Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля беларуска-польскай мяжы знайшлі некалькі трупаў


Польска-беларуская мяжа
Польска-беларуская мяжа

Сёньня ў польскіх і беларускіх сродках масавай інфармацыі зьявілася некалькі паведамленьняў пра трагічныя здарэньні ў раёне беларуска-польскай мяжы.

Раніцай радыёстанцыя RMF FM паведаміла, што ў Гібах на Падляшшы (недалёка ад стыку межаў Польшчы, Літвы і Беларусі) мясцовыя жыхары заўважылі групу з трох мігрантаў, верагодна, грамадзянаў Іраку. Хутчэй за ўсё, яны трапілі ў Польшчу зь Літвы.

«Ад моцнага пераахаладжэньня адзін чалавек памёр. Астатнія два былі дастаўленыя ў шпіталі», — апісвае здарэньне RMF FM.

Падобную інфармацыю атрымала Radio ZET, якое паведаміла: «У лесе каля Гібаў паліцыя знайшла цела цемнаскурага мужчыны. Хутчэй за ўсё, гэта ўцякач. Яшчэ два чалавекі, арыштаваныя паліцыяй у гэтым раёне, апынуліся ў шпіталі. Расьсьледаваньне гібелі мужчыны вядзе пракуратура з Сувалкаў».

Карэспандэнтка Radio ZET выявіла, што памежная служба таксама мусіла ўмяшацца ў сытуацыю ў гміне Міхалова на Падляшшы каля мяжы зь Беларусьсю.

Памежнікі выратавалі групу з васьмі мігрантаў, якія апынуліся на балотах у гэтай гміне, сямі зь іх спатрэбілася мэдычная дапамога. Адна з пераахалоджаных жанчын была дастаўлена ў шпіталь на верталёце, астатнія — на машынах хуткай дапамогі.

Пад вечар зьявілася новая інфармацыя ад памежнай службы. Каля 17.30 у нядзелю памежная служба апублікавала такі запіс: «Сёньня, 19 верасьня, у памежным зь Беларусьсю рэгіёне былі знойдзены целы трох чалавек. Далейшыя крокі ў гэтай справе праводзіць пракуратура».

Памежнікі не ўдакладнілі, ці ў лік гэтых трох уваходзіць той, што памёр іу ваколіцах Гібаў.

Тым часам Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў у сваім тэлеграм-канале пра тое, што каля беларуска-польскай мяжы знайшлі труп 39-гадовай жанчыны — грамадзянкі Іраку. Паведамленьне аб выяўленьні цела жанчыны без прыкмет жыцьця паблізу ад беларуска-польскай мяжы паступіла днём 19 верасня.

Цела было без абутку і, як паведамляе Сьледчы камітэт, пасьля першапачатковага агляду не выключаецца вэрсія, што сьмерць наступіла ад пераахаладжэньня.

Як паведамляе Дзяржпагранкамітэт Беларусі, цела жанчыны выявілі каля вёскі Лясная, што ў Гарадзенскай вобласьці, за мэтар ад беларуска-польскай мяжы. Побач з памерлай жанчынай было трое дзяцей ва ўзросьце як мяркуецца, ад 7 да 15 гадоў, а таксама мужчына і пажылая жанчына, паведамляе Сьледчы камітэт Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG