У Беларусі ўжо дзейнічаюць ільготы для фізычных асобаў на ўвоз і набыцьцё электрамабіляў, якія тычацца нулявых мытаў і падатку на даданую вартасьць, вызваленьня ад транспартнага падатку і платнага гарадзкога паркінгу.
Цяпер палёгкі плянуецца распаўсюдзіць і на юрыдычных асобаў, паведаміў міністар эканомікі Аляксандар Чарвякоў. Па яго словах, урад прапанаваў шэраг навацый, у тым ліку на пашырэньне дзеяньня ўказу «Аб стымуляваньні выкарыстаньня электрамабіляў».
«Стымуляваць будзем як фізычных асобаў, так і юрыдычных, істотна пашыраем поле дзеяньня ўказу. Акрамя таго, тыя нормы, якія сёньня існуюць, будуць распаўсюджвацца ня толькі на легкавы транспарт, а таксама на грузавы і пасажырскі. Мы адразу ахопліваем практычна ўвесь спэктар колавага транспарту», — удакладніў кіраўнік ведамства.
Пры гэтым ва ўрадзе прызнаюць, што Беларусь хоць і абвесьціла пэўныя прэфэрэнцыі пад набыцьцё электракараў, але пакуль істотна адстае ў тэмпах электрамабілезацыі.
Летась на няпэўны час урад скасаваў абавязковае мыта для электрамабіляў, дзякучы чаму парк такіх машын адчувальна пашырыўся: ад некалькі соцень да прыкладна 5 тысяч на гэты момант. Але ў агульнай масе гэтая лічба нязначная, бо ў Беларусі зарэгістравана больш за 3 мільёны транспартных сродкаў.
Акрамя таго, арганізацыя спадарожнай інфраструктуры ўскладзена на няпрофільнае прадпрыемства «Беларуснафта», аднак хуткая электразарадка даступная толькі на 10% аўтазалівачных станцый. Пры ананасаваных магутнасьцях БелАЭС гэтая колькасьць мусіць быць непараўнальна большай, лічаць ва ўрадзе.