Застаецца верыць, што паўза ў паэтычным працэсе гэткая ж недаўгавечная, як і прыродная халадэча. А пакуль што маем — тое маем.
Літаратурны каляндар лістапада ў нашым штомесячным аглядзе.
Проза
Элеанора Ляхновіч. «Лялькаўская феня». Менск, «Кнігазбор».
Выглядае, што пісаць і выдаваць кнігі мясцоваю гаворкаю становіцца ў Беларусі звыклаю зьявай. Да яе далучаецца і літаратарка Элеанора Ляхновіч. Яна напісала кнігу гаворкаю вёскі, у якой нарадзілася яе маці. Гэта Лялькаўшчына, што на Маладэчаншчыне, куды юная аўтарка вельмі любіла езьдзіць на пагасьціны да бабулі. «Лялькаўская феня» — гэта зборнік падарожна-прыгодніцкіх нататак, зь якіх паўстае вельмі яскравае жыцьцё малога і малавядомага кутка краіны. Кожная нататка завяршаецца слоўнікам адметных тамтэйшых слоў і выразаў, якімі, несумненна ўзбагачаецца агульная лексыка роднае мовы.
Ніна Занковіч. «Талстой і фіялетавае крэсла». Пераклад з ангельскай Алеся Дубкоўскага. Менск, «Кнігазбор».
«Талстой і фіялетавае крэсла» — дэбютная кніга дачкі беларускага эмігранта Анатоля Занковіча. Яна выйшла ў ЗША ў 2011-м, перакладзеная на галяндзкую, італьянскую, карэйскую, нямецкую, кітайскую, фарсі. Цяпер выходзіць на мове бацькі, які ў 40-я мінулага стагодзьдзя эміграваў зь Вялейшчыны. Кніга напісаная на аўтабіяграфічных фактах дасьціпна, займальна, вобразна і тэматычна вельмі нечакана. Яна прысьвечаная чытаньню іншых кніг, прычым штодня па новай. Тэкст перасыпаны ўсялякімі прыгодамі і трымае ўвагу чытача ад першае да апошняе старонкі.
Пасьля ўдалага дэбюту Ніна Занковіч выдала яшчэ тры кнігі, якія прынесьлі аўтарцы досыць шырокую вядомасьць. Дасьледчыца Натальля Гардзіенка назвала яе ў ліку самых пасьпяховых дзяцей беларускай паваеннай эміграцыі.
Нон-фікшн
Граматычная база беларускай мовы. Укладальнікі Ўладзімер Кошчанка і Алесь Булойчык. Электроннае выданьне. Менск, «Тэхналёгія».
Гэта дыск з найбольш поўным на сёньня лексыка-граматычным даведнікам па беларускай мове. База зьмяшчае звыш 240 тысяч слоў і грунтуецца на максымальна шырокім фактычным матэрыяле. У яе ўключаныя акадэмічныя нарматыўныя слоўнікі беларускай мовы, выдадзеныя ў 1984–2016 гадах, ды іншыя ключавыя слоўнікі апошніх дзесяцігодзьдзяў.
Дзіцячая літаратура
Надзея Ясьмінска. «Мурмурзік». Менск, «Чатыры чвэрці».
Новая кніга вядомай дзіцячай пісьменьніцы Надзеі Ясьмінскай не расчаруе юных чытачоў ды іхніх бацькоў. Казка пра незвычайнага коціка Мурмурзіка з цудоўнымі ілюстрацыямі мастачкі Вольгі Данілюк, выдадзеная ў яркай цьвёрдай вокладцы, будзе прыемным падарункам кожнаму, хто ад малых гадоў любіць чытаць на роднай мове.
«Жэўжык». Забаўляльны альманах для кемлівых дзяцей. Менск, «Кнігазбор».
Казку пра магічную дуду і адкрытую душу, размалёўку, шыфроўку, словаловы, музычныя даганялкі, круцігалоўкі ды яшчэ шмат чаго незвычайнага знойдуць чытачы пад вокладкамі альманаха.
Лена Андэрсан. «Мулан і булачкі». Менск, «koska».
Лена Андэрсан. «Мулан і бабуля». Пераклад са швэдзкай Надзеі Кандрусевіч.
Дзьве новыя кнігі папулярнай швэдзкай пісьменьніцы Лены Андэрсан парадуюць тых, хто пакуль што разглядае ў іх толькі малюнкі. А на іх ён убачыць гісторыі, што адбываюцца з маленькай дзяўчынкай Мулан, якая прыйшла ў госьці да бабулі. Яны крыху танцуюць і чытаюць казку, а потым пякуць булачкі. Пасьля такіх малюнкаў і юным чытачам захочацца разам са сваімі бабулямі зладзіць сапраўднае булачкавае сьвята.