Ноччу на 5 верасьня міліцыя правяла затрыманьні ўдзельнікаў фэсту «Аршанская бітва», які ў апошнія гады праводзіцца або падпольна, або без шырокай рэклямы. Паводле зьвестак «Вясны», затрымалі мінімум трох чалавек, у тым ліку шматгадовага арганізатара фэсту, аршанскага краязнаўца і журналіста Юрку Копціка.
Ва УУС Віцебскага аблвыканкаму заявілі, што інфармацыя пра затрыманьні на фэсьце «недакладная», бо ў Аршанскі райвыканкам не падавалі заявак на правядзеньне музычнага фэсту. Паводле інфармацыі прэс-службы сілавікоў, трое жыхароў Воршы 36, 62 і 64 гадоў былі затрыманыя каля 20:00 у лясным масіве ў Аршанскім раёне.
Мужчын затрымалі «за правядзеньне несанкцыянаванага мерапрыемства з выкарыстаньнем пратэставай сымболікі». Аднаго з затрыманых адпусьцілі пад абавязаньне аб яўцы.
Фэст бардаўскай песьні «Аршанская бітва» традыцыйна ладзіцца ў гонар перамогі ў бітве пад Воршай 8 верасьня 1514 году. Першы фэст адбыўся ў 1991 годзе. На пачатку 90-х на ім прымалі прысягу на вернасьць Беларусі.
Аднак пасьля прыходу да ўлады Лукашэнкі сілавікі пачалі перасьледаваць удзельнікаў фэсту, як гасьцей, так і выканаўцаў з арганізатарамі. Яны атрымлівалі штрафы і суткі зьняволеньня, а часта міліцыя спрабавала нават не пускаць людзей на Крапівенскае поле, дзе адбылася славутая бітва. Некалькі разоў дзеля гэтага поле аралі.
У апошнія гады фэст «Аршанская бітва» праз пільную ўвагу сілавікоў праходзіў фактычна падпольна — без шырокай рэклямы, аб’яўленьня складу музыкаў, якія выйдуць на сцэну, і не заўжды непасрэдна на Крапівенскім полі, а ў навакольных вёсках, каб унікнуць масавых затрыманьняў.
У апошні раз фэст меў вялікую колькасьць выступоўцаў і гасьцей у 2007 годзе, тады міліцыя на загад уладаў зладзіла масавыя затрыманьні яшчэ на аршанскім вакзале. Традыцыйна на фэст прыяжджаў і мастак Алесь Пушкін, які цяпер зьяўляецца палітвязьнем. Таксама сярод гасьцей быў яшчэ адзін цяперашні палітвязень, блогер Зьміцер Казлоў.
Перамога ў Аршанскай бітве
Гістарычная бітва пад Воршай адбылася 8 верасьня 1514 году. Гэта найважнейшы эпізод вайны Вялікага княства Літоўскага з Маскоўскай дзяржавай і адна з найбольш грандыёзных баталіяў на тэрыторыі Эўропы пачатку XVI стагодзьдзя. Тады 30-тысячнае войска ВКЛ на чале зь вялікім гетманам Канстанцінам Астроскім пасьпяхова супрацьстаяла большаму па колькасьці маскоўскаму праціўніку.
Гэта дало магчымасьць ня толькі вярнуць страчаныя дагэтуль землі, але і на шэраг гадоў забясьпечыць перадышку ад разбуральных набегаў з Усходу. Перамогу пад Воршай дасьледчыкі ставяць у адзін шэраг з такімі трыюмфамі беларускай зброі, як Грунвальд, Кірхгольм ды іншыя.