У паведамленьні СК згадваюцца два неназваныя каналы на YouTube, а таксама тэлеграм-каналы:
- NEXTA,
- NEXTA LIVE,
- LUXTA,
- PALCHYS,
- #МотолькоПомоги,
- «Ждановiчы сёння»,
- «Ждановичи 2020 — клуб любителей песен Цоя»,
- «Активная МАЯК ВКА»,
- «I I 0 ПАРТИЗАН чат»,
- «Новая Боровая 98%».
Сьледчы камітэт прапанаваў Міністэрству інфармацыі прыняць меры для абмежаваньня доступу да пералічаных рэсурсаў.
Экспэрт: «Немагчыма заблякаваць нейкі адзін канал у Telegram»
Раней Telegram спрабавалі заблякаваць у Расеі, але гэта не ўдалося. Падчас тэсту былі заблякаваныя некаторыя дзяржаўныя сайты, бо Telegram «зьвязаны з многімі іншымі сэрвісамі».
Пра гэта летась расказаў Свабодзе Міхаіл Дарашэвіч, выканаўчы дырэктар арганізацыі Baltic Internet Policy Initiative, якая займаецца лічбавымі мэдыя.
«Гэта плятформа, зьвязаная зь іншымі сэрвісамі, таму падчас яе блякаваньня яны таксама блякуюцца. Гэта, сярод іншага, сэрвісы абнаўленьня сыстэмаў Аndroid і іOS. У выніку падчас такога блякаваньня могуць пацярпець і самі дзяржаўныя органы», — кажа Міхаіл Дарашэвіч.
Немагчыма і заблякаваць нейкі адзін канал у Telegram без блякаваньня ўсяго сэрвісу.
Летась за месяц да выбараў першы намесьнік міністра ўнутраных спраў Генадзь Казакевіч параўнаў інтэрнэт з паветрам.
«З інфармацыйнага пункту гледжаньня проста глупства блякаваць ня толькі тэлеграм-каналы, але і якія-небудзь рэсурсы. Таму што інтэрнэт нельга забараніць, як нельга забараніць паветра.
Тым ня менш у выпадку пагрозы нацыянальнай бясьпецы, у выпадку пагрозы распаўсюду любой дэструктыўнай інфармацыі мы можам эфэктыўна блякаваць доступ карыстальнікаў нацыянальнага сэгмэнту да гэтых рэсурсаў», — сказаў тады Казакевіч.