіць пытаньне санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за арганізацыю міграцыі ў ЭЗ, аднак сам пяты пакет санкцыяў прымуць пазьней.

Магчыма, «зялёнае сьвятло» пашырэньню праўнай базы новых санкцыяў, пра якое заявіў сёньня Бурэль, не азначае канчатковага рашэньня аб санкцыях і таму ўчорашняя інфармацыя DW не супярэчыць сёньняшняй заяве кіраўніка эўрапейскай дыпляматыі.

Тым часам МЗС Беларусі паведаміў аб сёньняшняй тэлефоннай гутарцы кіраўніка міністэрства Ўладзімера Макея з Жузэпам Бурэлем.

Уладзімер Макей
Уладзімер Макей

Факт перамоваў з Макеям пацьвердзіў і кіраўнік эўрапейскай дыпляматыі. У сваім Твітэры ён напісаў:

Размаўляў зь міністрам замежных спраў Беларусі Макеем, каб вырашыць небясьпечную гуманітарную сытуацыю на мяжы з ЭЗ. Жыцьцё людзей павіннае быць абароненае, а гуманітарным арганізацыям дазволены доступ. Цяперашняя сытуацыя непрымальная і павінная быць спыненая. Нельга выкарыстоўваць людзей як зброю.

Паводле МЗС Беларусі ў перамовах Макея і Бурэля «зь беларускага боку была пацьверджаная прынцыповая гатоўнасьць да раўнапраўнага і ўзаемапаважлівага дыялёгу з Эўразьвязам. Падкрэсьленая беспэрспэктыўнасьць санкцыяў і контрпрадуктыўнасьць санкцыйных падыходаў для разьвіцьця адносінаў па лініі Беларусь — ЭЗ».

МЗС адзначыў, што «Макей давёў да суразмоўцы інфармацыю аб зробленых Беларусьсю кроках па скарачэньні патоку мігрантаў з краінаў Азіі, Афрыкі і Блізкага Усходу, аказаньні гуманітарнай дапамогі ўцекачам на мяжы, узаемадзеяньні па гэтым пытаньні з адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі сыстэмы ААН».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG