Паводле дадзеных сьледзтва, Сарказі падчас кампаніі для яго перавыбраньня прэзыдэнтам выдаткаваў прыкладна ўдвая больш, чым дазволена законам, перавысіўшы ліміт выдаткаў на кампанію на 22 мільёны эўра, а затым шляхам бухгальтарскіх махінацый спрабаваў замаскаваць залішнія расходы.
Сарказі адмаўляў віну, заявіўшы, што не займаўся фінансамі сваёй кампаніі і ня ведаў аб перарасходах.
Адвакат былога прэзыдэнта ўжо заявіў, што той падасьць апэляцыю. Нават калі яна будзе адхіленая, ён наўрад ці адправіцца ў турму ў гэтай справе, паколькі суд пастанавіў, што ён можа адбыць пакараньне дома з электронным бранзалетам.
Увесну Сарказі быў прызнаны вінаватым у яшчэ адной справе, зьвязанай з спробай подкупу супрацоўніка Касацыйнага суду, ад якога экс-прэзыдэнт спрабаваў атрымаць інфармацыю аб расьсьледаваньні нелегальнага фінансаваньня сваёй прэзыдэнцкай кампаніі. Яму прысудзілі тры гады пазбаўленьня волі, зь іх два ўмоўна. І ў гэтай справе экс-прэзыдэнт пакуль не адправіўся ў турму, бо падаў апэляцыю.
Нягледзячы на крымінальныя справы, Сарказі, які ўзначальваў Францыю ад 2007 да 2012 году (кампанія перавыбраньня была прайграная), застаецца ўплывовай фігурай для правацэнтрыстаў. Чакаецца, што яго падтрымка адыграе важную ролю пры выбары кандыдата ад правых на прэзыдэнцкіх выбарах, якія пройдуць налета.