Пра Натальлю Хершэ і сытуацыю ў Беларусі мы пагутарылі зь вядомай баскетбалісткай Аленай Леўчанкай.
Год таму, 30 верасьня, Алену Леўчанку затрымалі ў менскім аэрапорце, калі яна зьбіралася вылецець на лячэньне ў Грэцыю. Ёй прысудзілі 15 дзён арышту за ўдзел у мірнай акцыі пратэсту, а пасьля «сутак» зноў судзілі і пакаралі штрафам.
У турме на Акрэсьціна Алена Леўчанка правяла некалькі дзён у адной камэры з Натальляй Хершэ.
«Натальля – баец»
«У камэры нас было трое палітычных, – расказвае Алена Леўчанка. – У нас забралі матрацы, падушкі, коўдры. Таму Наташа спала на століку, а я спрабавала ляжаць на лаўцы. Яна перажывала,што гэта адбылося празь яе, а я сказала, што гэта адбылося таму, што я тут. Натальля расказала, што пасьля арышту яе везьлі на Акрэсьціна ў аўтамабілі. У горадзе яшчэ стаялі «ланцугі салідарнасьці». Натальлі ўдалося хутка адчыніць акно і выгукнуць: »Жыве Беларусь!». Ад нечаканасьці кіроўца ўрэзаўся ў Audi. Супрацоўнікі пачалі на яе крычаць матам. Таму Натальля думала, што матрацы ў нас забралі, каб так адпомсьціць».
У Алены Леўчанкі была кніга Наполеана Гіла «Думай і багацей», якую яна змагла ўзяць з рэчаў з сабой у камэру. Натальлю зацікавіла гэтая кніга.
«Літаральна за два дні яна пасьпела яе прачытаць, потым Натальлю перавялі. Нядаўна яна напісала ў лісьце да брата, каб ёй прыслалі Наполеана Гіла ў магілёўскую турму, – кажа Алена Леўчанка. – Натальля – баец. Неяк да нас увечары ў камэру прыйшлі людзі ў балаклавах, загадалі ўстаць, павярнуцца тварам да сьцяны. Яны казалі, маўляў, вы хочаце, каб было як ва Украіне… Потым адзін зь іх спытаў, як у нас з харчаваньнем, ці патрэбна нешта? І тут Натальля паварочваецца і кажа, што 13,50 рубля (а там на сьценах вісіць інфармацыя, што пасьля выхаду за ўтрыманьне трэба плаціць такую суму за дзень) за такую ежу зашмат. Яна сьмела змагаецца за праўду. Тое, што яна са Швайцарыі прыехала ў Беларусь, шмат што гаворыць пра яе як пра чалавека».
«Яна натхняе ўсіх нас»
Паводле Алены Леўчанка, па лістах, якія Натальля Хершэ дасылае з турмы, можна павучыцца жыцьцю.
«Тое, як яна трымаецца за кратамі, яе лісты мяне натхняюць. Гэта моц, у мяне гэта выклікае захапленьне, – кажа Алена. – Яна стараецца быць на пазытыве, трымаецца і натхняе ўсіх нас. Хаця за кратамі гэта нашмат больш складана».
Натальля Хершэ ўжо тройчы адмовілася пісаць прашэньне аб памілаваньні, нядаўна яе перавялі з папраўчай калёніі ў турму.
«Тое, што Натальля адмовілася прасіць памілаваньня, мяне не зьдзіўляе. У гэтым Натальля Хершэ, яна ня будзе прабачацца, бо не рабіла злачынства. Яшчэ ў камэры яна мне казала: «Паглядзі, у мяне нават пазногцяў няма, як я магла падрапаць гэтага міліцыянта?» Усе гэтыя прысуды неспасьціжныя розуму. За што ёй прасіць прабачэньня? Я яе ў гэтым падтрымліваю. Але калі нехта напісаў альбо думае напісаць прашэньне аб памілаваньні, гэта іх уласная справа.Тут нельга гаварыць, правільна гэта ці не. Я іх не асуджаю. Гэта як хто і які боль можа пераносіць».
«Пакуль намаганьняў недастаткова»
Паводле Алены Леўчанка, магчымасьць вызваленьня Натальлі Хершэ з-за кратаў была, калі спартоўка накіравала адкрыты ліст прэзыдэнту Міжнароднай фэдэрацыі хакею, швайцарцу Рэнэ Фазэлю. У лісьце Алена пісала, як можна праводзіць чэмпіянат у хакеі ў Беларусі, «калі беларусы крычаць ад болю»? Яна напісала, што калі Рэнэ Фазэль хоча сустрэцца з Аляксандрам Лукашэнкам, то дзеля таго, каб швайцарка Натальля Хершэ «выйшла на волю як мага хутчэй».
«Калі я пісала Фазэлю ліст, гэта было магчыма. Бо тады ўсе гаварылі пра лёс чэмпіянату, а я казала пра лёс невінаватага чалавека. Я зьвярталася да Рэнэ Фазэля, але, як бачым, нічога не адбылося. І Фазэль тады пагадзіўся, што зрабіў памылку, – кажа Алена. – Я ня ведаю, ці ідзе цяпер нейкая паглыбленая праца, але мне вельмі хочацца, каб гэта спрыяла вызваленьню Натальлі. Пакуль нічога не чуваць, што Швайцарыя нешта робіць у гэтым пляне. Ва ўсякім разе, пакуль намаганьняў недастаткова. Але ў нас ужо 812 палітвязьняў».
Алена Леўчанка ў дзень нараджэньня зычыць Натальлі Хершэ моцнага здароўя, каб яна ведала, як багата людзей за яе перажываюць.
Посьпехі Леўчанкі ў Грэцыі
Алена Леўчанка ўваходзіць у ініцыятыву «Вольнае аб’яднаньне спартоўцаў Беларусі», створаную вядомымі беларускімі спартоўцамі супраць гвалту і свавольства ў краіне.
Яна вымушаная была пакінуць Беларусь. На пачатку году яна падпісала кантракт з грэцкім баскетбольным клюбам «Панатынаікос».
Пасьля турмы Алена перахварэла на ковід і, прыехаўшы ў Грэцыю, трапіла ў новую ізаляцыю праз локдаўн. Пасьля Алена стала чэмпіёнкай Грэцыі, хаця ў канцы сэзону атрымала дзьве траўмы калена.
«У мяне ў жніўні была апэрацыя, працягваю аднаўляцца. На будучыню ў мяне ёсьць варыянты, паглядзім, як усё будзе складвацца. Мне трэба вярнуцца ў клініку на пару тыдняў».
Ці ёсьць у спартоўкі магчымасьць прыяжджаць у Беларусь?
«Пры цяперашняй сытуацыі, калі ў Беларусі людзей ужо саджаюць за асабістае ліставаньне, ня кажучы ўжо за рэпосты, такой магчымасьці няма. Мая сям’я лічыць, што для мяне небясьпечна вяртацца ў Беларусь, хоць я вельмі хачу і пляную гэта зрабіць. Але, зыходзячы з таго, што адбываецца ў Беларусі, яны здольныя на ўсё і ніхто не абаронены, – кажа Алена. – Пакуль ніякіх спраў на мяне не заводзілі. Але мы жывём у такі жахлівы час, калі направа і налева заводзяцца крымінальныя справы, хоць ты ні ў чым не вінаваты. У мяне не ўкладваецца ў галаве, што пасадзіць у турму могуць за твае выказваньні. Адбываецца нейкі неадэкват. Хаця я, зразумела, хачу дадому, да родных і блізкіх».
«Страх – гэта самы моцны інструмэнт ва ўладаў»
У Беларусі засталіся бацькі Алены Леўчанкі.
«У мамы нядаўна быў дзень народзінаў. Год таму якраз у гэты дзень я выйшла з турмы пасьля «сутак». Мама сказала, што маё вызваленьне было для яе найлепшым падарункам. То бок маці радуецца, што дачку выпусьцілі з турмы, куды тая трапіла за выказваньне сваёй думкі. Яны мяне падтрымліваюць у любой сытуацыі, і гэта вельмі дапамагае. Наагул усё маё атачэньне, усе мае родныя і блізкія мяне падтрымліваюць».
Алена сочыць за падзеямі ў Беларусі. Яе хвалюе, што расьце колькасьць палітвязьняў, рэпрэсіі не спыняюцца.
«Страх – гэта самы моцны інструмэнт ва ўладаў для таго, каб кантраляваць людзей. Паказальныя арышты і справы патрэбны ім, каб прадэманстраваць сваю сілу. Гэта ўсё балюча, бо кожны раз ты даведваесься пра новыя рэчы, калі штодня чытаеш навіны. Вельмі цяжка псыхалягічна, бо мы ўжо жывём у гэтым больш за год, – кажа Алена Леўчанка. – У турме я была разам са звычайнымі крутымі людзьмі. Там я пераканалася, што мы ўсе на правільным шляху. Я вырашыла, калі я вызвалюся, я буду расказваць пра гэтых неймаверных жанчын, пра сваё ўтрыманьне там, усю праўду».
«Прыйдзе час, калі спартоўцы сядуць за стол перамоваў»
Алена адбыла «суткі» ў камэры без гарачай вады, без ацяпленьня, мэдыкамэнтаў, матрацаў, з адключаным зьлівам каналізацыі. Яна лічыць, што пасьля пачалі ствараць такія ўмовы для іншых палітычных. Цяпер яна атрымлівае шмат лістоў, у якіх людзі апавядаюць пра жахлівыя ўмовы свайго ўтрыманьня за кратамі.
«Я ні пра што не шкадую і цяпер зрабіла б дакладна гэтаксама. Шкадаваць можна тады, калі ты ўсьведамляеш, што зрабіў нейкую памылку, калі ты нешта парушыў. А калі ты толькі выказваў свае погляды мірным пратэстам альбо праз сацыяльныя сеткі, якія толькі і засталіся для гэтага, то якое можа быць шкадаваньне?! Я разумела, што зьняволеная за праўду, за імкненьне быць свабоднай, каб свабодна, бяз страху выказваць свае думкі. І таму для мяне было гонарам знаходзіцца ў турме, бо я там была за праўду, за імкненьне быць свабоднай. Падобныя адчуваньні былі на маршах, калі ты бачыш мноства людзей, якія хочуць таго ж».
Алена Леўчанка перакананая, што спартовец мусіць быць яшчэ і асобай.
«У нас у Беларусі ўвесь час спартоўцаў ставяць у рамкі. Нас, спартоўцаў, выкарыстоўваюць у сваіх нейкіх „плюсіках“, плюшках, але разам з тым табе кажуць: „Закрый рот“. Апроч таго, што мы спартоўцы, мы яшчэ грамадзяне сваёй краіны. Мы, магчыма, не палітыкі, але прыйдзе час, калі спартоўцы сядуць за стол перамоваў. Усё хутка мяняецца. У нас ёсьць голас, да нас людзі прыслухоўваюцца, мы займаем нейкае месца ў соцыюме. Мы ня маем права проста маўчаць, не зьвяртаць увагі, калі нейкія рэчы адбываюцца ў соцыюме, альбо рабіць выгляд, што там наогул нічога не адбываецца».