Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цукербэрг: расьсьледаваньне аб праблемах Facebook — паклёп


Заснавальнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукерберг
Заснавальнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукерберг

Заснавальнік сацыяльнай сеткі Facebook Марк Цукербэрг пракамэнтаваў расьсьледаваньне амэрыканскіх СМІ аб працы кампаніі. Ён сказаў, што гэта «скаардынаваныя намаганьні ў выбарачным выкарыстаньні дакумэнтаў, якія выцеклі, з мэтай паказаць скажоную карціну».

Напярэдадні амэрыканскія СМІ апублікавалі шэраг матэрыялаў пад агульнай назвай «Дасье Facebook», заснаваных на інтэрвію былой супрацоўніцы Фрэнсіс Гаўген і зьлітых ёю ўнутраных дакумэнтах.

Вось што стала вядома з інфармацыі Фрэнсіс Гаўген:

  • Сацсетка выдаляе толькі 5% выказваньняў, якія распальваюць нянавісьць. У 2020 годзе Марк Цукербэрг заявіў у Кангрэсе, што выдаляецца 94% падобнай інфармацыі.
  • У 2020 годзе Марк Цукербэрг асабіста прыняў рашэньне цэнзураваць публікацыі мясцовай апазыцыі Віетнаму. Гэтага патрабавала кіроўная камуністычная партыя. Віетнам — адзін з самых прыбытковых азіяцкіх рынкаў кампаніі, праца Facebook тут прыносіць 1 млрд даляраў за год. У ЗША Цукербэрг актыўна праяўляе сябе як прыхільнік свабоды слова.
  • Перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў ЗША ў лістападзе 2020 году Facebook узмацніў барацьбу з дэзынфармацыяй. Адразу пасьля выбараў інструмэнты былі адключаныя, хоць у сацсетцы працягвалі распаўсюджвацца чуткі пра фальсыфікацыі на выбарах і пасты з падбухторваньнем да гвалту.
  • У Facebook ёсьць VIP-карыстальнікі, на якіх не распаўсюджваюцца звычайныя правілы мадэрацыі кантэнту. Больш за тое, некаторыя кіраўнікі сацсеткі могуць аднаасобна вырашаць, ці парушыў той ці іншы карыстальнік, напрыклад палітык або славутасьць, правілы Facebook.


Былая супрацоўніца Фрэнсіс Гаўген лічыць, што, кіруючы кампаніяй, Цукербэрг больш думае пра прыбытак, а не пра людзей. У выніку пад пагрозай аказваецца бясьпека карыстальнікаў.

На гэта заснавальнік Facebook заявіў: «Калі мы прымаем рашэньні, нам трэба балянсаваць паміж паняцьцямі сацыяльнай справядлівасьці, такімі як свабода слова і зьніжэньне шкоднага кантэнту або паміж укараненьнем шыфраваньня для канфідэнцыйнасьці і дапамогай органам правапарадку. Размова ў першую чаргу ідзе не пра наш бізнэс, а пра захаваньне балянсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG