Губэрнатар штату дэмакрат Ральф Нортэм пастанавіў зьнесьці помнік яшчэ ўлетку 2020 году на фоне пратэстаў пасьля сьмерці пры затрыманьні паліцэйскімі афраамэрыканца Джорджа Флойда.
Мясцовыя жыхары падалі пазовы з патрабаваньнямі адхіліць рашэньне ўладаў. У адной з заяваў гаварылася, што штат у 1890 годзе ўзяў на сябе абавязаньне ахоўваць помнік. Пазовы дайшлі да Вярхоўнага суду, які іх адхіліў.
У ліпені помнік Лі зьнесьлі ў іншым горадзе Вірджыніі — Шарлатсьвілі.
За апошнія шэсьць гадоў было зьнесена больш за 300 помнікаў прадстаўнікам Канфэдэрацыі, каля 2 тысяч стаяць дагэтуль.
Робэрт Лі (1807–1870) быў адным зь вядучых палкаводцаў рабаўладальніцкай Канфэдэрацыі паўднёвых штатаў часоў Грамадзянскай вайны ў ЗША (1861–1865). Лічыцца найлепшым военачальнікам канфэдэратаў. Лі быў рабаўладальнікам, хоць, у адрозьненьне ад многіх сваіх паплечнікаў, не выступаў супраць адмены гэтай сыстэмы, што прадугледжвала 13-я папраўка да Канстытуцыі ЗША. У той жа час ён выступаў супраць раўнапраўя чарнаскурых амэрыканцаў. Для прыхільнікаў Канфэдэрацыі многія дзесяцігодзьдзі генэрал Лі быў палітычным і культурным сымбалем.
Джордж Флойд памёр увечары 25 траўня ў бальніцы Мінэапалісу, куды яго даставілі пасьля затрыманьня паліцыяй. Падчас затрыманьня паліцэйскі Дэрэк Шовін больш за дзевяць хвілін націскаў каленам на шыю Флойда, прыціскаючы яго да зямлі, хоць той скардзіўся на недахоп паветра. Мінакі, якія сталі сьведкамі дзеяньняў паліцыі, зьнялі затрыманьне Флойда на тэлефоны. Відэакадры паслужылі вырашальным доказам у расьсьледаваньні.
Мэдыкі, запрошаныя ў якасьці экспэртаў пракуратурай, заявілі, што Флойд памёр ад удушша. Шовіна суд прыгаварыў да 22 з паловай гадоў турмы. Ён не прызнаў віны. Эрык Нэльсан, адвакат Шовіна, настойваў, што прычынай сьмерці стала сардэчна-судзінкавае захворваньне, на якое пакутаваў Флойд, і наяўнасьць у ягоным арганізьме наркотыкаў у момант затрыманьня. Дзеяньні паліцыянтаў, паводле ягоных слоў, былі апраўданыя, бо Флойд актыўна супраціўляўся падчас арышту.
Пасьля сьмерці Флойда ў Злучаных Штатах стаў набіраць сілу рух за расавую справядлівасьць пад лёзунгам «Жыцьці цемнаскурых маюць значэньне». На фоне масавых акцый пратэсту былі зьнесеныя многія помнікі канфэдэратам.