Надзвычайнае становішча мае доўжыцца 30 дзён і дзейнічаць толькі ў прыгранічнай зоне. У Падляскім ваяводзтве яно ахопіць 115 мясцовасьцяў, а ў Люблінскім — 68.
Падчас прэс-канфэрэнцыі па выніках аўторкавага пасяджэньня ўраду прэм’ер-міністар Матэвуш Маравецкі сказаў:
— Мы павінны спыніць гэтыя агрэсіўныя гібрыдныя дзеяньні, якія адбываюцца паводле сцэнара, напісанага ў Менску і ў заступнікаў спадара Лукашэнкі.
Як заявіў прэмʼер-міністар, у сувязі з надзвычайным становішчам павінен быць уведзены каталёг абмежаваньняў, але без умяшаньня ў прафэсійную дзейнасьць жыхароў, у тым ліку тых, хто займаецца сельскай гаспадаркай
Міністар унутраных спраў і адміністрацыі Марыюш Камінскі сказаў, што ў зону надзвычайнага становішча будуць забароненыя любыя паездкі, там ня могуць ладзіцца мерапрыемствы і гэпэнінгі. Ён нагадаў, што 10 верасьня пачынаецца актыўная фаза вайсковых манэўраў расейскай арміі ў Беларусі.
— Мы павінны ўлічваць розныя віды правакацый. Гаворка ідзе пра бясьпеку нашых жыхароў, — сказаў Каміньскі.
Паводле дадзеных памежнай службы, у жніўні каля 3,2 тысячы чалавек незаконна спрабавалі перасекчы польска-беларускую мяжу.